Вы тут

“Беларускія чытанні” ў Даўгаўпілсе


Упершыню ў латышскім горадзе прайшла міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні: Мова. Кніга. Адукацыя” — і з вялікім грамадскім рэзанансам!


Атмасфера на чытаннях — святочная

У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) упершыню зладзіў і правёў канферэнцыю, у якой паўдзельнічалі навукоўцы, даследчыкі з Латвіі ды Беларусі. То была, як кажуць, доўга думаная й лёгка зробленая справа, і вынікі перасягнулі ўсе чаканні.

Новая традыцыя да Дня роднай мовы

Мэта “Беларускіх чытанняў” — вывучэнне культурных сувязяў Латвіі ды Беларусі, гісторыі беларускай дыяспары Латвіі, наладжванне сувязяў з навукоўцамі й даследчыкамі, якія працуюць у гэтых напрамках. Пра тое згадала ва ўступнай прамове кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, выказаўшы надзею, што пачынанне стане штогадовай традыцыяй у Міжнародны дзень роднай мовы. Намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі адзначыў актыўнасць ЦБК й Беларускага таварыства “Уздым” у правядзенні цікавых імпрэзаў і пажадаў канферэнцыі поспехаў. Консул Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч падкрэсліў важнасць вывучэння культурнай спадчыны абедзвюх краін і таксама выказаў надзею, што першая канферэнцыя будзе мець працяг.

Між Латвіяй і Беларуссю здаўна былі адладжаны цесныя сувязі, у тым ліку й культуралагічныя, але яны, на жаль, мала вывучаны. Тое адзначылі шматлікія ўдзельнікі канферэнцыі, сёлетнія ж тэмы іх дакладаў лагічна вызначылі падтэму “Беларускіх чытанняў”: размова ішла пра мову, кнігу, адукацыю.

Займальныя даследаванні, цікавыя даклады

Выступленні дакладчыкаў з Мінска, Віцебска, Даўгаўпілса выклікалі цікавасць у аўдыторыі. Для многіх, напрыклад, адкрыццём стала тое, што ў латгальскага буквара ёсць беларускія карані, а беларускі буквар калісьці друкаваўся ў Латвіі. Пра тое захапляльна расказаў намеснік гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша (Мінск). Ён распавёў пра фармаванне латгальскага пісьменства, пра вельмі багатую беларускую, латгальскую, латышскую кніжную спадчыну, пры тым адзначыў: беларусы заўсёды дапамагалі латышам, а латышы беларусам у кнігадрукаванні. Дарэчы, буквары Міхаіла Рота з Дагды друкаваліся й перавыдаваліся ў Вільні ды Полацку. Асаблівую ўвагу Алесь Суша надаў тэме вяртання ў Беларусь кніжнай спадчыны Францыска Скарыны й прэзентаваў шматтомнае факсімільнае выданне яго кніг, выпушчанае Нацыянальнай бібліятэкай.

Пра беларускія школы ў сістэме адукацыі ў міжваенны перыяд у Латвіі расказвала прафесар кафедры гісторыі Даўгаўпілскага ўніверсітэта Ірэна Саленіецэ. У 1920‑м у толькі што створанай маладой дзяржаве дзейнічаў закон аб адукацыі, які ўлічваў інтарэсы ўсіх этнічных груп жыхароў. У 1925 годзе ў Латвіі працавалі 37 беларускіх школ і гімназій!

Дзяржава выдзяляла фінансаванне з агульнага бюджэту адукацыі прапарцыйна працэнтнаму складу насельніцтва краіны. Беларусаў было амаль 2 адсоткі — такім быў і аб’ём дзярждатацый на школы. У працяг тэмы загадчыца гістарычнага аддзела Даўгаўпілскага краязнаўчага й мастацкага музея Валянціна Слаўкоўская прывяла дадзеныя пра беларусаў Даўгаўпілса на падставе перапісаў насельніцтва. Упершыню ўсіх пералічылі ў 1897‑м, і беларусамі сябе назвалі 2%. У 1935‑м колькасць беларусаў складала 3 адсоткі, у 1959‑м вырасла да 6. Пік прыйшоўся на 1995 год, калі ў Даўгаўпілсе налічвалася 9,04% беларусаў, а на дадзены момант нас — 7 адсоткаў. Дарэчы, прафесар кафедры гісторыі Даўгаўпілскага ўніверсітэта, доктар гісторыі Хенрыхс Сомс да канферэнцыі на інтэрнэт-рэсурсе Latgales datі стварыў раздзел “2020: Першыя беларускія чытанні”, дзе можна знайсці інфармацыю пра падзеі, асобы беларускай дыяспары нашага рэгіёну ў розныя гады.

