Вы тут

Начныя i дзённыя дарогi


Цяпер пра што нi вазьмiся пiсаць, як у тым анекдоце, — выходзiць пра каранавiрус. Але ж жыццё не прыпыняецца з прыходам альбо сыходам эпiдэмiй, нават калi закрываюцца межы, аб'яўляюцца каранцiны, спыняецца транспарт. Праўда, як толькi грамадскi транспарт пачынае хоць крыху лiхаманiць, на першы план выходзiць хуткая дапамога пасажыру — таксi.


Нядаўна па тэлебачаннi бачыла некалькi перадач запар, дзе ўдзельнiкi размовы горача спрачалiся пра цяперашнiх аператараў паслуг таксi. Адны з iх — рэзiдэнты нашай краiны, другiя кiруюць з-за мяжы: канкурэнцыя, разборкi, праблем пакуль хапае, адным словам. I калi некаторыя думаюць, што кiроўцы таксi пры гэтым шмат зарабляюць, то гэта павярхоўнае меркаванне. Ва ўсякiм разе, не так даўно мне давялося камунiкаваць з адным студэнтам, якi спрабаваў падпрацоўваць таксiстам. Ён шмат расказаў пра асаблiвасцi работы.

Дык вось, уладкаваўся хлопец па рэкамендацыi свайго аднакурснiка, якi ўжо працаваў там. Адразу ж паставiлi на работу ў начную змену. I першае ўражанне склалася, што ноччу невялiкi прыгранiчны Брэст спiць, бо клiентаў за ноч было не вельмi шмат. Затое ўсе — каларытныя. I калi вечарам у асноўным ехалi да аўтавакзала альбо чыгуначнага вакзала, то ў поўнач «паказалi дарогу» маладому кiроўцы ў кругласутачны прадуктовы магазiн «На балоце».

Цiкава, што ў савецкi час гэту краму так назвала народная пагалоска, а потым назву ўзаконiлi i пазначылi вялiкай шыльдай. Проста гандлёвы пункт размяшчаўся на ранейшым ускрайку горада, далей былi сапраўды балоцiстыя мясцiны. Дык вось дзядзька грузна ўсеўся на пярэдняе сядзенне i скамандаваў: «Па дагон». На шырока раскрытыя вочы кiроўцы ён адрэагаваў з веданнем справы: «Ты, што, першы дзень працуеш, не ведаеш, куды па гарэлку ў гэты час людзi едуць?» Ну а потым ужо папулярна растлумачыў напрамак маршрута. Дарогай пасажыр не маўчаў, расказаў амаль усю бiяграфiю. Пра два свае няўдалыя шлюбы ўспомнiў i вывад зрабiў нечаканы: «Я спiўся, бо рана ажанiўся, абедзве аднолькава мяне пiлавалi, — i параiў: — Не рабi маiх памылак, не жанiся рана». Гэтага пасажыра давялося чакаць каля крамы, потым везцi дадому. А пасля яго ў салон ускочылi таксама не вельмi цвярозыя, але вельмi нафарбаваныя кабеты гадоў... у раёне сарака. Яны адразу пачалi высвятляць квалiфiкацыю кiроўцы, яго працоўны стаж. Маўляў, можа, ты бацьку замяняеш, i наогул, невядома, цi ёсць у цябе правы. Давялося iм прад'явiць пасведчанне, расказаць, што патрэбны стаж кiравання машынай i адпаведныя дакументы на работу маюцца. Дамачкi, якiя з усiх сiл iмкнулiся дэманстраваць манеры амаль што арыстакратак, ехалi, як высветлiлася, не на «дваранскi сход», а ў начны клуб. Пры гэтым яны прынялi ладную дозу аперытыву дома i адчувальна перабаршчылi з парфумай. Пасля iх высадкi давялося адкрываць дзверы насцеж i грунтоўна прадзьмуць начным паветрам аўтамабiль.

«Усе астатнiя пасажыры той начной змены былi адносна спакойныя, у размовы асаблiва не ўступалi, адносiн з кiроўцам не высвятлялi, нават навявалi сум, — расказваў далей таксiст. — Запомнiлася толькi адна, непрыемна запомнiлася, бо, усаджваючы ў машыну мацi, моцна крычала на старую. Пажылая жанчына была з яўнымi праблемамi, але ж цi гэта нагода так лаяць яе, ды яшчэ пры староннiм чалавеку?..» На жаль, бываюць такiя адносiны бацькоў i дзяцей — гэтую выснову зрабiла я, а мой малады суразмоўнiк выказаўся куды больш радыкальна.

I тады я сказала: «Можаш пачынаць пiсаць кнiгу, як Георгiй Газданаў». Дарэчы, цудоўны рускi пiсьменнiк першай хвалi паслярэвалюцыйнай эмiграцыi. Жыў у Парыжы, надзвычай таленавiты лiтаратар, але на жыццё вымушаны быў зарабляць, працуючы таксiстам. Напiсаў цiкавую кнiгу «Начныя дарогi» менавiта пра сваiх пасажыраў i жыццё начнога горада.

Але яшчэ праз дзень работы ён аб'явiў, што з кнiгай не атрымаецца. Калi за першую начную змену ўдалося зарабiць прыблiзна 10 рублёў, то за другую, дзённую, якая ўмясцiла 16 паездак, у тым лiку далёка за горад, выручка склала... 1 рубель. Выручка застаецца ў канцы змены пасля таго, як аплачваеш арэнду машыны, запраўляеш яе, мыеш, з карткi здымаецца пэўны працэнт за выклiкi, а астатняе складае зарплату кiроўцы — вось пасля ўсiх вылiкаў i застаўся рубель. «Гэта яшчэ нiчога, — сказаў няўдачлiвы таксiст, — мог бы наогул выйсцi ў мiнус», — i звольнiўся. Што ж, студэнт, якога бацькi кормяць, можа сабе дазволiць папрацаваць два днi i звольнiцца.

...А ўчора iду каля нашага супермаркета, дзе звычайна стаяць машыны таксi, i бачу, як маладзенькi кiроўца старанна апрацоўвае сурвэткай дзверцы i ручкi машыны i заадно праветрывае, адчынiўшы ўсе дзверы адразу. Правiльна робiць: каранавiрус рушыць па планеце. Не забывайцеся i вы, шаноўныя чытачы, пра меры бяспекi. А яшчэ памятайце, што, як усе на свеце навалы, сыдзе i гэтая. Не забывайце заўважаць, як надыходзiць вясна. Сайт Белавежскай пушчы, мiж iншым, паведамiў: расцвiлі пралескі.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Прэв'ю: tripadvisor.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

«Разумныя» гарады. Як лiчбавiзацыя зменiць наша жыццё?

«Разумныя» гарады. Як лiчбавiзацыя зменiць наша жыццё?

Наступны этап — стварэнне разумных гарадоў.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.