Вы тут

Нюансы размеркавання. Як сумясціць інтарэсы выпускніка і наймальніка?


Сёлета з улікам выпускаў, якія адбудуцца ва ўстановах прафесійнай адукацыі нашай краіны, плануецца размеркаваць каля 19 тысяч спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, 18 тысяч з сярэдняй спецыяльнай і 23 тысячы рабочых з прафтэхадукацыяй. Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ.


— Калі казаць пра недахоп рабочых месцаў, то такіх момантаў мы не прагназуем. Справа ў тым, што сама працэдура размеркавання прадугледжвае значную ступень гнуткасці, — падкрэсліў спецыяліст. — Камісіі па размеркаванні ва ўстановах адукацыі будуць мець пул заявак, якія сфарміраваны ў доўгатэрміновым плане, і пул разавых заявак. Пытанне толькі ў тым, каб максімальна задаволіць інтарэсы канкрэтнага выпускніка і канкрэтнага заказчыка кадраў. Сама сістэма планавання падрыхтоўкі кадраў у краіне пабудавана на аснове заказу, каб максімальна выключаць сітуацыі, звязаныя з недахопам заявак на выпускнікоў у момант заканчэння навучальнай установы.

Аднак узнікаюць моманты, калі кампаніі, якія заказваюць кадры, у асобных выпадках перастаюць існаваць, змяняюцца іх кадравыя патрэбы, эканамічныя ўмовы дзейнасці... У гэтым выпадку камісіі маюць права і магчымасць накіроўваць выпускнікоў у іншыя арганізацыі.

Маладыя людзі маюць пераважнае права быць размеркаванымі туды, дзе праходзілі вытворчыя і пераддыпломную практыкі. Нічога не перашкаджае ім яшчэ на стадыі навучання, на трэцім-чацвёртым курсе ва ўніверсітэце, разам з кафедрай актыўна паўдзельнічаць у выбары месца сваёй практыкі з прыцэлам на тое, каб потым працаўладкавацца да гэтага наймальніка. Калі выпускнік без працяглых сістэмных кантактаў з наймальнікам у выглядзе практыкі, выканання навуковых работ у працэсе навучання па замове гэтай арганізацыі прыносіць ад яе заяўку непасрэдна перад размеркаваннем, такі варыянт таксама магчымы. Але такія заяўкі задавальняюцца ўжо пасля заявак заказчыкаў кадраў і базавых арганізацый.

У БДУІР — персаніфікаваны падыход

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім БОГУШ паведаміў, што ў іх ВНУ практыка персанальных заявак вельмі добра развіта: «Мы таксама маем дагаворы з базавымі арганізацыямі, ад якіх выпускнік можа прынесці індывідуальную заяўку. Нам тады зразумела, што наймальнік правёў папярэдні адбор і хоча запрасіць да сябе менавіта гэтага выпускніка. Абавязковай умовай з'яўляецца адпаведнасць месца работы атрыманай спецыяльнасці і кваліфікацыі. Калі казаць пра персаніфікаваны падбор, а гэта дастаткова сучасная практыка, то ў нас больш за палову планавых заявак, якія мы адпрацоўваем з наймальнікамі, потым персаніфікуецца. Гэтыя заяўкі прыходзяць з прозвішчамі канкрэтных маладых спецыялістаў, якія ідуць на дыпломную практыку, пішуць дыпломную работу і затым уладкоўваюцца працаваць».

Калі казаць пра тое, куды размяркоўваюцца выпускнікі БДУІР, то гэта шырокі спектр прадпрыемстваў як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці. Больш за 20 % выпуску гэтага года размеркаваліся ў кампаніі — рэзідэнты ПВТ. А па асобных факультэтах і 30 %, і 40 % выпускнікоў працуе ў гэтай сферы.

«Акрамя таго, што мы маем месцы для працаўладкавання выпускнікоў, якія падлягаюць размеркаванню, ёсць і дадатковыя заяўкі, якія засталіся незадаволеныя. Сёлета, напрыклад, у нас такая сітуацыя па спецыяльнасці «медыцынская электроніка», — заўважыў Вадзім Богуш. — Традыцыйна вельмі запатрабаваныя спецыялісты ў сферы распрацоўкі сучасных інфармацыйных тэхналогій. Заяўкі, якія засталіся незадаволеныя, назапашваем, прапануем выпускнікам, якія навучаліся на платнай аснове. Размеркаванне ў нас стапрацэнтнае. У лічбах гэта больш за 1,3 тысячы выпускнікоў, якія ўжо цяпер ведаюць, дзе яны будуць працаваць. Усе нашы хлопцы і дзяўчаты, якія павінны быць працаўладкаваны ў парадку размеркавання, ужо забяспечаны першым рабочым месцам».

Чэргі — па выхавальнікаў

Па словах рэктара БДПУ Аляксандра ЖУКА, апошнія гады патрэба ў педагагічных кадрах вельмі высокая.

