Вы тут

Для людзей усіх узростаў


Першая ў Беларусі цэнтральная раённая клінічная бальніца і самая тэхналагічна ўкамплектаваная (каля 5000 адзінак абсталявання) установа ў Гродзенскай вобласці знаходзіцца ў Астраўцы.


Галоўны ўрач Уладзімір Мажэйка

Шматфункцыянальны высокаспецыялізаваны лячэбны цэнтр для медыцынскай дапамогі месцічам і жыхарам сумежных раёнаў Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей, разлічаны на 382 койкі, пачаў працаваць 31 студзеня.

Пакуль здадзена толькі першая чарга з трох карпусоў, дзе працуе 13 аддзяленняў, пяць з якіх міжраённыя. Неўралогія, кардыялогія, тэрапія, хірургія, аддзяленне педыятрыі і акушэрска-гінекалагічнае — у першым корпусе. Аддзяленне прамянёвай дыягностыкі, пералівання крыві і водагразелячэбніца — у другім. Рэанімацыя і рэабілітацыя, лабараторыя, аперацыйны блок, ангіяграфія — у чацвёртым.

— Тут адкрыты рэсурсныя цэнтры, якія аказваюць дапамогу пры вострым парушэнні мазгавога кровазвароту, вострым каранарным сіндроме, а таксама сур'ёзная дыягнастычная база, — расказаў галоўны ўрач бальніцы Уладзімір МАЖЭЙКА. — Установа валодае моцнай лячэбнай базай і высокім рэабілітацыйным патэнцыялам. Такім чынам мы можам аказаць комплекс паслуг: ад дыягностыкі да лячэння і рэабілітацыі людзям усіх узростаў. Мы арыентуемся на павышэнне якасці жыцця пацыентаў. Многія працэдуры разлічвалі ў тым ліку як санаторныя. Мы можам абследаваць і праводзіць рэабілітацыю работнікаў буйных прадпрыемстваў.

Бальніца вельмі запатрабавана, бо насельніцтва Астраўца расце, што называецца, па гадзінах, і мясцовыя, а таксама жыхары суседніх раёнаў маюць патрэбу ў дадатковых даследаваннях — у прыватнасці, у камп'ютарнай тамаграфіі і магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ). У вобласці толькі тры апараты МРТ: у гродзенскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, універсітэцкай клініцы ў Гродне і ў Астраўцы. Наяўнасць такога абсталявання зняла пытанне чакання медыцынскай дапамогі і павысіла якасць гэтай паслугі. А геаграфічнае размяшчэнне Астраўца дазваляе прапанаваць паслугі новай бальніцы і на экспарт, падкрэсліў галоўны ўрач.

Ме­ды­кі ад­дзя­лен­ня пра­мя­нё­вай ды­яг­нос­ты­кі рых­ту­юц­ца  да чар­го­ва­га пры­ёму па­цы­ен­таў.

Палаты тут разлічаны на двух чалавек і абсталяваны кнопкамі выкліку медсястры, а ў калідорах яшчэ пахне свежай драўнінай. Каб не заблытацца ў шматлікіх паваротах і пераходах, на сценах паказальнікі напрамку, што вельмі зручна.

Паколькі бальніца клінічная, гэта азначае супрацоўніцтва з медыцынскімі ўстановамі.

— Ужо дасягнутае пагадненне аб адкрыцці філіялаў чатырох кафедраў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, — дадаў Уладзімір Мажэйка. — Тут будуць дыстанцыйна і вочна вучыцца студэнты і спецыялісты са стажам з розных рэгіёнаў краіны. Так што на нашай базе найлепшым чынам спалучаюцца практыка і навука, існуе магчымасць укаранення сучасных распрацовак адразу ў практыку.

Пасля здачы яшчэ двух карпусоў летам бальніца атрымае статус міжраённай. Тут з'явяцца траўматалагічны цэнтр, перынатальны цэнтр другога ўзроўню і міжраённае інфекцыйнае аддзяленне. Будавалася бальніца па індывідуальным праекце і абышлася ў 127 мільёнаў рублёў.

Ірына СІДАРОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».