Вы тут

З агнём навыперадкі. Чаму выпальванне травы зноў збірае ахвяры?


Сакавік і красавік — перыяд, калі людзі актыўна наводзяць парадак на зямлі. І адначасова ў гэтыя веснавыя месяцы «лічыльнік» пажараў у экасістэмах пачынае працаваць напоўніцу. Прычым год ад году дата яго «старту» становіцца ўсё ранейшая. Мяркуйце самі: калі ў 2018 годзе сакавік выдаўся сапраўдным зімовым месяцам, то і першыя пажары былі зафіксаваны 9 красавіка. Летась снег сышоў ужо значна раней, таму ўзгаранні ў экасістэмах пачаліся 24 лютага. А сёлета з-за цёплай і бясснежнай зімы і ўвогуле — 16 лютага. Колькасць іх набліжаецца да паўсотні. Чаго ж чакаць далей?


Пра гэта «Звязда» распытала памочніка міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі Віталя Навіцкага.

— На мінулым тыдні з гэтай нагоды адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў. Па папярэдніх звестках, пададзеных падчас яго спецыялістамі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, ад таго, што кліматычная зіма сёлета да нас так і не прыйшла і трывалае снегавое покрыва не ўтварылася, імавернасць паводкі гэтай вясной вельмі нязначная. Нават калі вадаёмы дзе і разальюцца, то такія з'явы будуць мінімальныя і зусім лакальныя. Але ў гэтага медаля ёсць другі бок: паколькі снегу не было, то ў пачатак вясны мы ўступаем без вялікіх запасаў вільгаці ў нашых экасістэмах. І на гэтым фоне магчыма ўскладненне пажарнай абстаноўкі. Разам з тым падставы для аптымізму ёсць. Метэаролагі папярэдне разлічылі, што другая палова сакавіка будзе прахалодная і вільготная. Калі гэты доўгатэрміновы прагноз спраўдзіцца, то ў лясах захаваецца цяперашні мінімальны, першы клас пажарнай небяспекі. Зараз сітуацыю ратуюць дажджы, якія даволі часта ідуць у нашай краіне.

Больш раннія даты пачатку ўзгаранняў у прыродзе прыводзяць да таго, што колькасць такіх выпадкаў істотна расце год ад году. Мяркуйце самі: калі ў 2017 годзе іх было 1598, то ўжо летась — 2688. Сёлета пакуль гэты лік набліжаецца да паўсотні. Сваю лепту ў гэта ўносіць тое, што ў папярэднія два гады красавік быў шчодры на цеплыню, а вось на ападкі — скупы. Самае страшнае ж — так званыя «зацяжныя» пажары, якія трэба тушыць не адзін дзень. Напрыклад, на тое, каб утаймаваць стыхію летась на Альманскіх балотах, спатрэбілася пяць дзён. Нагадаем, што тады агонь ахапіў плошчу ў 400 гектараў — і па законе подласці ў цяжкадаступных месцах.

— Амаль усе такія пажары выкліканы чалавечай неахайнасцю, — працягвае суразмоўца. — Так, бываюць выпадкі, калі лес падпальвае маланка без дажджу. Або калі донца ад бутэлькі служыць своеасаблівай збіраючай лінзай для прамых сонечных прамянёў. Але ўсё гэта адзінкава. Часцей за ўсё вінаватыя не затушаныя да канца вогнішчы пасля адпачынку на прыродзе або выпальванне на корані сухой расліннасці на ўласных прысядзібных участках. У такіх пажарах за апошнія пяць гадоў загінулі 23 чалавекі, яшчэ 37 атрымалі апёкі. Сярэдні партрэт ахвяры такога ўзгарання — чалавек у паважным узросце, які ўжо фізічна не можа хутка перасоўвацца. Нават пры невялікім ветрыку хуткасць агню, які распаўсюджваецца па зямлі, можна параўнаць з хуткасцю перамяшчэння чалавека, які бяжыць. Акрамя таго, у стрэсавай сітуацыі могуць імкліва абвастрыцца захворванні рознага роду, а падчас гарэння выдзяляецца вялікая колькасць вуглякіслага і чаднага газу, які і атручвае таго, хто знаходзіцца побач.

