Вы тут

Раім схадзіць


Новы Гастрафэст, выстава «Нальшанскія сустрэчы»,  «Першы стэндап у свеце», Шляхі нямецкага мастацтва і іншае - афіша «Звязды».


Выставачны праект «Джаз! Каты! Вясна!»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 47

Калі: па 29 сакавіка

Колькі каштуе: 5 BYN

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запрашае Вас на вясновы выставачны праект «Джаз! Каты! Вясна», які ўжо стаў традыцыйным.

Праект «Сакавіцкія каты» пад куратарствам старшыні Міжнароднага грамадскага аб'яднання мастакоў і мастацтвазнаўцаў «Майстар» Сяргея Крыштаповіча ператварыўся ў маштабную выставу.

Выстава адлюстроўвае прыход часу, напоўненага сонцам, экспрэсіяй, музыкай джаза і вобразамі катоў. Пухнатыя стварэнні, якія жывуць у кватэрах і дварах, прыцягвалі ўвагу людзей яшчэ задоўга да нашай эры, натхнялі мастакоў і станавіліся персанажамі твораў мастацтва.

На выставе 2020 года кожная праца суправаджаецца кароткім эсэ, распавядае аб кантакце аўтара з каціным «паралельным светам». У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс Аляксандра Дзямідава, Алега Захарэвіча і Андрэя Равякова, графіка Сяргея Стэльмашонка, працы Любові Кірылавай, Веры Блінцовай.

Творы Галіны Лазарчык, Вольгі Лузан і многіх іншых — з большага аповяд аўтараў пра саміх сябе, бо часта чалавеку прыпісваюць каціныя звычкі, а саміх гадаванцаў цалкам ачалавечваюць. У рамках гэтага праекта былі запрошаныя музыкі, мастакі, наглядчыкі і іншыя неабыякавыя да мастацтва людзі для таго, каб яны маглі падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Усе апавяданні і віртуальныя шпацыры можна будзе паслухаць у фармаце аўдыягіда, запампаваўшы дадатак. Таксама ў рамках выставачнага праекта будуць праходзіць куратарскія экскурсіі, джазавыя канцэрты, фэшн-паказы і многае іншае.

Час працы: серада — нядзеля з 12:00 да 20:00. Выходныя: панядзелак, аўторак.


Месяц франкафоніі

lvz.de

Дзе: Французская медыятэка, г. Мінск, вул. Гікала, 4

Калі: па 27 сакавіка

Колькі каштуе: бясплатна

Франкафонія аб'ядноўвае ўсіх, хто любіць ці практыкуе французскую мову. Франкафонія заклікае да міжкультурнага дыялогу, да шматмоўя, а таксама да абмену народнымі мастацтвамі для таго, каб наша глабалізацыя набыла больш чалавечыя рысы.

Назіраючы пастаянны рост франкафонаў, франкафонія з'яўляецца сродкам арыгінальнага дыялогу, які ўплывае на культурныя, лінгвістычныя, юрыдычныя і нават гастранамічныя звычкі і навыкі. Франкафонія развіваецца ў рамках Міжнароднай Арганізацыі Франкафоніі, заснаванай 20 сакавіка 1970 года, якая на дадзены момант налічвае 88 краін-членаў, асацыіраваных членаў і назіральнікаў на ўсіх кантынентах зямнога шара.

Сумесна з іншымі пасольствамі-прадстаўнікамі франкафонных краін у Беларусі, а таксама пры ўдзеле школ, ліцэяў і ўніверсітэтаў, дзе вывучаюць французскую мову, Пасольства Францыі ў РБ прадстаўляе праграму, заснаваную на двух асноватворных прынцыпах — адзінства ў разнастайнасці.

Праграма:

18 сакавіка, 18:00

Канферэнцыя спадара Клода Альтэрмата, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Швейцарыі ў Беларусі: «Фрэдэрык-Сезар дэ Лагарп (1754–1838), швейцарац эпохі Асветы: паміж Швейцарыяй, Германіяй, Францыяй і Расіяй» (Французская медыятэка).

