Вы тут

​Першыя адкрыцці Берлінале дабіраюцца да беларускага пракату


Ад сёння ў кінатэатрах можна паглядзець новы фільм аднаго з лідараў сучаснага італьянскага кіно Матэа Гароне — адаптаваную пад вялікі экран казку Карла Калодзі «Пінокіа». Хоць рэжысёр больш вядомы як аўтар вострых карцін «Першае каханне», «Гамора» ці «Догмен» з праграм Берлінскага і Канскага кінафестываляў, работа з італьянскімі казкамі ў фэнтэзійным ключы для яго таксама не новая. Да таго ж казкі падатлівыя да якіх заўгодна «маральных» падтэкстаў, праўда, такое спалучэнне ўсё роўна не з'яўляецца залогам поспеху.


Паказ (але не прэм'ера) карціны адбыўся ў пазаконкурснай фестывальнай секцыі Berlіnale Specіal, разам з «Шарлатанам» Агнешкі Холанд, «ДАУ. Дэгенерацыяй» са скандальнага праекта Ільі Хржаноўскага, «Мінаматай» з Джоні Дэпам, «Апошнімі і першымі людзьмі» з Цільдай Суінтан і «Нумарамі» Алега Сянцова. Іншымі словамі, у секцыі гучных імёнаў на стыку мастацтва і індустрыі кіно. Імя Матэа Гаронэ, сапраўды, вядомае не толькі ў Італіі, а апроч яго карціну «робіць» удзел акцёра Рабэрта Беніньі, уладальніка «Оскара» за ролю ў фільме «Жыццё цудоўнае».

«Пінокіа» — гэта маляўнічая і насычаная дзівосамі казка, у якой галоўны герой толькі і робіць, што натыкаецца на несумленных людзей, бачыць цуды і праходзіць выпрабаванні. Ідэя ў тым, каб паказаць, як толькі што створаны драўляны хлопчык, які не арыентуецца ў пабудове свету і сацыяльных нормах і кіруецца выключна сваімі жаданнямі, пазнае жыццё. У самым пачатку, калі бядняк Джэпета толькі стварыў сабе з дрэва сына, Пінокіа садзіцца перад камінам і засынае, а ў рэшце прачынаецца без паловы ног. Што, вядома ж, толькі кветачкі няведання ў параўнанні з тым, якім абяцанням Пінокіа здольны паверыць і на што пайсці дзеля «цёплых» ілюзій.

Джэпета абменьвае сваё адзенне на школьны сшытак і адпраўляе Пінокіа ў школу, толькі замест класа хлопчык ідзе ў тэатр драўляных лялек, дзе трапляе ў палон да яго ўладальніка. Тэатр забірае Пінокіа з сабой, і такім чынам бацька з сынам аказваюцца разлучаныя, таму пазнаваць свет хлопчыку давядзецца самастойна. І гэты свет будзе імкнуцца яго падмануць, скарыстаць і нават забіць. Пінокіа, напрыклад, лёгка паверыць у тое, што манеты можна пасадзіць і з іх вырасце цэлае грашовае дрэва, альбо што ёсць месца, дзе можна цэлымі днямі толькі і рабіць, што займацца гульнямі. І расчараванне ў гэтых ілюзіях стане часткай яго сталення, але сапраўдным чалавекам яго зробіць усё ж нешта іншае.

Сярод сэнсаў карціны ёсць вось гэты сямейны, бо сувязь бацькі і сына, нават калі яны правялі разам ледзь не адзін дзень, тут безумоўная, і пошук адзін аднаго займае цэлы фільм. Наіўны, непаслухмяны Пінокіа мяняецца толькі дзеля бацькі: цяпер ён не толькі цвяроза глядзіць на свет і гатовы з пэўнай матывацыяй хадзіць у школу, але і здольны ставіць інтарэсы іншага чалавека вышэй за свае — і гэтыя перамены робяць яго сапраўдным хлопчыкам, што вельмі дарэчы, бо доўгае падарожжа не ідзе на карысць дрэву, з якога Пінокіа зроблены.

Магчымасці Матэа Гароне разгарнуліся сапраўды шырока — чаго ў «Пінокіа» толькі няма, і як лёгка знайсці ў гэтым паралелі з рэальным жыццём (скажам, у абсурдным судзе, які садзіць у турму толькі невінаватых). Рэжысёр спраўна давёў свайго героя ад дзіцячага эгаізму да дзіцячай даросласці і стварыў відовішча, цікавае і дзецям, і дарослым — з візуалізаванымі цудамі, вынаходлівымі вобразамі, акцёрамі ў ролях Ліса і Ката, ператварэннем у аслоў і выцягнутым ад хлусні носам.

Паглядзець «Пінокіа» ў кінатэатры можна да 1 красавіка.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дзівосы Матэа Гароне

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.