Вы тут

«Пакуль я на матацыкле, мне нiчога не страшна!». Iнтэрв'ю з «Краю Зямлi», далей ад якога толькi пiнгвiны i Антарктыда


Хуткасць, драйв i буркатанне матора — вось тыя тры складнiкi, што робяць шчаслiвай нашу гераiню. Мiнчанка Кацярына Дубаневiч на момант размовы праз сецiва знаходзiлася ў кругасветнай вандроўцы ўжо 555 дзён (калi вы зараз чытаеце гэтыя радкi, то, вядома, лiчба iншая), праехаўшы больш за сто тысяч кiламетраў (тут таксама трэба рабiць папраўку ў бок павелiчэння). У скарбонцы ўражанняў у яе — безлiч найпрыгажэйшых месцаў нашай планеты i сотнi новых сустрэч, многiя з якiх перараслi ў моцнае сяброўства. З iншага боку, на ўласным вопыце яна зразумела, што падарожнiчаць не заўсёды проста — чатыры крадзяжы, адно ўзброенае рабаванне, дзве перанесеныя лiхаманкi, некалькi непрыемных падзенняў, замена рухавiка i вiзавыя праблемы... Але, нягледзячы на ўсё гэта, яна зноў садзiцца на свайго вернага сябра BMW F650 GS, якi мае ўласнае iмя Генры, i адпраўляецца заваёўваць новую краiну.


— Мая першая паездка на матацыкле была зусiм выпадковая. Мне было чатырнаццаць, i старэйшыя хлапчукi пракацiлi на зялёным «Кавасакi» па полi за горадам. Уражаннi ў такiм узросце моцна перабольшаныя, але менавiта гэты дзень можна лiчыць пачаткам маёй вялiкай любовi да двухколавай тэхнiкi. Было страшна, высокая трава балюча бiла па каленках, а шлем не падыходзiў па памеры i пастаянна спаўзаў на вочы, але адчуванне хуткасцi i пачуццё свабоды я запомнiла на ўсё жыццё, — прыгадвае дзяўчына.

Менавiта з гэтага моманту мотатэхнiка стала аб'ектам любовi i вывучэння нашай гераiнi. Аднак уласны матацыкл яна змагла набыць толькi праз дзесяць гадоў.

— Гэта быў беласнежны «Мiнск М4 200», маленечкi, на мой сённяшнi погляд, але ён здаваўся сур'ёзнай агрэсiўнай машынай у той час. Першыя паездкi былi вакол дома, затым вакол горада, i паступова кола iх пашырылася да краiны, а затым i кантынента, — працягвае суразмоўнiца.

Кацярына прызнаецца, што спачатку сядзець за рулём ёй было вельмi страшна i здавалася, што яна зусiм не ўмее ездзiць. Але з вопытам з'явiлiся i ўпэўненасць у сабе, i прага да вандровак.

Набыццё ўласнага транспарту стала не адзiнай цяжкасцю, з якой сутыкнулася матацыклiстка. Нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце жанчыны паспяхова асвоiлi мужчынскiя прафесii i захапленнi, у краiнах постсавецкай прасторы, а таксама ў некаторых дзяржавах з сур'ёзнымi рэлiгiйнымi асновамi яшчэ iснуюць гендарныя стэрэатыпы. Кацярына не раз выслухоўвала выказваннi пра тое, што яе месца на кухнi, а не за рулём, што матацыклы — гэта мужчынская зона i яна парушае яе межы. Але, нягледзячы на гэта, не апускала рукi i ў 2012 годзе здзейснiла сваё першае падарожжа.

— Гэта адбылося дзякуючы майму сябру Дзiму Навiцкаму. Я тады працавала менеджарам у адной кампанii, i мы рабiлi сумесны праект. Якраз у той момант набыла свой другi матацыкл. Дзiма зайшоў да нас абмеркаваць некалькi дэталяў супрацоўнiцтва i памiж iншым пацiкавiўся, чаму я не падарожнiчаю на iм, а яшчэ расказаў пра тонкую паласу сушы, якая злучае прыгожай звiлiстай дарагой Лiтву i Расiю i называецца Куршскай касой. Яго аповед моцна запаў мне ў душу. Ужо вечарам я сядзела перад манiторам, накiдваючы свой першы маршрут у «гугл. мапс» i складаючы спiс неабходных рэчаў для гэтага «мотадальнабою». Цяпер адлегласць у трыста кiламетраў для мяне здаецца нечым накшталт шпацыру ў суседнi двор, а тады гэта была дарога ў невядомасць. Не абышлося i без прыгод.

Як толькi я перасекла гранiцу Лiтвы, уляцела ў яму i прабiла пярэднюю шыну на маiм ружовым матацыкле. Далей — усё як у кiно. Бачу знак шынамантажу i павольна паўзу да яго на прабiтым коле. У дзвярах стаяць два механiкi, глядзяць на мяне i напэўна не разумеюць, што адбываецца. Мокрая, спатнелая ад напружання дзяўчына ў шлеме з ружовымi хвосцiкамi i на ружовым матацыкле крыва падпаўзае на спушчанай шыне i пагнутым колавым дыску. Мне пашанцавала, хлопцы хутка паставiлi ў шыну жгут, напампавалi кола, не ўзялi нi капейкi, расказалi, якую рыбу пакаштаваць у Нiдзе на Куршскай касе, i пажадалi шчаслiвай дарогi. Шырока ўсмiхаючыся i дзiвячыся такому прыёму ў незнаёмай краiне, я хутка даехала да Вiльнюса, замянiла шыну i яшчэ да вечара была ў Клайпедзе, а ранiцай атрымлiвала асалоду ад прыгажосцi дзюн i «Танцуючага» лесу, — прыгадвае Кацярына.

