Вы тут

Адкуль з'яўляюцца даўгі за камунальныя паслугі?


Каля 70 % мінчан маюць запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП) як мінімум за месяц. У пачатку лютага ў сталіцы было 42 713 даўжнікоў, якія вінныя за камуналку 6,5 мільёна рублёў (без уліку налічанай пені). З іх звыш года не плаціць толькі 4,8 % чалавек, аднак іх запазычанасць — 2,5 мільёна. Тыя, хто аддаваць даўгі не спяшаецца, рызыкуюць не толькі рублём, але і жыллём. Пры гэтым чым даўжэй не плаціш, тым цяжэй наступствы. Адключыць ваду ці святло маюць права ўжо праз два месяцы, а праз паўгода нядобрасумленны жыхар атрымае паведамленне аб высяленні з дзяржаўнага жылля або аб яго адчужэнні.


Тыдзень на аплату

Па заканадаўстве аплаціць камуналку неабходна не пазней за 25-е чысло, і ўжо на наступны дзень жыхар, які не зрабіў гэта, становіцца вінен дзяржаве, а на налічаны рахунак штодня накладваецца пеня 0,3 % ад сумы. Работа з даўжнікамі праводзіцца адпаведна з заканадаўствам краіны, а таксама ў межах рашэнняў горада па ўзаемадзеянні паміж службамі, і пачынаюць яе тыя, хто камунальныя плацяжы і налічвае, — супрацоўнікі адзінага разлікова-даведачнага цэнтра (АРДЦ).

— Налічэнне грошай на рахунак можа адбывацца яшчэ некалькі дзён пасля 25-га, аднак ужо 26-га мы бачым патэнцыйных даўжнікоў — грамадзян, якія не аплацілі або пералічылі грошы, а тыя яшчэ не дайшлі. З імі адразу пачынаецца папярэдняя работа — званкі, — расказала Эла ЛАЗАРАВА, начальнік аддзела па спагнанні дэбіторскіх запазычанасцяў філіяла «Адзіны разлікова-даведачны цэнтр Мінска». — Складаем спісы з нумарамі даўжнікоў і запускаем аўтадазвон з папярэджаннем. Правяраем, ці дзейсныя нумары, мы самі, бо праграма «АІС разлік ЖКП» не абнаўляе тэлефонную базу «Белтэлекама» аўтаматычна. Звонім мы і паўторна, ужо самі, тлумачым наступствы ў асабістай гутарцы.

Такая работа вядзецца з тымі, хто не плаціў адзін перыяд (за апошні месяц), або тымі, хто час ад часу трапляе ў гэты перыяд — аплачвае раз на некалькі месяцаў, напрыклад.

Тыя ж, хто не аплаціў запазычанасць за адзін перыяд і цягам наступнага месяца (да 25-га), становяцца ўжо «даўжнікамі наступнага ўзроўню», і метады работы з імі адпаведна змяняюцца.

— У межах прафілактычнай работы з другога месяца запазычанасці мы наведваем неплацельшчыкаў дома з папярэджаннем. У ім прапісана, якія меры іх чакаюць за неаплату, і паведамляецца, што пры непагашэнні запазычанасці мы можам накіраваць дакументы натарыусу для здзяйснення выканаўчага надпісу або звярнуцца ў суд. Гэта прадугледжана Жыллёвым кодэксам Беларусі, — растлумачыла спецыяліст. — Найперш, канешне, дзейнічаем праз натарыуса, але калі ёсць спрэчкі, то справа даходзіць да суда. Выканаўчыя надпісы або іскі ў суд па кожным даўжніку, які працяглы час не вяртае даўгі, мы здзяйсняем кожныя тры месяцы.

АРДЦ рассылае таксама лісты з паведамленнем пра даўгі ў РУУС, упраўленне адукацыі, сацыяльнай абароны, па месцы работы, каб спецыялісты гэтых устаноў таксама пасадзейнічалі спагнанню, выйшлі ў сумесныя рэйды па наведванні неплацельшчыкаў для гутарак.

Папярэджанне, абмежаванне, высяленне

Калі аплаты няма, а тэрмін запазычанасці ўжо перавышае два месяцы, згодна з пастановай Саўміна № 1466, у цэнтры афармляюць папярэджанні аб магчымасці прыпынення камунальных паслуг. Уручыць гэты дакумент неплацельшчыкам — задача пастаўшчыка паслугі: «Водаканала», «Энергазбыту», «Мінгазу». У гэтым выпадку на аплату даўгоў даецца пяць дзён. У гэты ж час супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання могуць пачынаць выканаўчае вядзенне ў дачыненні да даўжніка.

— Як і судовыя выканаўцы, мы таксама можам заявіць розныя хадайніцтвы: аб'явіць даўжніка ў пошук, забараніць карыстанне мабільнай сувяззю, падаць прашэнне на арышт яго аўтамабіля ці забарону выезду за мяжу (апошнія два абмежаванні — толькі па рашэнні суда), — дадала начальнік аддзела. — Калі чалавека абмяжоўваюць у праве карыстання тэлефонам ці выезду за мяжу, як правіла, даўгі пагашаюцца. Аднак гэта не працуе са злоснымі даўжнікамі.

На тых, хто не плаціць больш за паўгода, у цэнтры рыхтуюць папярэджанне аб адчужэнні прыватнай маёмасці. Тыя ж, хто жыве ў арэндным ці сацыяльным жыллі, рызыкуюць перасяліцца ў менш прыемныя ўмовы або ўвогуле пазбавіцца жылплошчы. Уручаюць дакументы арганізацыі, якія наглядаюць за гэтай нерухомасцю (як правіла, гэта ЖРЭА раёна ці яго адміністрацыя).

