На завод «БелДжы» паступілі першыя чатыры цалкам электрычныя электрамабілі Gееlу Gеоmеtrу А. Пакуль — для ўсебаковых выпрабаванняў, вывучэння попыту і канкурэнтных пераваг, а таксама для праверкі эксплуатацыйных параметраў у нашых кліматычных умовах.
«Кошт гэтага аўтамабіля не названы, ды і пра вытворчасць электракара гаворка пакуль не ідзе», — падкрэсліў на прэс-канферэнцыі дырэктар СЗАТ «БелДжы» Генадзь СВІДЗЕРСКІ.
Электрамабіль Gеоmеtrу А — гэта седан даўжынёй 4736 мм і колавай базай 2700 мм. Электраматор седана развівае магутнасць 163 конскія сілы, а да сотні кіламетраў у гадзіну аўтамабіль разганяецца за 8,8 секунды.
Электракар аснашчаецца літый-іённай батарэяй у двух варыянтах ёмістасці. Версія на 51,9 кВтг здольная даць запас ходу 410 км, а батарэя на 61,9 кВтг дазваляе праехаць 500 км на адной «запраўцы». Заяўлены сярэдні расход энергіі — 13,5 кВтг на 100 км. Падчас выпрабаванняў плануецца ацаніць хадавыя характарыстыкі ў беларускіх умовах. Па словах Генадзя Свідзерскага, пры тэмпературы, ніжэйшай за плюс 10 градусаў, параметры акумулятара ўжо значна зніжаюцца ў параўнанні са штатнымі характарыстыкамі.
Аўтамабіль мае адаптыўны круіз-кантроль, ёсць сістэмы рэагавання на пешахода, веласіпедыста, утрымання ў сваёй паласе, аўтаматычнай паркоўкі. «Каб нашы выпрабаванні былі больш інфарматыўныя, плануем, што з наступнага тыдня перадаём гэтыя аўтамабілі ў свае дылерскія цэнтры. У іх можна будзе азнаёміцца з дадзенымі машынамі», — сказаў Генадзь Свідзерскі.
Кітайскі Gеоmеtrу А абсталяваны цэлым россыпам электронных сістэм. На фірменнай зараднай станцыі аўтамабіль зараджаецца з 30 % да 80 % за 30 хвілін.
Дылеры атрымалі заданне збіраць інфармацыю аб пажаданнях беларускіх пакупнікоў, у тым ліку па цане.
Арганізацыя вытворчасці электракара магчымая і ў Беларусі. Аднак для гэтага патрэбен дастатковы попыт. Генадзь Свідзерскі ацэньвае яго ў 5—10 тысяч аўтамабіляў. «Што такое ў нашым разуменні масавы попыт? Гэта каля 10 тысяч аўтамабіляў у год. Калі мы бачым такі рынак, то мэтазгодна несці выдаткі, праводзіць падрыхтоўку да вытворчасці. Вось прыкладны ўзровень. Нават пяці тысяч электрамабіляў хапіла б, каб мы прынялі рашэнне аб падрыхтоўцы вытворчасці», — сказаў ён.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв'ю: abw.by
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.