20 сакавіка, 18:00

Гала Франкафоніі (МДЛУ — вул. Захарава, 21)

25 сакавіка

Адкрыццё выставы работ Сняжаны Барцянёвай, фотамастака студыі Ле Фрэнуа, і Марыі Бане, фатографа (Галерэя Ў — вул. Кастрычніцкая, 19)

27 сакавіка, 17:00

Вечар настольных гульняў у рамках дзён Франкафоніі. Вядучыя: Аліс і Фларыян (Французская медыятэка).

Даведкі.


Нальшанскія сустрэчы

Дзе: Лошыцкая сядзіба, г. Мінск, праезд Чыжэўскіх, 8/2

Калі: па 29 сакавіка

Колькі каштуе: 3 BYN - дарослыя; 2,50 BYN - студэнты; 1,50 BYN - школьнікі

Выстава «Нальшанскія сустрэчы» — расповед мастакоў, удзельнікаў пленэра, якія летам 2019 года сабраліся ля старога млына на аграсядзібе «Вялес» на стромкіх берагах Віліі. Да мастакоў далучыліся беларускія паэты і барды.

Пленэр адбыўся пры падтрымцы дабрачыннага фонда «Спадчына М.К.Агінскага» і аматараў культуры Францішка Жылкі і Алега Мізулы. Сярод аўтараў «Нальшанскіх сустрэч» заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Віктар Барабанцаў і Віктар Нямцоў, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Алесь Суша і вядомыя мастакі мінскага краю: Анатоль Бяляўскі, Віктар Мікіта, Галіна Беганская, Кастусь Качан, Таццяна Ласка і Эдуард Мацюшонак.

Нальшанскі край – гэта гістарычная вобласць, якая лакалізуецца ўздоўж ракі Віліі, аднаго з прытокаў Нёмана. Вілія займае важнае месца ў гісторыі і жыццядзейнасці Мінска, сталіцы Беларусі. Вілейскае вадасховішча забяспечвае горад вадой. З Вілейкі паходзяць прадстаўнікі роду Любанскіх, апошніх уладароў Лошыцкай сядзібы.

Выстава «Нальшанскія сустрэчы» ўяўляе сабой мастацкае падарожжа па Віліі, якая натхняе сваёй прыгажосцю і таямнічасцю, насычана гістарычнымі помнікамі. Перад вачыма паўстаюць жывапісныя краявіды і квітнеючыя сады, старажытныя млыны і бровары, капліца Святога Францішка і іншыя прыцягальныя мясціны.

Рэшткі мясцовай матэрыяльнай культуры прадстаўлены ў творчай працы Таццяны Ласкі. Мастак Віктар Мікіта прысвяціў шэраг аркушаў вяскоўцам, а Віктар Барабанцаў стварыў партрэт Вацлава Гражуля, цяпер адзінага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара Жодзішак.

14 і 28 сакавіка на «Нальшанскіх сустрэчах» у Лошыцкай сядзібе адбудуцца літаратурныя сустрэчы з паэткамі Алай Клемянок і Антанінай Хатэнка.

Куратары выставы: мастачка Галіна Беганская, паэткі Ала Клемянок і Таццяна Ласка. Выстава працуе па 29 сакавіка 2020 года.

Даведкі.


Шляхі нямецкага мастацтва

Дзе: Палац мастацтваў, г. Мінск, вул. Казлова, 3

Калі: па 12 красавіка

Колькі каштуе: 6 BYN

Выстава “Шляхі нямецкага мастацтва з 1949 года па сённяшні дзень” нарэшце будзе прадстаўлена і ў Мінску. Яна ахоплівае 60 гадоў развіцця сучаснага мастацтва Усходняй і Заходняй Германіі. Вы ўбачыце жывапіс, графіку, фатаграфію, відэа, скульптуры і інсталяцыі – усяго каля 400 прац і амаль 100 мастакоў, сярод якіх прызнаныя ва ўсім свеце імёны: Сібіла Бергеман (Foto), Ёзэф Бойс, Герхард Рыхтэр, Зігмар Польке, Анна і Бернгард Блумэ, Іза Генцкен, Нам Джун Пайк, Вольфганг Цільманс і іншыя.