Цягам года пасля вынясення судом рашэння аб адчужэнні даўжнік яшчэ можа вярнуць доўг. А вось у арандатараў ці жыхароў сацыяльнага жылля пасля ўступлення ў сілу судовага рашэння такой магчымасці ўжо, лічы, няма.

Як становяцца даўжнікамі

Атрымаць завінавачанасць можна з розных прычын, аднак вынік іх неаплаты будзе аднолькавы.

— Рэгулярныя даўжнікі — людзі, якія плацяць раз на некалькі месяцаў, часта забываюцца зрабіць гэта, недаплачваюць поўную суму за камунальныя паслугі. Ёсць грамадзяне, якія працяглы час знаходзіліся за мяжой, лячыліся ў бальніцы, сядзелі ў турме, — акрэсліла прадстаўніца АРДЦ. — Некаторыя тлумачаць наяўнасць даўгоў затрымкай зарплаты. Яшчэ адна прычына — першачарговыя выплаты па крэдытах. Па іх жа большая пеня, таму яны важнейшыя, лічаць жыхары.

Некаторыя спасылаюцца на адсутнасць пастаяннага даходу. Часта ўласнікі проста не могуць дамовіцца паміж сабой аб аплаце, хоць пастановай Саўміна № 571 дыферэнцыруецца аплата ЖКП шляхам падзелу рахунку паміж уласнікамі. Аднак зрабіць гэта, калі ўжо існуе доўг, вельмі праблематычна, бо трэба дамаўляцца, а ніхто не хоча.

— Назапашваюць даўгі і людзі, якія не афармляюць нерухомасць своечасова ў спадчыну. Цягам сямі месяцаў з дня смерці чалавека, які адзінока пражывае, доўг множыцца па тарыфах, па якіх плаціў памерлы ўласнік, пасля — налічваецца ўжо па эканамічна абгрунтаваных тарыфах, калі ў памяшканні ніхто не зарэгістраваны, — падкрэсліла Эла Лазарава. — Даўгі накопліваюцца таксама за кошт дабораў за ваду. Калі «Водаканал» праводзіць зверку паказанняў прыбораў уліку, сума ў некаторых выпадках у адзін момант можа ўзрасці і да 1000—1500 рублёў, калі ўласнік недакладна ўказваў лічбы кубаметраў. І нейкую растэрміноўку па аплаце, як выключэнне, можа даць толькі пастаўшчык вады, хоць не абавязаны.

Каб не стаць даўжніком, калі вы надоўга (больш чым на дзесяць дзён) збіраецеся з'ехаць з кватэры, лепш загадзя папярэдзіць пра гэта разліковы цэнтр. У такім выпадку вам яшчэ і зробяць пераразлік за некаторыя ЖКП — прынамсі, за вываз, абясшкоджванне адходаў, гарачую і халодную ваду, каналізацыю, газ. За апошнія тры паслугі пераразлік магчымы, праўда, толькі калі ў вас няма прыбораў уліку вады і газу і вам налічваюць плацяжы па нормах спажывання.

Для гэтага неабходна падаць адпаведныя дакументы: даведку з бальніцы ці санаторыя з указаннем тэрміну знаходжання там, даведку з воінскай часці для салдат тэрміновай службы. У выпадку арэнды жылля, а таксама камандзіроўкі, вучобы, адпачынку на дачы дакументы можна ўзяць ва ўстанове, якая распараджаецца той нерухомасцю, дзе вы пэўны час жылі. Чалавек, які адбываў тэрмін зняволення, таксама можа падаць даведку аб тым, дзе знаходзіўся.

Калі ж вы былі за мяжой, то спатрэбяцца білеты ці адзнака аб выездзе за мяжу ў пашпарце або папера, якая пацвярджае ваша знаходжанне на тэрыторыі замежнай дзяржавы (на мове нашай краіны і належным чынам завераная). Апошні варыянт вельмі дарагі, а сума пераразліку літаральна некалькі рублёў, так што лепш падумаць, ці варта яно таго. Можа, лепш дамовіцца, каб вашу камуналку нехта аплачваў у вашу адсутнасць.

У тэму

Запазычанасць — больш за тры тысячы рублёў

Памятаеце рэзанансную навіну аб знойдзенай у сталічнай кватэры памерлай адзінокай жанчыне? Мы пацікавіліся сумай доўгу.

— Здараецца, што запазычанасць за ЖКП спагнаць так і не ўдаецца, у прыватнасці, калі з дзяржаўнага жылля чалавека высяляюць, а яго даўгі на ім застаюцца. У тэорыі ён вінен, а на практыцы зразумела, што спагнаць з яго нешта ўжо наўрад ці калі будзе магчыма. Што датычыцца прыватнага жылля, то тут яшчэ цяжэй дастукацца да свядомасці неплацельшчыка, асабліва калі ён адзінокі (бывае, што даўгі пагашаюць сваякі) і не ўпускае ў кватэру. Аналагічная сітуацыя склалася з неплацельшчыцай, якую знайшлі памерлай сёлета 14 лютага ў сталічнай кватэры. «Агульная сума доўгу на 31 студзеня гэтага года склала 3155,40 рубля. З іх доўг — 1562,79 рубля і 1592,61 — пеня. Апошні раз камунальны плацеж паступаў 25 жніўня 2017 года. З боку супрацоўнікаў нашай арганізацыі прыняты поўны комплекс мер па спагнанні запазычанасці», — пракаментавала Эла Лазарава.

Ірына СІДАРОК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Заплаціць нельга чакаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».