Вы тут

Фабрыка добрага настрою


Пра тое, як ствараецца айчынны серыял «Начная змена» і якая ў гэтым праекце роля Другога нацыянальнага тэлеканала «АНТ», можна было даведацца на прэзентацыі пілотнай версіі фільма. Крыху раней яго глядзелі беларускі кінарэжысёр Аляксандр Яфрэмаў і польскі — Кшыштаф Занусі


Закруцілася кола

Раней нашы «тэлевізійшчыкі» беларускія серыялы не здымалі. Але даўно наспела такая неабходнасць, як прызнаюцца стваральнікі першага такога праекта: сцэнарыст і акцёр Максім Сокал, а таксама рэжысёр Ілья Баранаў. З іх усё і пачалося. Дырэктар АНТ Марат Маркаў ідэю падтрымаў: прадаставіў тэхнічную базу. З дэкарацыямі ў фільме таксама праблем не ўзнікла: дырэктар прадпрыемства «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт» Анатоль Кароткі пагадзіўся, каб фільм здымалі на тэрыторыі аўтазапраўкі «Белоруснефть». З пошукам акцёраў было яшчэ прасцей: беларускія артысты з задавальненнем пагадзіліся сыграць у айчыннай кінастужцы. Здавалася, усе даўно чакалі гэтага моманту.

— Апошняя беларуская кінакарціна, у якой я здымаўся, выйшла 6 гадоў таму, — распавядае Уладзімір Гасцюхін, народны артыст Беларусі. — Вядома, адразу даў дабро на ўдзел у новым эксперыменце. Перакананы, што нам трэба распавядаць пра сябе, пра сваю гісторыю, пра сваё жыццё… У Беларусі ёсць для гэтага ўсе рэсурсы. Я атрымаў велізарнае задавальненне, працуючы з маладой камандай прафесіяналаў.

Максім Сокал у сваю чаргу раскрывае нюансы тэлевізійнага працэсу:

— 30 % эфіру на АНТ займае серыяльны кантэнт. І ўвесь ён — замежнай вытворчасці. Да нас едзе здымаць Украіна, Расія — усё блізкае замежжа, бо ў нас якасная тэхналагічная і вытворчая база. Так, гэтыя фільмы цікавыя, папулярныя, запатрабаваныя. Але ў іх — не пра нас, беларусаў. А мы ж можам гэтак жа, калі не лепш, здымаць сваё шматсерыйнае кіно з нацыянальным характарам.

Ілья Баранаў дадае:

— Максім і я зрабілі гэтую першую пілотную серыю сваімі сіламі. Не прэтэндуем на шэдэўральнасць, нейкую выключнасць. Мы проста хацелі прапанаваць цікавае для ўсіх нас шматсерыйнае кіно, зрушыць «махавік» гэтай індустрыі, каб ён круціўся хутчэй. Калі ласка, прыходзьце са сваімі ідэямі, сцэнарамі. Серыялаў у краіне павінна выпускацца дзесяць, дваццаць, сорак у год, на тыдзень — чым больш, тым лепш. Трэба стварыць сваю фабрыку па іх вытворчасці. Тады нейкае кіно абавязкова «выстраліць», будзе першакласным, папулярным. Мы зрабілі гэты першы крок. І цяпер запрашаем вас да дыялогу: што спадабалася, як палепшыць? Нам па сілах ствараць якасны айчынны кантэнт.

Пілотную версію «Начной змены» бачылі некаторыя беларускія і замежныя рэжысёры. Высокую ацэнку фільму даў народны артыст Беларусі, рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў, назваўшы чарнавы матэрыял дастаткова перспектыўнай працай, якую трэба працягваць. Кшыштаф Занусі, польскі кінарэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар, лаўрэат галоўнага прыза Венецыянскага кінафестывалю «Залаты леў», таксама адзначыў дастойны ўзровень тэлевізійнага праекта і нават выказаў жаданне, каб «дуэт энтузіястаў» — Баранаў і Сокал — паспрабавалі сябе і ў сур’ёзным кіно.