Адкрыццё выставы адбудзецца 10 сакавіка а 19-й гадзіне ў Палацы мастацтва.

“Шляхі нямецкага мастацтва” – гэта выстава штутгарцкага Інстытута сувязей з замежнымі краінамі (ifa). Інстытут быў заснаваны яшчэ ў 1917 годзе, з 1949 года займаўся прасоўваннем мастацтва ФРГ у свеце і сабраў велізарную калекцыю прац мастакоў з Заходняй Германіі.

Пасля падзення Берлінскага мура ў 1990 годзе фонды твораў цэнтра мастацкіх выстаў ГДР таксама перайшлі пад кіраванне ifa. Праз два дзесяцігоддзі нарадзілася ідэя з’яднаць абедзве ўнікальныя калекцыі ў адной экспазіцыі.

Зараз яна ўключае амаль усе тэматычныя і жанравыя накірункі нямецкай мастацкай сцэны: поп-арт, флюксус, відэаінсталяцыі, фатаграфію і жывапіс. Поўны спіс мастакоў, працы якіх можна будзе ўбачыць на выставе «Шляхі нямецкага мастацтва з 1949 года па сённяшні дзень», прыводзіцца на старонцы ifa.

Куратары выставы Маціяс Флюге і Маціяс Вінцэн змаглі зрабіць выдатны агляд сучаснай нямецкай мастацкай індустрыі. Значная частка выставы прысвечана дакументальнай фатаграфіі, якая ў 50-х гадах стала ідэальным сродкам фіксацыі палітычных і сацыяльных з’яў Усходняй і Заходняй Германіі.

Паводле задумы куратараў, праект дазволіць зазірнуць у інтэлектуальнае і мастацкае жыццё ФРГ і ГДР з 1949 года і да нашых часоў. Узяўшы за аснову ўражвальную калекцыю сучаснага мастацтва ifa, куратары выставы адабралі ключавыя моманты мастацкага жыцця пасляваеннай Германіі: удзел у еўрапейскім арт-руху 50-х — 60-х гадоў, Дзюсельдорфская школа фатаграфіі, рух «Новыя дзікія» канца 70-х гадоў, фігуратыўнае мастацтва 80-х, пратэставае мастацтва канца 90-х і пачатку 2000-х.

Выстава ад пачатку задумвалася як перасоўная. Пасля прэм’еры ў Карлсруэ (Германія) у 2013 годзе яе ўжо ўбачылі шмат у якіх гарадах і краінах. Мінск — доўгачаканы наступны прыпынак гэтага маршрута. Паралельна з выставай Гётэ-Інстытут падрыхтаваў у сваёй бібліятэцы адмысловы тэматычны пакой, прысвечаны мастацтву Германіі. Там можна знайсці каталогі разнастайных выстаў і публікацыі на тэму тэорыі мастацтва, эстэтыкі і культурнай палітыкі.

У межах выставы Гётэ-Інстытут правядзе разам з партнёрамі суправаджальную праграму з экскурсіямі, дакладамі і дыскусіямі. Расклад мерапрыемстваў вы знойдзеце тут.

Даведкі.


Gastrofest. Jameson St.Patrick's Day

Дзе: г. Мінск

Калі: па 21 сакавіка

Колькі каштуе: 15 BYN

Ён прысвечаны Дню святога Патрыка.

Апроч іншага, усіх наведвальнікаў чакае спецыяльная прапанова ад партнёра фестывалю Jameson. У якасці бонуса госці, якія ім скарыстаюцца, атрымаюць камплімент ад брэнда. Больш за тое, будуць у гэтым фестывалі і іншыя бонусы: кожны дзень у спецыяльным telegram-канале публікуецца назва адной з устаноў, у якой у гэты дзень пры замове фестывальнай прапановы можна будзе атрымаць круты сувенір. На канале можна будзе знайсці яшчэ і спецыяльныя заданні, за выкананне якіх таксама прадугледжаны падарункі.