За адным сяброўскім сталом

З даклада “Райніс — абаронца беларускай культуры” доктара філалогіі Валянціна Лукашэвіча слухачы даведаліся цікавыя падрабязнасці з жыцця паэта. У прыватнасці, пра тое, што дэпутат Райніс з трыбуны Сэйма падтрымаў аўтарытэтнага беларускага грамадскага дзеяча Канстанціна Езавітава. Ён жа выйграў суд у спрэчцы са значным Латгальскім грамадскім дзеячам Францысам Кемпсам, які вельмі непаважліва казаў пра беларусаў, якія жывуць у Латвіі. Магістр гісторыі, выкладчык кафедры гісторыі Даўгаўпілскага ўніверсітэта Дзмітры Аляхновіч закрануў некаторыя аспекты побытавага жыцця беларусаў у Латвіі ў часе Другой сусветнай вайны — даклад зроблены па матэрыялах акупацыйнай прэсы. Нацысты выдавалі газеты на рускай мове. Зноў былі адкрыты школы нацменшасцяў. Беларусы, якія былі апалітычныя, разрозненыя, і пры мабілізацыі на працы ў Нямеччыну пацярпелі ў значна большай ступені. Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта Святаслаў Кулік звярнуўся да праблемы культурных архетыпаў у беларускай ды латышскай культурах. А Максім Каралёў (той жа ўніверсітэт) закрануў тэму “Латвійскі ўплыў на захаванне й развіццё каталіцкай рэлігійнасці ў БССР”. Некаторыя са слухачоў канферэнцыі добра памятаюць часы, калі вернікі ехалі з Беларусі ў Латвію на касцельныя набажэнствы, каб прайсці споведзь альбо абрад хрышчэння дзіцяці, паколькі ў іх мясцовасцях касцёлы былі зачыненыя. Андрэй Герберг (той жа ўніверсітэт) распавёў пра латышскія паселішчы ў Віцебскай губерні на мяжы XІX — XX стагоддзяў. Латышы, якія мігравалі, жылі на хутарах, побач з беларусамі. Суседзі былі далучаны да традыцый іншага народа: як гучыць яго мова, як уладкаваны побыт сям’і, якія стравы ядуць, што носяць з адзення, святы якія адзначаюць і якія песні спяваюць. Такім чынам адладжваўся дыялог культур.

Алёна Ізергіна з Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы й літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі расказала пра свае цікавыя даследаванні. Яна вывучае беларускую школьную адукацыю як фактар захавання этнічнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа (на прыкладзе Літвы). А вучань 16‑й Даўгаўпілскай сярэдняй школы, сябар Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Валеры Медунецкі прадставіў прэзентацыю аб супрацы гарадоў-пабрацімаў Даўгаўпілса й Віцебска.

Па матэрыялах канферэнцыі будзе выдадзены зборнік. Мы спадзяемся, што “Беларускія чытанні” будуць штогадовымі, зацікавяць навукоўцаў як з Беларусі ды Латвіі, так і з іншых краін, якія вывучаюць балтыйска-беларускія сувязі.

Беларуская дыктоўка ў Балтыі

Паколькі канферэнцыя праходзіла ў Дзень роднай мовы, то дакладчыкі й слухачы “Беларускіх чытанняў” паўдзельнічалі ў напісанні дыктоўкі па беларускай мове. Дарэчы, сёлета ў фармаце анлайн яе пісалі адначасова ў трох краінах Балтыі: у Латвіі (Рыжская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы, Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры й таварыства “Уздым”, Екабпілскае таварыства “Спатканне”), Эстоніі (Беларускае таварыства ў Таліне), Літве (Вільнюская беларуская гімназія імя Францішка Скарыны), а таксама ў грамадскіх суполках Клайпеды, іншых гарадоў. Разам з беларусамі замежжа спрабавалі свае сілы ў філалогіі й дыпламаты Беларусі.

Дыктаваў тэкст з Вільнюса вядучы акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Арцём Давідовіч. А мы пісалі словы на роднай мове. Тэкст прысвячаўся творчасці Уладзіміра Караткевіча, 90‑я ўгодкі якога будзем адзначаць сёлета. У тэксце была й такая думка: пісьменнік быў цвёрда перакананы, што толькі пранікненне ў гістарычную памяць народа здольнае забяспечыць непарыўнасць ланцуга паміж мінулым, сучаснасцю й будучыняй ды перасцерагчы людзей ад памылак і няшчасцяў.

У полацкага кнігадрукара

Праграма канферэнцыі была разнапланавай. Прывабіла ўсіх (удзельнікаў, слухачоў, студэнтаў) анімацыйная праграма “У кнігадрукара”. Яе прадставілі артысты Тэатра гістарычнага касцюма “Полацкі Зьвяз” і грамадскага аб’яднання “Інтэграцыя ініцыятыў” з Полацка.