Дарэчы, апроч журналістаў і медыяэкспертаў у фокус-групу гледачоў увайшоў… гусак. Дрэсіраваная птушка з імем Харвестэр — беларуская славутасць. Ён жыве ў сталічнай кватэры са сваім сябрам, як называе сябе яго гаспадар, — блогерам Андрэем Гурыным. Харвуша з задавальненнем пазіруе на камеру, дае інтэрв’ю журналістам і нават спрабуе прадказваць зыход падзей у спартыўным свеце, выцягваючы дзюбай карцінкі са сцягам краіны-пераможцы. Пасля паказу «Начной змены» Харвестэру, які ціха сядзеў ўвесь час, пакуль ішоў фільм, прапанавалі прагаласаваць. Гусак даў максімальны бал убачанаму: выцягнуў лічбу «5», пакінуўшы без увагі «3» і «4».

Пра што кіно?

Уладзімір Гасцюхін задаволены вынікам працы з «АНТ»

Жанр серыяла — мікс трылера, дэтэктыва, камедыі… Заяўленая ў ім і любоўная лінія (здагадваюся, што яна будзе не адна), і нават махнатая пачвара з чырвонымі лазерамі замест вачэй у кадры з’яўляецца. Праўда, яна выклікае хутчэй смех, чым жах. Увогуле, зразумела, што серыял будзе для ўсіх і кожнага, як гаворыцца, на любы густ, ахопіць шырокі глядацкі сегмент.

Месца дзеяння ў фільме — аўтазаправачная станцыя. Чаго толькі там па сцэнары ні здараецца, якіх толькі персанажаў ні падкідвае працоўнікам АЗС кожны новы дзень! Нязменна адно: з надыходам ночы на запраўцы дзееца штось незразумелае… То электрычнасць сама па сабе выключаецца, то дзіўныя грузавыя машыны з пустым салонам прыязджаюць, то галасы незразумелыя чуюцца… Жах ды і толькі.

Шчыра скажу, я серыялы не вельмі люблю. Доўгія яны і не заўсёды апраўдваюць затрачаны на прагляд час. Але лёгкі гумар з падтэкстам, падвойным сэнсам у «Начной змене» мяне прыцягнуў. То быццам незнарок адзін герой дорыць дзве кветкі (цотная колькасць — прыкмета жалобы ў славян. — Аўт.) іншаму: калегу, якому прыйдзецца ноччу дзяжурыць (а мы ўжо ведаем, што ў гэты час на запраўцы робіцца няладнае). То разлітае па падлозе віно здасца спачатку крывёю… А многае было — нібы ў сапраўдным жыцці падгледзена. Хочаш – не хочаш, а рассмяешся, убачыўшы ў кімсьці сябе ці свайго суседа. Таму што — як і было сказана ў пачатку — гэта знаёма, гэта пра нас.

Акцёры парадавалі сваёй ігрой. Хоць тут няма нічога дзіўнага: многія з іх — Уладзімір Гасцюхін, Андрэй Карака, Эвеліна Сакура, Павел Харланчук, Алеся Пухавая ды іншыя — паспяхова і даўно здымаюцца ў расійскіх серыялах. Так, моцная беларуская акцёрская школа.

VIP-персона імпрэзы — гусак Харвестэр

Выдатная, на мой погляд, аператарская праца Генадзя Чалея: карцінка прыгожая, відэашэраг сакавіты. Бачна, што аператар натхнёны сцэнарам і яму падабаецца сам працэс.

Падчас паказу ў зале кінатэатра «Falcon Club Бутик Кино» не было звыклай цішыні: хтосьці з гледачоў перыядычна ўслых каментаваў эпізоды фільма, многія гучна смяяліся. Калі пайшлі фінальныя цітры і ўключылася святло, нехта з арганізатараў ужо без мікрафона выкрыкнуў: «Ну як? Спадабалася?». Замест сцвярджальнага «так» пачулася пазітыўнае, эмацыйнае шматгалоссе: «Калі працяг? А што ж там далей будзе?».

Так, адказ больш чым красамоўны, але з падтэкстам: карціна спадабалася.

Аліса Гюнгер

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?