Вы тут

Эксперымент. Набываем ў лясніцтве бярозавы сок


Брэсцкія лесаводы традыцыйна першымі пачынаюць нарыхтоўваць бярозавік. Вось і цяпер ужо тысячы тон сыравіны здадзена на перапрацоўку, нямала рэалізавана насельніцтву. Гэтым разам, калі зімы не было наогул, на дзялянкі нарыхтоўшчыкі выйшлі на тыдзень раней, чым звычайна. На сайтах лясніцтваў з'явілася інфармацыя пра тое, як і дзе запісацца на куплю бярозавіку.


Найбліжэйшае ад Брэста лясніцтва — Мухавецкае, яно і забяспечвае сокам многіх гараджан. Асабліва зручна дабірацца тым, хто жыве ў паўднёва-ўсходняй частцы абласнога цэнтра: не трэба перасякаць увесь горад, выехаў у прыгарадную Камяніцу Жыравецкую — і трымай напрамак далей, у бок лесу.

На ўказаны тэлефон я пазваніла яшчэ ў пятніцу, думала, у выхадныя сям'я будзе з сокам. Але дзяўчына на тым канцы зверыла свае спісы і прапанавала толькі вечар серады: ахвотных купіць многа, а нарыхтоўшчыкаў у лясніцтве — паўдзясятка. Яна падрабязна растлумачыла маршрут, сказала, што трэба праехаць вёску Забалацце і стаць на ўзбочыне. Параіла таксама не забіваць у навігатар гэты населены пункт, бо электронны ўказальнік чамусьці выдае ўкраінскае Забалацце.

Раней мы тут асабліва не бывалі, таму прыехалі амаль за паўгадзіны. Адна машына ўжо стаяла, а потым падцягнуліся яшчэ дзевяць. Строга ў прызначаны час пад'ехаў нарыхтоўшчык Павел Амелянецкі, з тэлефона зверыў усіх па прозвішчах і заяўках на колькасць літраў і падаў знак рухацца за ім. Такім вось працяглым картэжам мы і заехалі ў лес, дзе Павел, нібы вопытны рэгуліроўшчык, хутка размеркаваў кліентаў па дзялянках 100-га квартала лясніцтва.

Там мы адно аднаму не перашкаджалі, самі хадзілі паміж бярозамі, адвязвалі мяшкі з сокам і напаўнялі свае бітоны. Надвор'е стаяла чароўнае. Амаль 15 градусаў цяпла, сонечна, ніякага ветру, ледзьве ўлоўны водар бярозавіку — сыходзіць з лесу не хацелася. Праўда, адразу ж давялося наракаць на ўласную неабачлівасць, што не ўзялі, правільней сказаць, забыліся ўзяць марлю, каб цадзіць сок. Бо мурашы, аказваецца, таксама чакалі сезону нарыхтоўкі і цэлымі гурбамі палезлі ў салодкі напой. Іх працэджваць і вылоўліваць давялося ўжо дома. Пра тое, што трэба ўзяць вёдры, дзяўчына па тэлефоне нагадала, а пра марлю — не, хоць варта было: трапляюцца ж такія во, як мы, не вельмі вопытныя пакупнікі.

Свае замоўленыя 80 літраў мы з сынам набралі менш чым за паўгадзіны, загрузілі ў машыну і накіраваліся на «блокпост» Паўла Амелянецкага. Там ён падлічыў суму, выпісаў квіток і ўзяў грошы. Выйшла з ПДВ усяго 13,6 рубля.

Сок прадаецца па 17 капеек за літр. Таму ахвотных набыць вітамінны напой нямала. Варта сказаць, што людзі прыязджаюць з рознай тарай. Неабавязкова набываць вялікія пасудзіны, як гэта зрабілі мы: адзін мужчына наліваў з дапамогай лейкі 5-літровыя бутэлькі. Іх стаяла дзясяткі два. Затое зручна і лёгка грузіць, можна справіцца нават аднаму.

Нарыхтоўшчык Павел Амелянецкі праводзіць разлік.