Уласнаручная пячатка на імянную грамату

 

Кожны ахвочы меў магчымасць уласнаручна паставіць сургучную пячатку на імянную, стылізаваную пад даўніну грамату. І забраць яе на памяць з надзеяй наведаць старажытны й цудоўны Полацк, бо на скрутку напісана: “Запрошаемы в место Полоцк, где София Святая светло на душу розливае, а Евфросиния премоцную ахову чинит. Тут покой денным суетам и роботам даемы, праздники и святы ладим”.

Выстава пра Уладзіміра Караткевіча

У плыні канферэнцыі “Беларускія чытанні” зладжана была перасоўная літаратурная выстава пра творчасць Уладзіміра Караткевіча (1930–1984) з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (Мінск), з якім у ЦБК ёсць пагадненне аб супрацы. “Быў. Ёсць. Буду” — гэта й верш класіка, і зборнік яго вершаў. Так названа й выстава пра жыццё й творчасць класіка, агляд яе вельмі прафесійна, эмацыйна, займальна зрабіла супрацоўніца музея Вольга Гулева. Яна адзначыла, што ў сваіх творах пісьменнік ствараў летапіс роднай зямлі, пра што сведчаць яго словы: “Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ў цэлым не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе й проста самапавагі…”. Выстава будзе даступная ў ЦБК да 31 сакавіка.

Дарэчы, Вячка Целеш, вядомы педагог, грамадскі дзяяч, адзін са стваральнікаў беларускай школы ў Рызе, старшыня Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”, кавалер Ордэна Трох Зорак, прадставіў на канферэнцыю даклад “Уладзімір Караткевіч і ўздзеянне яго творчасці на самасвядомасць беларусаў Латвіі”. Ён пазнаёміўся з пісьменнікам у 1976 годзе, калі той адпачываў у Юрмале. З ім завязалася перапіска, былі яшчэ сустрэчы. “Усяго я атрымаў ад Уладзіміра Караткевіча 9 ягоных кніг з вельмі дарагімі для мяне надпісамі-запаведзямі, якія ўсё жыццё натхняюць мяне працаваць на карысць Айчыны”, — падзяліўся дарагімі ўспамінамі Вячка Целеш.

Тэатр ценяў і конкурс малюнкаў

Умець пісаць па-беларуску — гэта сучасна

Уладзімір Караткевіч любіў гасцяваць у Латвіі, дзе ў яго было шмат сяброў, прысвяціў ёй “Казкі янтарнай краіны”. Гэта нарыс, лірычныя замалёўкі пра Латвію на аснове ўражанняў і рэальных гісторый, якія чаргуюцца з казкамі пра латышскую зямлю. Напісана ўсё паэтычна й алегарычна, з гумарам і павагай. А прэм’еру пастаноўкі “Казка пра срэбнага пеўніка” па матывах “Казак янтарнай краіны” ў фармаце й тэхніцы “тэатра ценяў” паказала наша тэатральная студыя “Паўлінка”. Казка тая апавядае пра тужлівае няроўнае каханне, пра спагадлівае сэрца пеўніка, які чуў песню зямлі й выратаваў свайго майстра Лата ад спалення на вогнішчы. Пеўнік па гэты час назірае са шпіля сабора Святога Пятра за парадкам у Рызе, заўсёды гатовы дабром перамагчы ліха. На дзіва захапляльнае й незвычайнае прадстаўленне ўсе глядзелі, затаіўшы дыханне.

“Казкі янтарнай краіны” — такі конкурс дзіцячых малюнкаў аб’явіў Цэнтр беларускай культуры. Паўдзельнічаць у ім могуць школьнікі ад 7 да 15 гадоў з Латвіі, Літвы, Эстоніі. Працы можна выконваць у любой тэхніцы, фармат паперы — А3 і А4. Малюнкі трэба да 1 лістапада прынесці альбо даслаць па пошце ў Цэнтр беларускай культуры Даўгаўпілса (Alejas іela, 68, Daugavpіls, Latvіja, LV‑5401). У электронным выглядзе працы не прымаюцца. Падвядзем вынікі, ушануем лепшых аўтараў ды адкрыем выставу малюнкаў пераможцаў — у лістападзе: да дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

На “Беларускіх чытаннях” былі й спяванні

Прыгожа й гарманічна дапаўнялі нашы “Беларускія чытанні” выступленні гуртоў “Купалінка”, “Пралескі”, “Спадчына”. Душэўныя песні пра родную мову, пра малую радзіму арганічна ўпляліся ў тэму канферэнцыі ды сталі лагічным завяршэннем новай, надзвычай цікавай імпрэзы.

Жанна Раманоўская, Марыя Памецька, Цэнтр беларускай культуры, г. Даўгаўпілс.

Фота: Марыя Памецька

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.