— Універсітэт сёлета выпускае 720 чалавек, якія падлягаюць размеркаванню. На жаль, мы можам задаволіць заяўкі, што паступілі, прыблізна на 40 %. На сёння мы маем звыш 1850 заявак, з іх больш за 1,5 тысячы — з устаноў адукацыі Мінскай вобласці і Мінска. З іншых рэгіёнаў да нас ужо паступіла каля 300 такіх заявак. Найбольш запатрабаваныя — выпускнікі факультэта дашкольнай адукацыі. Выпуск складзе 118 чалавек, а паступіла амаль 500 заявак. Гэта значыць, што мы зможам іх задаволіць толькі на чвэрць. Па настаўніках пачатковай адукацыі — на 50 %. Сёлета вельмі запатрабаваныя спецыялісты сацыяльнай сферы — сацыяльныя работнікі і сацыяльныя педагогі. І таксама мы толькі на чвэрць зможам задаволіць заяўкі.

Пры гэтым у нас каля 180 выпускнікоў — мэтавікі, якія паедуць па накіраваннях у тыя ўстановы, якія зрабілі на маладых спецыялістаў мэтавыя заяўкі чатыры гады таму.

Прафесійнае станаўленне

Выпадкаў, калі выпускнікі не з'яўляюцца па месцы размеркавання, у краіне няшмат.

— Па-першае, прычыны бываюць уважлівыя — гэта паступленне на больш высокі ўзровень адукацыі, напрыклад, у магістратуру, альбо выпускніка каледжа на ўзровень вышэйшай адукацыі першай ступені. Таксама ўважлівая прычына — служба ў арміі, пытанні, звязаныя з непрацаздольнасцю. Згодна з аналізам, гэта каля 7 % выпускнікоў, — падкрэсліў Сяргей Каспяровіч. — Калі мы гаворым пра тых, хто не прыбывае на першае рабочае месца без уважлівай прычыны, то лічбы зусім невялікія. Напрыклад, па звестках аб вяртанні сродкаў (рашэнні, прынятыя на ўзроўні ўстаноў адукацыі) у 2018 годзе гэта крыху больш за 130 чалавек. Блізкая лічба ў нас і па 2019 годзе. Тут звесткі яшчэ могуць змяніцца, таму што выпускнік, які не прыбыў, мае час, каб пакрыць сродкі: спачатку ў добраахвотным парадку, а калі неабходна — у судовым.

— На прыкладзе нашага ўніверсітэта магу сказаць, што за тры апошнія гады не прыступілі да работы пасля размеркавання ўсяго 15 выпускнікоў, — праінфармаваў рэктар БДПУ Аляксандр Жук. — З улікам таго, што мы за гэты час падрыхтавалі амаль 2,5 тысячы спецыялістаў, — гэта прыблізна 0,5 %. У нашым універсітэце пераважная колькасць выпускнікоў — дзяўчаты, і ў выпадку, калі выпускніца выходзіць замуж, збіраецца ехаць па месцы жыхарства мужа, але застаецца ў сістэме адукацыі педагогам, мы ідзём насустрач і такую магчымасць даём, калі ёсць заяўка з гэтага рэгіёна.

Другі аспект, які пацвярджае, што людзі свядома атрымліваюць прафесію, — паказчык замацавальнасці на рабочым месцы. Мы вядзём такі маніторынг штогод. Магу сказаць на прыкладзе Мінскай вобласці (маніторым усе 23 раёны): ад 80 да 100 працэнтаў выпускнікоў 2014, 2015, 2016 гадоў засталіся ў сістэме адукацыі і замацаваліся на тых месцах, куды былі размеркаваны. Гэта, вядома, вынік дзейнасці мясцовых органаў улады і ўпраўленняў адукацыі. Яны робяць усё, каб чалавек меў добрыя ўмовы для работы, вырашаюць праблемы з жыллём.

На думку ўдзельнікаў анлайн-канферэнцыі, калі глядзець на размеркаванне з боку самога выпускніка, то адпрацоўка дае магчымасць для прафесійнага станаўлення. За два—пяць гадоў можна стаць канкурэнтаздольным спецыялістам на рынку працы, атрымаць важныя прафесійныя кампетэнцыі. Механізм, звязаны з працаўладкаваннем, комплексны. Ён улічвае ўзаемаадносіны на рынку працы, інтарэсы і выпускнікоў, і наймальнікаў. І ў гэтым працэсе ўзровень сацыяльнай падтрымкі моладзі ў нашай краіне з'яўляецца прыярытэтам. Пры жаданні атрымаць накіраванне на работу можа і любы выпускнік, які навучаўся за ўласныя сродкі. У праекце новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі закладзена норма, якая вызначае, што выпускнік-платнік, які атрымаў накіраванне на работу, таксама будзе мець статус маладога спецыяліста, як і выпускнік бюджэтнай формы навучання.

Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: docplayer.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?