Вы тут

Што пачытаць у сакавіцкім нумары «Алесі»


Валерыя Арланава: «Мой любімы рэжысёр — мой муж...»


Упершыню пра актрысу загаварылі пасля выхаду фільма «Павадыр» у 2001 годзе, хоць дэбютавала Валерыя Арланава ў кіно яшчэ ў 1992-м, студэнткай Беларускай акадэміі мастацтваў. За гэтыя гады — сотні сыграных роляў, яркіх і незабыўных вобразаў у тэатры і кіно.

У сакавіцкім нумары «Алесі» — лаўрэат міжнародных тэатральных фестываляў і кінафестываляў, вядучы майстар сцэны Тэатра кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Валерыя Арланава. У інтэрв'ю актрыса расказала, якіх герояў ёй цікава іграць, што мацней за ўсё стымулюе да работы, ці плакала яна з-за роляў, як гэта — быць замужам за рэжысёрам і што яна шануе ў сваёй прафесіі. «Акцёрства як горб, — лічыць гераіня, — ад яго і хацеў бы, але не пазбавішся. Хоць у апошні час у мяне з'явіўся новы запал. Змагаюся з глабальным пацяпленнем: высаджваю кветкі і дрэвы на грамадскай клумбе каля дома».


Жрыцы ежы

Ці задумваліся вы, што нашы адносіны з ежай падобныя да нашых адносін з роднымі і партнёрамі? Хочацца, каб яна заўсёды была даступная, асабліва калі нам дрэнна.

У дачыненні да ежы ўвогуле шмат розных пачуццяў узнікае. Крыўда, што смажаная бульбачка такая смачная і немагчыма спыніцца. Злосць на пірожнае, што дадае лішнія кілаграмы. Сорам, што падчас багатай вячэры зноў пераеў. Страх, што не хопіць ежы. Віна ад думкі, што мы прыносім неспакой навакольным сваімі «харчовымі паводзінамі».

А на самай справе гэта натуральная патрэба, задавальненне якой выклікае радасць. Што ж перашкаджае нам будаваць з ежай нармальныя адносіны? Здаровае стаўленне да ежы — гэта магчымасць творчасці, аналізу і выбару. Яно зусім не падобна на неўсвядомленае і некіраванае паглынанне ўсяго без разбору альбо на жорсткія абмежаванні з пагрозай для жыцця.

Як наладзіць такія адносіны з ежай, каб яны прыносілі радасць і задавальненне? Гэтак жа, як і любыя іншыя адносіны: адчуць сябе, выбудаваць межы з асяроддзем (аддзяліць сябе ад іншых, каб не есці «за кампанію»). Першае, што неабходна, — гэта развіць цялесную адчувальнасць (адрозніваць голад, насычэнне, агіду). Другое — «прапампаваць» эмацыянальную ўсвядомленасць (умець разбірацца, што мы адчуваем у кожны канкрэтны момант). Трэцяе — перагледзець перакананні, якія адносяцца да харчовых паводзін, але састарэлі і перашкаджаюць знізіць вагу. Падысці да гэтага працэсу творча, з цікаўнасцю, знайсці аднадумцаў.

Каб даведацца, ці ёсць у вас расстройства харчовых паводзін, «Алеся» падрыхтавала тэст. А пра спосабы выбудаваць здаровае стаўленне да ежы расказала Таццяна Левіна, дзіцячы, падлеткавы і сямейны псіхолаг, гештальт-тэрапеўт.


Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці

Занятак рыбнай лоўляй вядомы на нашых землях з часоў палеаліту: да распаўсюджання земляробства гэта была адна з асноўных крыніц існавання мясцовага насельніцтва. Пра тое сведчаць і знаходкі археолагаў на стаянках першабытных людзей: касцяныя кручкі, вастрыі гарпуноў, рыбіны косткі, сеткавыя грузілы. Выявы рыб сустракаюцца на тагачасных рэчах і ўпрыгажэннях. Косткамі замест іголак раней сшывалі адзенне, а з пазванкоў вялікіх рыб жанчыны рабілі пацеркі і завушніцы. Мабыць, такія ўпрыгажэнні былі нечым большым, таму што, паводле балта-славянскай міфалогіі, рыба — выразнік мужчынскага пачатку, яна атаясамліваецца з апладняльнай стыхіяй вады. Эратычна-шлюбная сімволіка рыбы тлумачыцца і ў славянскіх сонніках. Усім вядома: калі маладая жанчына пабачыць у сне вялікую рыбіну, то хутка зацяжарае і народзіць сына, калі дробную — то дзяўчынку. Калі ж тое бачылася пажылым людзям, гэта прадракала хваробу, бо рыба была яшчэ і адзнакай свету мёртвых.

Рыбалоўныя прылады здаўна ў нашых мясцінах былі вельмі разнастайныя. Яны падзяляліся на невады, сеткі, стаўныя пасткі, рухомыя пасткі, кручковыя снасці і ўдарныя прылады; таксама вылучалі зімовыя і летнія рыбалоўныя прыстасаванні. Многія з іх цяпер можна ўбачыць толькі ў музеях. Больш цікавінак, а таксама рэцэпты беларускіх рыбных страў чытайце ў матэрыяле этнографа Ларысы Мятлеўскай.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».