Вы тут

Прэзідэнт анансаваў прыезд у Беларусь Сі Цзіньпіна


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая ў Беларусі Цуй Цымінам.


Каранавірус не паўплываў на палітычнае супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем — аб гэтым Прэзідэнт заявіў падчас сустрэчы ў Палацы Незалежнасці з паслом КНР Цуй Цымінам.

«Што да гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, я не заўважыў, што мы дзесьці праваліліся. Так, была нейкая паўза, вы ведаеце, яна не з Беларуссю звязаная, мы гэта ўспрымаем нармальна. Але, ведаце, не проста аднавіць наша супрацоўніцтва з Кітаем, але і нарасціць яго сёлета, пераадолеўшы адставанне нейкае, — у нашых сілах, і мы гэта зробім», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У цяперашні час прапрацоўваецца візіт старшыні КНР Сі Цзіньпіна, і кіраўнік дзяржавы папрасіў перадаць свайму сябру, што яго ў Беларусі вельмі чакаюць. Цёплае прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Сі Цзіньпіна перадаў і Цуй Цымін. Цікавыя праекты, у тым ліку гуманітарныя, ужо анансаваныя абодвума кіраўнікамі дзяржаў. Сярод іх будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту. 

«Я хацеў бы, каб падчас візіту старшыні КНР мы далі старт гэтым будоўлям. Гэта будуць узорныя будоўлі, я хацеў, каб у цэнтры Еўропы былі гэтыя два кітайскія аб’екты, на якіх будуць праводзіцца (і мы ўжо маем такія пацверджанні міжнародных арганізацый) буйныя міжнародныя спаборніцтвы», — падкрэсліў лідар Беларусі.

У Беларусі няма ніводнага выпадку завезенага з Кітайскай Народнай Рэспублікі каранавіруса

Па традыцыі апошніх дзён, зайшла гаворка і пра распаўсюджванне новага каранавіруса. Пазіцыя Беларусі вядомая, але Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу Пасла, што выпадкі каранавіруса аказаліся завезенымі.

«У нас гэты вірус не развіваўся. І больш за тое, мы не з’яўляемся і не з’яўляліся не тое што цэнтрам — нейкай кропкай, з якой пачаўся гэты вірус. Другое — з завезеных выпадкаў няма ніводнага з Кітая. Тут працуюць вельмі шмат грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі — ніводнага выпадку, завезенага з Кітайскай Народнай Рэспублікі віруса і грамадзянамі Кітая», — праінфармаваў Прэзідэнт.

Акуратная праца па выяўленні і прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі працягваецца. Справа не ў тым, што Беларусь не баіцца, і не ў каранавірусе як такім — справа ва ўсіх вірусах, якія ў гэты час ходзяць па Беларусі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы проста спрабуем рабіць гэта прафесійна і кропкава, сыходзячы ўжо з досведу — вашага і нашага. Мне кожны дзень ранкам дакладваюць становішча. Не было выпадку, каб мы задалі нашым кітайскім сябрам, спецыялістам пытанне, а яны нам не адказалі», — падзякаваў Прэзідэнт.

Паколькі выпадкі вірусу завезеныя, Беларусь акрэсліла краіны, прыезд з якіх кантралюецца, растлумачыў лідар дзяржавы.

«Мы ні з адной краінай не закрылі мяжу, таму да нас прыязджаюць розныя людзі, але ў аэрапорце (у асноўным гэта паветраныя зносіны) мы найсур’ёзнейшым чынам кантралюем тых, хто да нас прыбывае ў Беларусь», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён паведаміў, што тых, хто прыбыў, чакае абавязковы каранцін. І Аляксандр Лукашэнка спадзяецца менавіта такім чынам прайсці пік вірусных захворванняў, пасля чаго сітуацыя стабілізуецца аналагічна кітайскай. Дарэчы, парада даглядаць за старымі, якія найбольш схільныя да хваробы, таксама ад кітайцаў.
Па словах кіраўніка дзяржавы, у шпіталь з каранавірусам у асноўным трапляюць людзі з цэлым букетам спадарожных захворванняў, але беларускім урачам удаецца спраўляцца. Моладзь і валанцёры дастаўляюць сталым людзям лекі, прадукты харчавання. Валанцёрства будзе працягвацца і пашырацца, паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

«Робім гэта, зыходзячы з жыцця. Усялякае ў жыцці бывае, але галоўнае не панікаваць. Таму што я больш за ўсё баюся, што людзі «захварэюць» на псіхоз. Вось ад псіхозу будуць усе астатнія хваробы — так кажуць і спецыялісты», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь зімой двойчы накіравала Кітаю гуманітарную дапамогу для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса на агульную суму каля 600 тысяч долараў. Цуй Цымін выказаў Аляксандру Лукашэнку ўдзячнасць ад кітайскага народа і ўрада за падтрымку.

«Апошнім часам Кітай і Беларусь разгарнулі цеснае супрацоўніцтва па сумеснай барацьбе з эпідэміяй пнеўманіі, якая выклікаецца новым тыпам каранавіруса. Пасля выяўлення каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі кітайскі бок глыбока суперажывае і ўсебакова падтрымлівае меры па прафілактыцы і кантролі», — паведаміў журналістам Пасол.

Дарэчы, міграцыйныя і візавыя абмежаванні адносна замежных краін урад самой КНР не ўжываў. Кітай у ініцыятыўным парадку не спыняў авіязносіны ні з адной замежнай дзяржавай. Колькасць замежных рэйсаў скарочана праз іх нерэнтабельнасць на фоне значнага зніжэння пасажыраплыні.

З 16 сакавіка ўсе грамадзяне, якія прыбываюць у Пекін з-за мяжы, мусяць прайсці абавязковае медыцынскае абследаванне на наяўнасць віруса і знаходзіцца на 14-дзённым каранціне за ўласны кошт.

Варвара Марозава

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра тое, як салдат купіў мыла, як сквапнасць давяла да дрэнных наступстваў, памылку дзяўчыны і не прыстасаванага да жыцця мужа.

Эканоміка

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

Хто валодае нерухомай маёмасцю альбо ўчасткам зямлi, ведае, як важна мець адпаведныя дакументы на сваю ўласнасць.

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.