Вы тут

Жыццё і планы горада энергетыкаў. Як будзе развівацца Астравец?


У горадзе энергетыкаў ёсць дзе працаваць зранку, сілкавацца ў абед і адпачываць увечары. Аднак чакаецца, што да 2030 года насельніцтва Астраўца дасягне 20—22 тысяч. Усім ім трэба будзе недзе жыць, есці і адпачываць, а іх дзецям — яшчэ вучыцца і развівацца. Таму горад працягвае актыўна рэалізоўваць праекты па ўсіх кірунках, арыентуючыся на запыты жыхароў цяперашніх і будучых. Што чакае стары і новы Астравец, карэспандэнт «Звязды» запыталася ў мясцовай улады.


У прагнозах — дэмаграфічны ўсплёск

Астравец — малады горад, які жыве пад дэвізам «Горад, у якім хочацца жыць». Людзі тут жвавыя: бегаюць, ездзяць на роварах, цікавяцца спортам. Па ўсім бачна, што жыццё тут віруе, упэўнены ўлады.

За найноўшую гісторыю горада энергетыкаў (з моманту пачатку будаўніцтва Беларускай АЭС) тут збудаваны дзве сучасныя школы, чатыры дзіцячыя садкі (кожны з басейнам), дом творчасці дзяцей і моладзі. Сёлета завершаць шматфункцыянальны комплекс сацыяльна-культурнага прызначэння, дзе будуць музей, канферэнц-зала, бібліятэка. Пачнуць будаваць новы аўтавакзал са станцыяй электразарадкі. Астравец стане другім у краіне горадам, дзе на гарадскіх маршрутах будуць працаваць электробусы, а з часам, магчыма, яны пойдуць і па раёне.

— Цікава, што пры распрацоўцы комплекснага плана развіцця атамнай станцыі планавалася зрабіць трамвайны маршрут для дастаўкі на АЭС работнікаў, — заўважыў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар ШАЛУДЗІН. — З часам канцэпцыю памянялі, на работу атамшчыкі паедуць на электробусах.

Сёлета ў горадзе здадуць 59-кватэрны дом і пачнуць наступны 56-кватэрны. У кожным з іх жыллё выдзяляюць сіротам.

— У межах інвестыцыйнай дзяржпраграмы ў маі плануецца здаць дом для работнікаў сацыяльнай сферы. Толькі летась да нас размеркаваліся 150 медыцынскіх работнікаў і 40 педагогаў. Думаю, большасць з іх застанецца ў раёне, і мы зможам прагназаваць пэўны дэмаграфічны ўсплёск, — выказаў спадзеў старшыня. — Ужо прынялі 14 рашэнняў аб выдзяленні сямейнага капіталу на будаўніцтва жылля. Многія жадаюць будаваць у межах горада сядзібнае жыллё, і да канца года мы павінны атрымаць каля 140 зямельных участкаў пад індывідуальную жылую забудову. Пакуль падцягваем туды інжынерныя сеткі і, думаю, зможам задаволіць запыты ўсіх. Уласнымі дамамі, дарэчы, вельмі цікавіцца моладзь.

Гандлёвая канкурэнцыя і мары пра алімпійскага чэмпіёна

Пачнуць у Астраўцы і будаўніцтва сучаснага шматпавярховага жылля з магчымасцю размяшчэння на яго першых паверхах адміністрацыйных і гандлёвых памяшканняў.

— Ключавая пазіцыя райвыканкама ў развіцці гандлю абыходзіцца без бюджэтнага фінансавання, задзейнічаць інвестыцыі гандлёвых сетак і прыватнага бізнесу, — акрэсліў старшыня. — За апошнія гады ў Астравец прыйшлі пяць сетак, якія стварылі на рынку добрую канкурэнцыю. Кропка тут не пастаўлена, развіццё працягваецца. Усе ўчасткі прадаюцца з аўкцыёна. Вось і цяпер адзін на стадыі праектавання, другі — продажу.

Пры гэтым мясцовыя жыхары выказваюць пажаданне мець шырэйшы асартымент пэўных груп такіх непрадуктовых тавараў, як абутак, адзенне.

— На гэта скіравана далейшае развіццё нашага гандлю, — падключыўся да размовы намеснік старшыні Павел МІЛЕШКА. — У трэцім мікрараёне цяпер будуем не проста гандлёвыя аб'екты ў фармаце пэўнай сеткі, дзе ў зале няма нічога, акрамя харчовых тавараў, а аб'екты, частку плошчы якіх зоймуць прадукты харчавання, частку — нехарчовыя тавары. Пад будаўніцтва аднаго з такіх пунктаў ужо выдзелена больш за 3,5 гектара.

У раёне вялікую ўвагу звяртаюць на спартыўны кірунак. За апошні час у Астраўцы збудаваныя фізкультурна-аздараўленчы комплекс, стадыён, шматфункцыянальны спарткомплекс «Імпульс». Сёлета пачнецца будаўніцтва крытай лядовай пляцоўкі.