Падчас Gastrofest. Jameson St Patrick's Day будзе дзейнічаць незвычайная механіка па зборы штампаў пры наведванні ўстаноў. У гэты раз пры замове першага сэта ўсе госці атрымаюць «пашпарт», з якім змогуць адправіцца ў гастра-падарожжа і атрымаць за свае паходы «візу» - стыкер ад устаноў.

Падрабязней: gastrofest.by


Тыдзень за роўнасць і інклюзію

Дзе: г. Мінск

Калі: па 23 сакавіка

Колькі каштуе: бясплатна

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta разам з партнёрскімі арганізацыямі і ініцыятывамі запрашаюць на мерапрыемствы ў рамках Тыдня за роўнасць і інклюзію.

У кожнага_ай ёсць цэлы тыдзень для таго, каб прайсці праз лабірынты роўнасці / няроўнасці і паглядзець, якія ёсць дыскрымінацыйныя тэндэнцыі і інклюзіўныя практыкі, а таксама пабываць сярод аднадумцаў.

Удзельнічайце ў серыі мерапрыемстваў, якія былі падрыхтаваныя арганізацыямі і ініцыятывамі ў розных гарадах Беларусі — агулам 5 гарадоў і 12 мерапрыемстваў!

Прыйдзіце і падумайце, адкрыйце для сябе штосьці новае, натхніцеся, знайдзіце новыя магчымасці і знаёмствы. Далучайцеся і станьце часткай змен на шляху да роўнасці і інклюзіі!

Удзел ва ўсіх мерапрыемствах бясплатны або за donate, частка мерапрыемстваў толькі па рэгістрацыі.

Падрабязнасці. Увага! Сачыце за зменамі ў праграме мерапрыемстваў.


Выстава «Пра шкло»

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Леніна, 20

Калі: па 22 сакавіка

Колькі каштуе: дарослым — 8 BYN, школьнікам і студэнтам — 4 BYN

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстава Вольгі Сазыкінай «Пра шкло». На ёй прадэманстраваны каля 20 твораў са збору аўтара і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, некаторыя з якіх – упершыню.

Яе мастацтва – гэта персанальны погляд на ўласнае мінулае і сучаснасць у кантэксце рэальнага часу і месца. Таму, знаходзячыся ў «прасторы ўчынкаў», Вольга Сазыкіна кожны раз аднаўляе сваё «шчырае выказванне». Рэалізуючы такім чынам выключную ролю мастака.

Праект «Пра шкло» вяртае ў нейкую «сваю прастору» Вольгі Сазыкінай. Тут у гледача з’яўляецца магчымасць здзейсніць рытуал углядання (адсылае да прапанаванай Разаліндай Краўс трактоўкі мадэрнізму ў візуальным мастацтве як «імпульсу глядзення»/ «the impulse to see») у аб’екты і прадметы са шкла, укараняючыся ва ўяўны кантэкст іх стварэння.

Пытанні экалагічнага раскладу, далікатнасць і вастрыня чалавечага існавання злучаюцца з прыродай матэрыялу. І ў гэтым выпадку мастачка займаецца вывучэннем і пераасэнсаваннем магчымасцей і межаў гэтага матэрыялу, які стаў сродкам разумення навакольнага свету, у роўнай ступені матэрыяльнага і ідэальнага. Свету, які вымяраецца і адчуваецца, захаванага і растворанага ў аб’екце са шкла, што вызначаецца як сродак апавядання.

Рухаючыся далей, Сазыкіна працуе з рознымі знакавымі сістэмамі: дэкаратыўнымі праектамі; асэнсаваннем формы, замкнёнай і абмежаванай, праз арганізацыю трохмернай структуры — эфект клеткі, дзе матэрыяльнасць і ілюзорнасць аб’екта патэнцыяльна магчымыя.

