Вы тут

Угнаенні для расады


Лічыцца, што найлепшыя ўгнаенні для расады павінны ўтрымліваць у сабе комплекс карысных рэчываў, важных для паўнавартаснага развіцця расліны: азот, фосфар, калій (напрыклад, у нітраамафосцы змяшчаецца роўная колькасць гэтых элементаў). Тым не менш падкормка расады аднакампанентнымі ўгнаеннямі прыйдзе на дапамогу ў тым выпадку, калі расліны адчуваюць недахоп у нейкім канкрэтным рэчыве.


Вадкія падкормкі лічацца самымі эфектыўнымі. Паліў расады ўгнаеннем дазваляе карысным рэчывам хутчэй паступіць да каранёў расліны, а значыць, і эфект ад такой падкормкі большы, чым пры выкарыстанні грануляванага прэпарату.

Асноўныя прыкметы азотнага галадання: пажаўценне ніжніх лісточкаў, спыненне росту.

Калі вы заўважылі, што лісце і сцёблы раслін пачалі цямнець і набываць фіялетава-барвовую афарбоўку, то, хутчэй за ўсё, яны адчуваюць недахоп фосфару. Першую фосфарную падкормку ўносяць толькі тады, калі расліна цалкам укараніцца, у ідэале — пасля пікіроўкі.

Тыповыя сімптомы недахопу калію — хларатычныя плямы і жоўтая акантоўка лісця. Першую калійную падкормку расады праводзяць пад корань, калі ў расліны ўжо з'явілася 2-3 сапраўдныя лісточкі. Наступнае ўнясенне ўгнаення праводзіцца праз 10—14 дзён пасля пікіроўкі ці высадкі расады ў грунт.

Чым падкарміць расаду таматаў?

Як ужо было сказана, выбар асноўнага элемента падкормкі залежыць ад таго, якога канкрэтна рэчыва не хапае расліне. Для гарманічнага развіцця расаду таматаў падкормліваюць па наступнай схеме.

  • 1-я падкормка: са з'яўленнем трэцяга сапраўднага лістка — вадкае комплекснае ўгнаенне з перавагай азоту (1-2 ст. л. сухога прэпарату на 10 л вады).
  • 2-я падкормка: на 11—12-ы дзень пасля пікіроўкі — нітраамафоска (0,5 ст. л. на 5 л вады, па 100 мл на 1 расліну).
  • 3-я падкормка: праз два тыдні паўтараецца ўнясенне нітраамафоскі ў тых жа прапорцыях.
  • 4-я падкормка: калі расадзе споўніцца 2 месяцы, праводзіцца калійна-фосфарная падкормка (1/2 ст. л. простага суперфасфату і 1 ст. л. попелу на 5 л вады, расход — 0,5 шклянкі на 1 расліну).

Чым падкарміць расаду перцу?

  • 1-я падкормка: у фазе першага сапраўднага ліста — раствор мачавіны (1 ст. л. на 10 л вады).
  • 2-я падкормка: праз тры тыдні паўторна мачавіна ці іншае азотнае ўгнаенне ў тых жа прапорцыях.
  • 3-я падкормка: за 7—10 дзён да перасадкі ў грунт падкарміць падвойным суперфасфатам або іншым азотазмяшчальным прэпаратам (можна паўтарыць унясенне мачавіны).

Угнаенне для расады кветак

У першы раз расаду кветак угнойваюць праз тыдзень пасля пікіроўкі. Затым падкормкі паўтараюць штотыдзень. Ужываюць растворы комплексных мінеральных угнаенняў, чаргуючы іх з арганікай, напрыклад, разведзеным вадой (1:10) настоем каравяку.

Дамашнія ўгнаенні для расады

Угнаенне для расады, прыгатаванае ў дамашніх умовах, — даступны кожнаму спосаб падкарміць расліны, калі пад рукой няма крамных прэпаратаў.

Бананавае

У трохлітровы слоік пакласці лупіну ад 3-4 бананаў і заліць да верху кіпячонай вадой. Паставіць у цёмнае месца на 4-5 сутак і працадзіць. Раствор захоўваюць у слоіку да 1 месяца. Такая падкормка змяшчае нямала калію і карысная таматам, перцу, агуркам, капусце, баклажанам. Перад ужываннем разбавіць раствор вадой 1:1.

Цыбульнае

Заліць 1 шклянку цыбульнага шалупіння 10 л вады і давесці да кіпення. Адвар астудзіць і працадзіць. Цыбуля не толькі багатая пажыўнымі элементамі, але і дапаможа ў барацьбе з хваробамі і шкоднікамі.

Памылкі пры падкормцы расады

Падкормка ў вячэрнія гадзіны. Лепш за ўсё расліна рэагуе на падкормку, праведзеную раніцай, калі расада «адпачывае» пасля актыўнага начнога росту.

Няправільная тэхніка. Пры ўнясенні ўгнаенняў нельга дапускаць, каб яны траплялі на лісце або сцёблы расліны, — гэта можа стаць прычынай з'яўлення апёкаў.

Ранняе ўнясенне калійных угнаенняў. Угнаенні, што змяшчаюць вялікую колькасць гэтага рэчыва, могуць загубіць расліну, якая знаходзіцца ў фазе з'яўлення першых усходаў і актыўнага фарміравання каранёвай сістэмы.

Выкарыстанне «няправільнай» вады. Лепш за ўсё падыходзіць вада, якая па сваім саставе максімальна набліжана да натуральных умоў, г. зн. дажджавая або талая, але толькі калі яна была ўзятая ў экалагічна чыстым раёне. У якасці альтэрнатывы можна выкарыстоўваць і ваду з-пад крана, якая адстаялася некалькі дзён. Звярніце ўвагу, што ў працэсе кіпячэння вадкасць траціць кісларод і гэта адмоўна адбіваецца на расадзе.

Аптымальная тэмпература вады для паліву расады — 20—25 °С.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.