Вы тут

Не баяцца «чорнай рукі»


...Пачварны павук задае герою загадку: «Што на свеце мілейшае за ўсё?» — «Васіліса!» — адказвае закаханы хлопец, і павуцінне пачынае яго душыць. «Жыццё! Жыццё на свеце за ўсё мілейшае!» — даходзіць да героя. Чорна-белы фільм-казка «Васіліса Прыўкрасная» быў зняты амаль 80 гадоў таму, а гэты эпізод актуальны і ў нашы дні. Дакладней, асабліва ў нашы дні, калі навіны пра пандэмію каранавіруса, афіцыйныя звесткі і каментары дзяржаўных устаноў, галасы экспертаў, рэплікі блогераў і прыдумкі форумных троляў зліваюцца ў вялізную і нястрымную інфармацыйную плынь, у якой, здаецца, вось-вось захлынешся і паніка накрые цябе па макаўку.


Яшчэ дзіцем, паглядзеўшы згаданы вышэй фільм, я задумалася: калі жыццё на свеце за ўсё даражэйшае, то што ў наш, дзякаваць Богу, мірны час за ўсё страшнейшае? Шмат варыянтаў перабірала, пакуль з узростам змяняліся пэўныя арыенціры і каштоўнасці. Цяпер, здаецца, ведаю адказ. Самае страшнае — спусташальнае адчуванне бездапаможнасці, калі тваім блізкім дрэнна, балюча, небяспечна, а ад цябе нічога не залежыць. Калі зусім маленькае дзіця енчыць ад болю, аж заходзіцца, але не можа расказаць і растлумачыць, дзе баліць, і застаецца толькі чакаць медыкаў, да хрусту сціскаючы рукі. Калі дачцэ ўліваюць лекі праз катэтар, след ад якога застанецца потым надоўга. Калі пасярод ночы маму першы раз забірае «хуткая» з прыступам. Калі бацькаў сябар тэлефануе з работы і расказвае, што тата паламаў абедзве нагі...

Тое, што адбываецца цяпер, падобна на гісторыі пра «чорную-чорную руку», якія мы расказвалі адно аднаму ў дзяцінстве ў піянерскіх летніках. Толькі гэтым разам усё больш сур'ёзна, бо цалкам рэальна і блізка. Калі першыя захварэлыя на новы каранавірус былі выяўленыя ў Кітаі, свет, здаецца, яшчэ не зразумеў, што адбываецца. Але вірус рушыў па планеце імкліва і няўхільна, і навіны пра яго ўсё больш нагадвалі звесткі з фронту: першыя выпадкі заражэння ў Еўропе, у суседніх з намі краінах, у Беларусі, у тваім горадзе, на тваёй вуліцы...

Усе краіны свету прымаюць пэўныя захады па рэкамендацыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у залежнасці ад складанасці сітуацыі — ад стрыманых да самых жорсткіх мер. А людзі застаюцца самі сабой і, калі не ўлічваць стадны інстынкт, рэагуюць на крызісныя абставіны, якія склаліся, і спраўляюцца з панікай па-рознаму. Адны рванулі за горад, пакуль яго наогул не закрылі для выезду, другія селі на каранцін і падтрымліваюць адно аднаго, а таксама медыкаў, спяваючы з балконаў нацыянальны гімн і папулярныя мелодыі, трэція сышлі ў добраахвотную самаізаляцыю, пакуль сітуацыя не зменіцца да лепшага, і перайшлі на дыстанцыйныя работу і навучанне, чацвёртыя працягваюць жыць у звычайным рытме, не зніжаючы сацыяльнай актыўнасці, пятыя накупілі ў крамах прадуктаў доўгатэрміновага захоўвання і сродкаў гігіены, шостыя зладзілі валанцёрскія суполкі па дапамозе пажылым і састарэлым людзям як самым уразлівым у дачыненні да новага віруса...

Зрэшты, ёсць і добрая навіна. У адрозненне ад міфічнай «чорнай рукі», страшнай сваёй неадступнасцю і непрадказальнасцю, мы маем інфармацыю, што і як рабіць, ледзь не з кожнага праса — і гэта правільна! — паведамляюць пра меры прафілактыкі, падказваюць адрасы, куды звярнуцца ў тым ці іншым выпадку. Ды што там — беларусы нават станцавалі супраць каранавіруса. Міжнародная арганізацыя па міграцыі падтрымала сацыяльны флэшмоб #handwashdance аб правілах асабістай гігіены і паводзін падчас пандэміі, у якім сярод жыхароў розных краін паўдзельнічалі і мінскія танцоры. Іх відэа ў TіkTok паглядзела ўжо больш за 3,3 мільёна чалавек. Гэтымі ж днямі беларускія выканаўцы здымаюць новае музычнае відэа «No Panіc», каб падтрымаць суайчыннікаў і не паддавацца страху.

І, мабыць, вось яно, важнае, — нават знаходзячыся на адлегласці, падтрымліваць адно аднаго маральна, якія б меры засцярогі ні абраў кожны з нас. Многія межы закрыліся, але тэлефоны і інтэрнэт дазваляюць перадаць пажаданні здароўя і цёплыя словы, якіх, магчыма, менавіта цяпер не хапае нашым блізкім.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: mistika.pro

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.