Вольга Сазыкіна спалучае супрацьлеглае: крохкае і даўгавечнае, трывалае і тое, што б’ецца, хаваючы ў празрыстыя капсулы прадмет, неаддзельную субстанцыю. У гэтым засяроджана супярэчнасць і кампраміс. Шчырая спроба падзяліцца патаемным з іншым, а магчыма, і спосаб перадачы бясконцага «канфлікту гармоніі». Гэта вынік свавольства мастачкі, свабоды падумаць і ўявіць, фантазіраваць абраным ёю спосабам.

Усе праекты Вольгі Сазыкінай так ці інакш звязаны з аспектамі чалавечых адносін: сумненнямі, жаданнямі, уяўленнямі аб ідэальным, а таксама ўяўленнямі аб уласных рэаліях. Яе працы вывучаюць прыроду адносін з навакольнымі аб’ектамі, прадметамі і матэрыяй, якая з’яўляецца іх складнікам.

Пошукі мастачкі фарміруюцца праз розныя матэрыялы і злучэнні, такія як метал, камень, пясок і інш. Гэта таксама спосаб даследаваць межы і функцыі таго, што мы вызначаем як сучаснае мастацтва шкла.

Даведкі.


Корпус. Першы стэндап ў свеце

Дзе: Культ.цэнтр Корпус, г Мінск, пр-кт Машэрава, 9, корпус 8

Калі: 20 сакавіка, 20:00

Колькі каштуе:7 BYN — зараней, 15 BYN — дзень у дзень; купіць

«Першы cтэндап у свеце» — шоў камедыі, якім яго хочам бачыць мы тут і цяпер! І яно лагічна выцякае з Корпуса — месца сілы, перадавой думкі, без цэнзуры і ціску фарматаў.

Комікі:

  • Міша Калгін;
  • Юля Волкава;
  • Юра Кірдун;
  • Жэня Алексютовіч;
  • Ян Ліпай;
  • Ілля Шлімакоў;
  • Саша Ярмоленка;
  • + SPECIAL GUEST.

Для «Першага стэндапа ў свеце» самыя нерафінаваныя, трушныя комікі Мінска штодня пішуць і шліфуюць свежыя жарты і самааддана тэстуюць іх на адкрытых мікрафонах. Сярод іх няма гумарыстаў, вядучых вяселляў або КВЗэшчыкаў, якія мараць аб 15 хвілінах славы на целіку. Яны смешныя без клоўнскіх насоў і ванітных ужымак. Ня клянчаць апладысментаў ў гледачоў, а выклікаюць эмоцыі сваім жыццём і ўменнем над ім смяяцца. Ім блізкі Лэні Брус, а не Аляксей Шчарбакоў.

А Корпус ўяўляе аптымальную атмасферу для стэндап камедыі: цёмны пакой, прамень святла і мікрафон на стойцы. Без шуму кавы машын, яркіх плазменных экранаў, кальянаў, бляску крыштальных люстраў і бубняжу віп-балконаў. А галоўнае — без выпадковых людзей.

18+ ll fc

Даведкі: +375 (44) 418-20-21


Месяц жаночага кіно

viy3d.filmz.ru

Дзе: Берасце, прастора КХ г. Мінск, вул. Халтурына, 2/1

Калі: па 27 сакавіка, 19:00

Колькі каштуе: free donation

20 сакавіка  Салавей
Рэжысёр: Джэніфер Кент
Год: 2018
Краіна: Аўстралія, ЗША, Канада
Працягласць: 136 хв.
18+
_________________________________________________________________________

27 сакавіка — Жана Дзільман, Набярэжная Камерцыі 23, Брусэль 1080
Рэжысёр: Шанталь Акерман
Год: 1975
Краіна: Бельгія, Францыя
Працягласць: 202 хв. (Бярыце з сабой ежу!)

Фільмы ідуць на мове арыгіналу (з субтытрамі на рускай мове). Пасля сеансаў абмяркоўваем кіно з мадэратарамі!

Даведкі.

/Афіша дапаўняецца/

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?