Некаторыя выправіліся па сок цэлымі сем'ямі. Валянціна і Пётр Білецкія прыехалі з унукамі. Малыя ўвесь час бегалі, смяяліся, тым самым стваралі асаблівы настрой нарыхтоўчай кампаніі. «Птушак яшчэ не чуваць, дык вы шчабечаце», — жартам ушчувала бабуля.

А наш ветлівы нарыхтоўшчык параіў уважліва праверыць сябе на прадмет кляшчоў, бо гэтыя крывасмокі не дрэмлюць. Мы толькі пасмяяліся, маўляў, на фоне каранавіруса гэта не выглядае праблемай. На што работнікі лесу запярэчылі: «У лесе тых паганых вірусаў дакладна няма, а вось кляшчоў — колькі хочаш». І мы вымушаны былі пагадзіцца. А яшчэ згадалі, што падчас любых эпідэмій ці сезонных захворванняў медыкі раяць піць болей вадкасці. А свежы бярозавы сок — ідэальны напой, багаты на вітаміны і мікраэлементы.

Мая выпадковая знаёмая па нарыхтоўцы падзялілася рэцэптамі закатак соку. Яна ставіць бярозавік абавязкова з кружком лімона альбо апельсіна. А нядаўна апрабавала новы спосаб вырабу квасу: на 15-16 літраў соку дадаць паўлі-тровы слоік штучнага мёду, размяшаць і пераліць у пластыкавыя бутэлькі. У халодным месцы ён будзе захоўвацца доўга і набудзе вельмі арыгінальны смак. Я ж вам у сезон нарыхтоўкі раю каву, звараную на бярозавым соку, — чароўны смак, скажу вам. І чай таксама выходзіць асабліва духмяны.

За якасць напою леснікі таксама адказваюць. Штогод сок бярэ на аналіз цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, вывяраецца каля 30 паказчыкаў. Так што шкодных прымесяў альбо радыяцыі ў нашым бярозавіку няма. А сезон нарыхтоўкі працягваецца. Як расказала памочнік ляснічага Мухавецкага лясніцтва Вольга ПАЎЛЮКАВЕЦ, цяпер майстрам лесу дапамагаюць пяцёра сезонных нарыхтоўшчыкаў. За першыя паўтара тыдня насельніцтву прададзена 25 тон соку, а ўсяго тут плануюць нарыхтаваць каля 100 тон. У цэлым жа Брэсцкі лясгас мае ў планах сабраць 335 тон гаючага напою.

У тэму

Калега напісала, што Старобінскі лясгас прадае сок не толькі ў лесе, але і на гандлёвых пляцоўках. Там цана, зразумела, адрозніваецца ў большы бок. У мінулыя гады даводзілася чытаць пра падобны вопыт Ваўкавыскага, іншых лясгасаў Гродзеншчыны. Але пад Брэстам ніхто гэтым не займаецца. Леснікі звычайна спасылаюцца на жорсткія санітарныя патрабаванні і малую выгаду праекта. Да таго ж сок — такі прадукт, які можна рэалізоўваць толькі цягам дня, таму, відаць, не знаходзіцца прадпрымальнікаў, якія жадаюць заняць гэтую нішу. У выніку для многіх катэгорый людзей, асабліва пажылых, тых, хто не мае асабістага транспарту, свежы сок застаецца недаступным прадуктам. На жаль. А ён вельмі карысны для ўсіх, асабліва для людзей з хранічнымі хваробамі нырак, іншых органаў. З даўніх часоў лічылі, што сок вясной прамывае ўвесь арганізм. Жыхары вялікага горада купілі б бярозавік значна даражэй, чым 15-17 капеек за літр, калі б хто яго прывёз.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Брэсцкі раён

Загаловак у газеце: Сродак ад вірусаў з сотага квартала

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра тое, як салдат купіў мыла, як сквапнасць давяла да дрэнных наступстваў, памылку дзяўчыны і не прыстасаванага да жыцця мужа.

Эканоміка

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

Хто валодае нерухомай маёмасцю альбо ўчасткам зямлi, ведае, як важна мець адпаведныя дакументы на сваю ўласнасць.

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.