Вы тут

«Правасуддзе Спенсера». Кiно, якое дорыць дарэчнае пачуццё бесклапотнасцi


Праз распаўсюджванне COVID-19 не магу заклiкаць пайсцi на чарговы фiльм у кiнатэатр, таму гэтым разам, седзячы дома, адкрываем стрымiнгавую платформу Netflix i глядзiм яе навiнку «Правасуддзе Спенсера» — чарговую забаўляльную калабарацыю рэжысёра Пiтэра Бёрга i харызматычнага акцёра Марка Уолберга. Хоць прэм'ера карцiны адбылася 6 сакавiка, згодна з нядзельнай статыстыкай, яна застаецца самым папулярным запытам на IMDb. Легкавесна разыграныя баевiковыя патэрны ў прадказальным, крыху нязвязным, але бадзёрым сюжэце могуць стаць нядрэнным варыянтам для ўтульнага вечара ў самаiзаляцыi.


«Твая дурацкая мараль з кiно не працуе ў рэальным свеце», — транслюе адзiн з герояў хiтры выверт аўтараў, маўляў, стужка i ёсць рэальны свет альбо хоць неяк на яго паходзiць. Насамрэч, «Правасуддзе Спенсера» ад схемы сюжэта да дэталяў яе ўвасаблення, — вельмi кiношнае стварэнне. Гэта менавiта той фiльм, дзе адмоўны герой у вынiку бойкi доўга вымаўляе над адоленым працiўнiкам пераможныя словы, а той тым часам збiраецца з сiламi i вокамгненна мяняе дыспазiцыю. Шаблоны ў «Правасуддзi» паўсюль, пачынаючы з самой iдэi, згодна з якой прынцыповы i сумленны галоўны герой — таксама герой па сутнасцi — разбiраецца з маштабнай злачыннай змовай i перамагае.

Такiм чынам, Спенсер — былы бостанскi палiцэйскi, якi збiў афiцэра палiцыi Бойлана, сказаў, маўляў, так яму i трэба, i на пяць гадоў сеў у турму. У першы ж дзень вызвалення галоўнага героя Бойлан аказваецца забiты, у чым абвiнавачваецца, мяркуючы па ўсiм, невiнаваты, i Спенсер, замест таго каб стаць дальнабойшчыкам, вырашае разабрацца, што тут да чаго, тым больш што пытаннi да сумленнасцi Бойлана за пяць гадоў у турме нiкуды не дзелiся.

Урэшце герой аказваецца ледзь не ў адзiночку супраць вялiкай карупцыйнай сiстэмы, дзе галоўнымi функцыянерамi з'яўляюцца супрацоўнiкi палiцыi, што маюць свае iнтарэсы ў распаўсюджанні наркотыкаў i будаўнiцтве вялiкага казiно. Тут, дарэчы, можна зрабiць рэмарку пра падсвядомы дыскамфорт амерыканцаў, якi мiж радкоў транслюецца ў карцiне, бо палiцыя з'яўляецца вядомым сiмвалам улады, а тут амаль што атаясамлiваецца з крымiнальнай групiроўкай.

Але апроч гэтага ўмоўнага падтэксту ў супрацьстаяннi Спенсера з былымi калегамi няма больш канкрэтных адсылак да рэальнасцi — акалiчнасцi злачынства, бандыцкiя схемы, развiццё канфлiкту застаюцца ў межах выдуманага камедыйна-кур'ёзнага свету, якi будуецца на аб'езджаных ужо правiлах «як-утрымаць-гледача-каля-экрана». Тут дарэчы i манера бесшабашнай бестурботнасцi, у якой рухаецца расследаванне Спенсера, — тое, што трэба для ўражальных дзеянняў, бо дазваляе галоўнаму герою iсцi напралом i заадно смяшыць гледача. Гэты лёгкi поступ, напэўна, з'яўляецца асноўнай якасцю карцiны, якая ўяўляецца не тое каб да канца баевiком i не тое каб да канца камедыяй, затое бестурботным, дураслiвым адрывам, калi гэта можна палiчыць за жанр, — да канца.

Уплывовай, беспрынцыпнай i фiнансава забяспечанай бандыцкай групе Спэнсер — такi круты хлопец з намацаваным прэсам — супрацьстаiць у кампанii аматара ў крымiнальных справах, свайго новага суседа па пакоi Хоўка. Але ў кiно ўся гэта, здавалася б, безнадзейная справа працуе, i нават адзiнокая спроба ворагаў забiць Спенсера ператвараецца ў вiдовiшчную бойку з мачэтэ, выратаваннем у апошнi момант (яшчэ адзiн шаблон) i ўездам аўтамабiля ў кавярню. Усё ж персанажы Марка Уолберга добра б'юцца.

Для свайго несур'ёзнага сюжэта аўтары мiж тым стварылi добрае атачэнне. У фiльме, напрыклад, добра глядзiцца нуарная ўкрапiна — месца забойства Бойлана, якiм стаў парк школьных аўтобусаў, поўны жоўтых аднатыпных пагрозлiвых машын, што ў той жа час адсылаюць да дзiцячай нявiннасцi. Першая бойка фiльма адбываецца яшчэ ў турэмнай бiблiятэцы з яе прыглушана-сiнiмi i шэрымi колерамi, кнiгамi i сонцам за акном. А ў апошняй вырашальнай сцэне сваю ролю адыгрывае чорны блiскучы грузавiк Чорная Бэцi — гэты эпiзод, дарэчы, становiцца апафеозам немагчымай кур'ёзнасцi фiльма.

Бойкi, флэшбэкi, здымкi праз схаваную камеру — стракаты фiльм, можа, i не звязвае адно з другiм, але гэта нейкiм чынам упiсваецца ў яго бестурботнасць. Адпаведнае пачуццё становiцца яго галоўнай i дарэчнай вартасцю.

Стужку «Правасуддзе Спенсера» можна паглядзець на стрымiнгавай платформе Netflix — падпiска на яе каштуе ад васьмi да дванаццацi еўра ў месяц, але першы месяц будзе бясплатны.

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.