Не ўсе падарожжы нашай гераiнi былi настолькi ўдалыя, i за такi доўгi перыяд мотавандроўнiцтва яна выявiла для сябе шэраг мiнусаў. Першы — гэта, вядома ж, уразлiвасць: тое, што для аўтамабiлiста застанецца драпiнай на бамперы, можа паслужыць прычынай смерцi або цяжкiх калецтваў для матацыклiста. Другi мiнус — залежнасць ад надвор'я. Калi ваша падарожжа праходзiць у дождж, холад цi моцную спякоту, то экiпiроўка можа стаць даволi некамфортнай. Важную ролю адыгрывае грузападымальнасць i ўмяшчальнасць, а яна ў матацыкла значна меншая, чым у аўтамабiля. Трэба моцна пастарацца, каб узяць усё, што неабходна для працяглага падарожжа. Ну i вядома ж, асноўным мiнусам з'яўляецца вялiкая маральная i фiзiчная нагрузка на кiроўцу матацыкла. Хуткасць рэакцыi павiнна быць непараўнальна вышэйшая, чым за рулём аўтамабiля. Ад працяглай язды па дрэнных дарогах моцна стамляешся з-за напружання ўсiх цяглiц цела. Той, хто думае, што мотавандроўкi — гэта лёгка i проста, глыбока памыляецца.

— Зараз я знаходжуся ў Ушуаi (горад у Аргенцiне. — «ЧЗ».) — гэта мая 42-я краiна i самы крайнi пункт Паўднёвай Амерыкi пад назвай «Край Зямлi», далей толькi пiнгвiны i Антарктыда, — сказала на момант нашага iнтэрв'ю Кацярына. — Наогул падабаюцца ўсе месцы, дзе я пабывала. У мяне атрымлiваецца знаходзiць нешта цiкавае ў кожнай краiне, бо ўсе яны розныя i ўражаннi не толькi ствараюцца ад iх самiх у цэлым, але i дапаўняюцца рознымi сiтуацыямi i новымi знаёмствамi. Калi б мяне папрасiлi скласцi топ-3 любiмых краiн для падарожжаў, то я  назвала б Аўстралiю, Мексiку i Японiю. У хуткiм часе хацела адправiцца ў Бразiлiю, Марока i Непал.

Каб захаваць у памяцi ўсе свае вандроўкi i эмоцыi, Кацярына завяла электронны дзённiк у iнтэрнэце, дзе iмкнецца кожны дзень пiсаць пра тое, што бачыць.

— У першую чаргу гэты дзённiк быў для сябе, сяброў i родных. Але мне вельмi прыемна, што iншыя людзi знаходзяць натхненне ў маiх фотаздымках i апавяданнях. У дарозе я раблю серыю фатаграфiй у сукенках, каб не трацiць жаноцкасцi i злучыць выдатныя мясцiны з маiм настроем у той момант. Падарожжы сталi неад'емнай часткай мяне, без iх не ўяўляю свайго жыцця. Я ўсёй душой палюбiла Амерыку! Лётала на маленечкiм самалёце над знакам «Галiвуд», мыла прыбiральнi i адчышчала дамы ў Лос-Анджэлесе, дапамагала мiльянеру-паветраплавальнiку на будоўлi басейна, дзiвiлася снегу ў Гранд Каньёне, разглядала дэталi iнтэр'ера дома Элвiса Прэслi, блукала па затопленым саляным плата Баневiль, плацiла выкуп за скрадзены пашпарт у Мексiцы... Усё гэта толькi малая частка таго жыцця, якое можа быць у кожнага чалавека, у якога ёсць мэта i жаданне пазнаваць нешта новае, — упэўнена наша гераiня.

— Цяпер з многiх краiн прыходзяць трывожныя весткi адносна каранавiруса. Гэтая навала нейкiм чынам паўплывала на далейшыя планы? — спытала я праз нейкi час пасля iнтэрв'ю.

— Вядома ж, пандэмiя ўнесла ў iх свае карэктывы. Я прапрацоўвала варыянт авiяпералёту разам з матацыклам у Мадрыд, а потым у Мiнск. Але Аргенцiна закрыла ўсе гранiцы i адмянiла рэйсы ў Еўропу на 30 дзён. У цяперашняй сiтуацыi я прыняла рашэнне перачакаць пiк захваральнасцi ў маленечкiм мястэчку на мяжы з Бразiлiяй i Парагваем, а затым шукаць магчымасцi вяртання на наш кантынент.

Ангелiна НОВIКАВА, студэнтка III курса Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў

Фота з архiва гераiнi

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.