Так, 29 сакавіка мінулага года ў вёсцы Паршына Горацкага раёна жонка ўбачыла мужа, які ляжаў непадалёк ад дома ў палаючай траве. Яна тут жа выклікала ратавальнікаў, якія і патушылі полымя на плошчы 50 квадратных метраў. На жаль, чалавеку ўжо нічым нельга было дапамагчы.

І нават калі непасрэдны віноўнік пажару не пацярпеў, гэта не заўжды можна сказаць пра пабудовы. Летась 3 красавіка ратавальнікам паступіла паведамленне пра тое, што ў вёсцы Бабовікі Полацкага раёна гараць жылы дом і лазня на адным з участкаў. Адстаяць іх у агні не атрымалася.

— Землекарыстальнікам трэба было ў ідэале навесці парадак яшчэ ўвосень, — кажа Віталь Навіцкі. — Але калі апалае лісце і леташняя трава на ўчастку ўсё ж засталіся, то пазбаўляцца ад іх трэба больш цывілізаваным спосабам. Напрыклад, пусціць на перагной або спаліць у металічнай ёмістасці. Вогнішчы можна разводзіць толькі ў спецыяльна прызначаных для гэтага месцах і абавязкова мець пры сабе вогнетушыцель, вядро з пяском або вадой. І не дапускайце, каб побач з агнём гулялі малыя дзеці.

Часам тое, што на чыімсьці прысядзібным участку гарыць трава, заўважаюць даволі позна. Напрыклад, у будныя дні да пачатку сезону адпачынкаў у тых жа садовых таварыствах мала хто знаходзіцца пастаянна. Адпаведна, і шанцаў на тое, што сусед убачыць агонь і выкліча ратавальнікаў, становіцца прапарцыйна меней. Сучасныя платы з металапрофілю таксама перакрываюць агляд з вуліцы, і даведацца пра тое, што гарыць трава, можна толькі па паху і дыме, калі ўжо можа быць позна.

Ніякай карысці веснавыя палы травы не прыносяць. Затое шкоды нясуць вельмі шмат. Павышаецца кіслотнасць глебы, а пладароднасць змяншаецца. Як вынік, расліннасць пачынае імкліва збядняцца. На гібель асуджаны ўсе дробныя жывёлы і насякомыя, для якіх трава або паверхня зямлі — родны дом.

— Па нашых разліках самыя складаныя ў плане пажараў у прыродных экасістэмах тэрыторыі — Брэсцкая, Гомельская вобласці і поўдзень Мінскай, — сцвярджае Віталь Навіцкі. — І ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ёсць свае планы рэагавання на магчымую пагрозу. Мы сфарміравалі 11 зводных атрадаў. Яны ўкамплектаваны тэхнікай павышанай праходнасці і налічваюць у сваіх шэрагах больш за 600 чалавек. За 6 гадзін яны могуць дабрацца ў любы пункт вобласці, а за 12 — краіны. Дзе ёсць магчымасць, выкарыстоўваюцца спецыяльныя інжынерныя машыны. Таксама распрацаваны 32 маршруты для авіяпатрулявання. Яны ахопліваюць 80 % тэрыторыі Беларусі. Рэшта падае на гарады і іншыя густанаселеныя мясцовасці, дзе неабходнасці ў пастаянным назіранні з паветра няма.

Ці можна ж патушыць палаючую траву самастойна?

— Перш за ўсё трэба паведаміць пра ўзгаранне па нумары 101 або 112. Нават калі вы едзеце праз невядомы населены пункт, то дыспетчар стане задаваць наводзячыя пытанні і дазнаецца пра ваша месцазнаходжанне. Ну а за тыя некалькі хвілін, пакуль будуць ехаць ратавальнікі, можна паспрабаваць суцішыць узгаранне і самому. Трэба не падыходзіць у той бок, куды дзьме вецер, і збіваць полымя пры дапамозе галінак дрэў, пяску, зямлі і вады.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Прэв'ю: life-move.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».