Вы тут

Беларускі фестываль BelarusDocs прадставіць тры нацыянальныя прэм'еры


Чарговы кінафэст BelarusDocs, падчас якога можна на адмысловай платформе глядзець кіно анлайн, пройдзе з 7 да 13 красавіка і за гэты тыдзень пакажа сем беларускіх дакументальных фільмаў. Падзея адбудзецца ўжо трэці раз — папярэднія праходзілі ў 2016 і 2018 гадах, — але сёлета праз сітуацыю з каранавірусам прыйдзецца асабліва дарэчы. Трэці BelarusDocs да таго ж не толькі пакажа кіно, але і ўручыць нефармальны «Прыз глядацкіх сімпатый», у вызначэнні якога можа паўдзельнічаць кожны глядач.


Кадр з фільма «Дэбют».

Ініцыятыва вартая яшчэ і таму, што становіцца адной з нямногіх магчымасцяў беларусам убачыць айчынныя дакументальныя карціны, а сустракацца з такім запытам даводзіцца часта: док робіць сабе славу на міжнародных пляцоўках, атрымлівае прызы на замежных кінафестывалях і ўрэшце адлюстроўвае нашу рэчаіснасць, але амаль што недаступны звычайнаму гледачу.

Анлайн-кінафестываль разгорнецца на платформе belarusdocs.com: кожныя дваццаць чатыры гадзіны тыдня тут будзе даступны адзін фільм з праграмы. Некаторыя з іх ужо маюць фестывальны лёс, але будуць і нацыянальныя прэм'еры.

Часткай праграмы, напрыклад, стала стужка «Дэбют» Настассі Мірашнічэнкі, якая летась была вылучана на суісканне «Оскара» ад Беларусі і трапіла ў шорт-ліст прэміі. Прэм'ера фільма ў свой час адбылася на амстэрдамскім кінафестывалі ІDFA, што лічыцца дакументальнымі «Канамі». Гэта аповед пра тэатр у жаночай папраўчай калоніі, які паралельна з рэпетыцыямі спектакля засяроджваецца на некалькіх гераінях і расказвае, як жанчыны перажываюць зняволенне — як яны працуюць, гадуюць у турме дзіця альбо чакаюць спаткання з малым, што застаўся на волі. Апроч даволі эмпатычнага пранікнення ў жаночыя гісторыі, карціна паказвае закрыты ад звычайнага чалавека турэмны быт і тое, як аматарская тэатральная пастаноўка разбаўляе стройную завядзёнку.

Між тым адкрые BelarusDocs стужка «Трэнер» Вольгі Абрамчык, якая паказвалася на фестывалях Docudays у Кіеве, «Артдокфэст» у Маскве і мінскім «Лістападзе». Гэта пранікненне ў штодзённасць зборнай Беларусі па інтуітыўным футболе, дзе гуляюць невідушчыя, і яе самаадданага трэнера Алега Кірылава. Фільм суправаджае каманду ў яе падрыхтоўцы да адказнай гульні і ў тым ліку праз асобных гульцоў паказвае, як матывацыя і трэніроўкі спрыяюць, здавалася б, немагчымым рэчам.

У праграме кінафестывалю ёсць яшчэ два фільмы, раней ужо дэманстраваныя ў Беларусі. Цікавасць, па-першае, мусіць выклікаць «Цар гары» Андрэя Куцілы, зняты рэжысёрам яшчэ да яго вялікіх перамог з карцінамі «Стрыптыз і вайна» і Summa. Даволі каверзны фільм расказвае пра маладую сям'ю з малымі дзецьмі, што пераехала ў вёску з жаданнем займацца натуральнай гаспадаркай, але была хутка вымушана кінуць гэтую ідэю з-за бесперапынных бюракратычных працэдур і штрафаў.

Па-другое, на BelarusDocs можна пагрузіцца ў медытатыўна-назіральную работу «Перазімаваць» Евы-Кацярыны Махавай, дзе паказаны сезонны прытулак для старых людзей: на зіму яны пакідаюць свае адзінокія вясковыя хаты і едуць у месца, уласна такую ж хату, дзе нехта можа пра іх паклапаціцца. Дні праходзяць няспешна і марудна, а камера тым часам выхоплівае ўспаміны старых пра гаротнае мінулае, іх стрыманую камунікацыю паміж сабой і непазбежнае затуханне.

Апроч больш-менш вядомых беларускаму гледачу стужак на BelarusDocs адбудуцца тры нацыянальныя прэм'еры карцін, кожная з якіх належыць масцітаму беларускаму дакументалісту і знятая на студыі «Летапіс» «Беларусьфільма».

У праграму ўключаны нядаўні док Галіны Адамовіч «Лебедзі», што адлюстроўвае трэшавую работу хуткай дапамогі ў Светлагорску. Камера без літасці і паслабленняў накіроўваецца ў самую гушчу маргінальнага свету невялікага горада, якому штодзённа патрабуецца дапамога ўрача. Няпростае, а часам агіднае відовішча на прыкладзе светлагорскай «хуткай» — назва фільма адсылае да рабочага пазыўнога — пакажа, што ў рэальнасці можа азначаць клятва Гіпакрата.

Традыцыйная для нашай дакументалістыкі тэма вёскі мудрагеліста ўвасобілася ў фактурным фільме «Полацкі вальс» Вольгі Дашук пра вясковага гарманіста і кампазітара Васіля Граноўскага. Ён піша музыку па замовах, кіруе мясцовым хорам бабулек, возіць іх на выступленні і ўвогуле займаецца бурнай дзейнасцю ў даволі пашарпаным асяроддзі — і ў выніку сапраўды «робіць» фільм Вольгі Дашук. Цікавы сам па сабе герой становіцца правадніком у неналаджаныя, але сімпатычныя вясковыя будні, тут жа можна будзе пачуць музыку яго аўтарства.

Нарэшце, BelarusDocs пакажа зусім свежую карціну «Фальклор і жыццё» Юрыя Цімафеева — шэраг узноўленых акцёрамі нацыянальных рытуалаў і абрадаў. Фільм атрымаўся даволі гарэзлівы, бо беларускія традыцыі маюць справу і з фаласамі, і з аголенасцю, і са свабоднымі поглядамі на шлюб. Рознага кшталту рэканструкцыі мінулага, знятыя Юрыем Цімафеевым паэтычна і метафарычна, утвараюць яркае відовішча, з якога апроч іншага можна і пасмяяцца.

Фестываль з'яўляецца некамерцыйным праектам, таму яго можна падтрымаць на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака». За час двух мінулых «беларусдоксаў» чатырнаццаць праграмных фільмаў былі прагледжаны больш за дзевяць тысяч разоў у пяцідзесяці сямі краінах свету.

Для таго каб стаць сябрам журы, што прызначае Прыз глядацкіх сімпатый, трэба быць знаёмым з усімі сямю ўдзельнікамі праграмы.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Перавеснаваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».