Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя навіны ў сусветным і беларускім спорце.


1.  Адтэрміноўка правядзення летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа не выключана. Такі варыянт магчымы, калі нельга будзе правесці спаборніцтвы ў звычайным фармаце. Пра гэта, выступаючы ў парламенце, заявіў прэм'ер–міністр Японіі Сіндзо Абэ. «Пазіцыя Міжнароднага алімпійскага камітэта адпавядае курсу на правядзенне Алімпіяды ў поўным фармаце. Калі ажыццявіць гэта стане немагчыма, то трэба будзе прыняць рашэнне аб адтэрміноўцы, зыходзячы з таго, што мы ў першую чаргу павінны думаць аб спартсменах, — сказаў Сіндзо Абэ. Ён таксама падкрэсліў, што рашэнне з нагоды правядзення Алімпіяды прымае МАК, і на дадзеным этапе пытанне аб адмене Гульняў не стаіць.

Тым часам алімпійскі камітэт Канады выступіў з заявай, што не будзе адпраўляць спартсменаў на летнюю Алімпіяду 2020 года, калі Гульні не перанясуць на год з-за каранавіруса. «Канадскія камітэты прынялі рашэнне не адпраўляць каманды на Алімпійскія і Паралімпійскія гульні летам 2020 года і настойліва заклікаюць Міжнародны алімпійскі камітэт, Міжнародны паралімпійскі камітэт і Сусветную арганізацыю аховы здароўя перанесці гульні на адзін год. Мы перажываем разгар глабальнага крызісу ў галіне аховы здароўя, які значна важнейшы за спорт», — адзначаюць канадцы.

З аналагічнай заявай выступіў НАК Аўстраліі, які адзначыў, што ва ўмовах пандэміі каранавіруса сабраць каманду да Алімпіяды–2020 немагчыма, і яны будуць рыхтавацца да правядзення галоўных стартаў у наступным годзе.

2. Чэмпіянат свету па хакеі 2020 года адменены, паведаміла Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF). Рашэнне было прынята ў сувязі з пандэміяй каранавіруса COVID—19. Уліч-ваючы бягучыя абставіны і наступныя, абмеркаваныя з рознымі зацікаўленымі бакамі, Савет IIHF вырашыў, што чэмпіянат свету ў Цюрыху і Лазане не можа адбыцца. «Гэта жорсткая рэальнасць для міжнароднай хакейнай сям'і, але мы павінны з ёй змірыцца. Каранавірус — гэта глабальная праблема, якая патрабуе значных намаганняў з боку дзяржаўных органаў для барацьбы з яго распаўсюджваннем. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць гэтую барацьбу. Мы павінны пакуль адкласці спорт і падтрымаць як дзяржорганы, так і хакейную сям'ю», — сказаў прэзідэнт IIHF Рэнэ Фазель.

У паведамленні Міжнароднай федэрацыі хакея адзначаецца, што няма магчымасці перанесці турнір гэтага года ў іншую краіну. Рэнэ Фазель таксама расказаў, што чэмпіянат свету ў Мінску і Рызе, які павінен адбыцца ў 2021 годзе, можа быць перанесены на 2022 год.

3.Стартаваў 30–ы чэмпіянат Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі па футболе. Чэмпіёны краіны футбалісты брэсцкага «Дынама» ў сябе дома згулялі ўнічыю са «Смалявічамі», якія вярнуліся ў вышэйшую лігу, — 1:1, уладальнік «серабра» барысаўскі БАТЭ прайграў на выездзе мінскаму «Энергетыку—БДУ» — 1:3, а бронзавы прызёр салігорскі «Шахцёр» у сябе дома саступіў жодзінскаму «Тарпеда—БелАЗ» з вынікам 0:1. З такім жа лікам мінскае «Дынама», якое заняло ў мінулым годзе 4-е месца, прайграла на сваёй арэне дэбютанту вышэйшай лігі брэсцкаму «Руху». Бабруйская «Белшына» не ўтрымала перамогу над футбалістамі «Мінска», саступіўшы з лікам 1:3. З першай пяцёркі чэмпіянату краіны 2019 года перамаглі толькі футбалісты «Іслачы», якія перайгралі на полі ФК «Мінск» гасцей з гродзенскага «Нёмана» з мінімальнай перавагай — 1:0. З такім жа вынікам «Віцебск» у сябе дома ўзяў верх над «Гарадзеяй». Футбалісты «Слуцка» з лікам 3:1 перайгралі на сваім полі мазырскую «Славію».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.