— У нашым раёне прасочваецца развіццё шляху ад дзіцячага садка да вялікага спорту. Мы марым выгадаваць алімпійскага чэмпіёна па плаванні, — падзялілася старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына ТАЛЬЧУК. — Усе сельсаветы Астравеччыны арганізавалі паркі адпачынку, дзе не толькі ёсць гульнявое абсталяванне, але і створаны пляцоўкі для варкаўта. Гэта вельмі зручна: дзіця – на арэлі, а мамы-таты — на турнікі.

«Атамнае» супрацоўніцтва і медыцынская эканоміка

Мясцовыя кажуць, што Астравец выцягнуў шчаслівы білет праз будаўніцтва Беларускай АЭС. Таму не дзіва, што за гады яе стварэння ў горада склалася цеснае супрацоўніцтва з дзяржкарпарацыяй «Расатам», якая адказвае за будаўніцтва. Гэта абмен дэлегацыямі дзяцей, мастацкімі калектывамі з гарадамі-пабрацімамі Астраўца, некаторыя з якіх знаходзяцца ў рэгіёнах размяшчэння атамных станцый.

— Вельмі важна, што кантакт існуе не толькі паміж адміністрацыямі гарадоў, але і на ўзроўні адукацыйных устаноў, якія ўжо маюць прамыя стасункі. Сёлета ў сябе ў лагеры мы будзем прымаць дзяцей з-за мяжы, а нашы паедуць у Венгрыю. Калі сувязі будуць наладжвацца з такога ўзросту, то ў перспектыве яны, пэўна, будуць больш моцныя і перспектыўныя, — падкрэсліў Ігар Шалудзін. — У трэцяй школе Астраўца рэалізуецца адзін з праектаў, прапанаваны Расатамам, па стварэнні атам-класа. З пачатковых класаў малым расказваюць, што такое атам і станцыя. Пасля яны кажуць пра гэта бацькам, атрымліваецца пераканаўча.

Някепска пайшло супрацоўніцтва і ў спорце. Упершыню ў Беларусі ў Астраўцы на тэрыторыі першай гімназіі збудаваны баскетбольны стадыён для гульні «тры на тры». Цяпер ужо амаль уся Гродзенская вобласць удзельнічае ў такіх спаборніцтвах.

Узровень тутэйшай медыцыны таксама перавысіў раённыя межы. Сёлета ў Астраўцы здалі першы пускавы комплекс цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы — такім статусам у краіне валодае толькі адна раённая медыцынская ўстанова. А ў перспектыве, пасля ўводу ў чэрвені—ліпені другога комплексу, бальніца стане адным з чатырох рэгіянальных медцэнтраў у Гродзенскай вобласці.

— Акрамя найноўшага сучаснага абсталявання гэта яшчэ і вялікія плошчы, і ўкладзеныя грошы. Яе загрузка павінна абярнуцца не толькі нейкім дэмаграфічным, але і эканамічным эфектам. Мы разлічваем на павелічэнне экспарту медыцынскіх паслуг — да Вільнюса ж адсюль 50 кіламетраў. Паслугі бальніцы будуць карыстацца попытам як у беларусаў, так і ў замежнікаў, асабліва літоўцаў, — упэўнены старшыня.

Адпачынак каля ракі

У межах горада ёсць дзве ракі. Лоша перасякае Астравец з захаду на ўсход, Кавалёўка — з поўдня на поўнач. У іх поймах плануюць стварыць месцы для адпачынку і заняткаў спортам, арганізаваць вела- і пешаходныя сцежкі ўздоўж рэк, цераз лясок. Гэты праект дзеляць на два этапы, і першы рэалізуюць сёлета да канца года.

— Праект па стварэнні пешаходна-рэкрэацыйных зон паблізу жылых мікрараёнаў № 1 і 2 увязваем з рэканструкцыяй адной з вуліц старога горада — Валадарскага, якая вядзе ад першага мікрараёна да цэнтра Астраўца, — удакладніў кіраўнік раёна. — Тут будзе створана новая кальцавая развязка, заменяць інжынерныя сеткі, пашыраць праезную частку, аптымізуюць аўтобусныя прыпынкі, зробяць дадатковыя аўтастаянкі для легкавых аўто.

Ёсць інвестар, які гатовы стварыць забаўляльны дзіцячы цэнтр. Мясцовы прадпрымальнік таксама выкупіў недабудаваны малочны завод, які з 90-х гадоў стаяў незапатрабаваны, і плануе змясціць тут гандлёва-забаўляльны цэнтр. Яшчэ адзін прадпрымальнік прапанаваў у першым мікрараёне на пляжы стварыць летнюю кавярню, зладзіць канатныя дарогі, арганізаваць пэйнтбол, катанне на катамаранах, а ўзімку — на цюбінгах з горкі.

Не забываюцца ў Астраўцы і пра зялёную эстэтыку, каб вока радавалася. Ствараюць габеоны, альпійскія горкі, клумбы, саджаюць дрэвы. Нават падумваюць арганізаваць конкурс на найлепшае ўпрыгожанне тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку на сельскіх мех-дварах і фермах. Што і казаць, работы ў маладога горада наперадзе яшчэ шмат, але работы прыемнай, бо для сябе ж робяць.

Ірына СІДАРОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.

Грамадства

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

Работа дзіцячых паліклінік, гэтак жа як і дарослых, змянілася з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

Грамадства

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя.