Вы тут

Ірына Шырокая: Хочацца выкарыстоўваць формы, якія прапануе час


Ірына Шырокая — беларускі харэограф і пастаноўшчык, стваральніца тэатра танца «Skyline». Ірына працуе з сучасным танцам contemporary, які спалучае методыкі заходняга класічнага і ўсходняга танцаў. Сontemporary — танец, заснаваны на эмоцыях, выразнасці, супярэчнасці. Сёння менавіта гэты стыль непарыўна звязаны з тэатрам і цікавіць многіх практыкаў сучаснай харэаграфіі. Разам з Ірынай мы асвятлім найбольш балючыя пытанні развіцця сучаснага тэатра і танца, паразважаем на тэму ўдзячнага гледача і мастацтва і раскрыем некалькі цікавых фактаў з жыцця самой Ірыны.


Фота Алены Козак.

— У якіх умовах ствараецца «шырокі свет Шырокай»?

— Ты ніколі не ведаеш, што на цябе паўплывае больш за ўсё. Гэта пытанне натхнення і таго, адкуль яно прыходзіць, з чаго складаюцца фігуркі ў галаве, пазлы. Значную частку маіх думак і пошукаў спараджае музыка. Калі знаходзіш патрэбны трэк, пачуццёвае асяроддзе ўзнікае адразу, і тады лёгка ставіць задачы перад выканаўцам: ён ідзе ці ў  музыку, ці ў процівагу ёй, ці працуе з ёю неяк па-свойму.

Зараз стараюся не звяртацца да глабальных тэм, а працаваць з асобаснымі праблемамі. Нават не праблемамі, а светаадчуваннем. У кожнага чалавека яно сваё. І гэта на дадзены момант мой шлях працы з выканаўцам: я паважаю яго, і мне здаецца, што ён можа даць больш, чым проста мая пастаноўка харэаграфіі. Мне падабаецца працаваць з людзьмі, часам адчуваю сябе крыху псіхолагам, гэта вельмі ўзбагачае.

Шмат працую з сімволікай. Мне падабаецца браць адзін сімвал і «выціскаць» яго да канца: калі ёсць адзіны прынцып, адзіная методыка, адзінае значэнне, якое разглядаецца ці з розных бакоў, ці ўглыб. Зараз гэта графічная сімволіка, міфалагічная, таму што тут ёсць бэкграўнд, з якім цікава працаваць.

 Таксама цікаўлюся масмаркетам. Разумею (і спадзяюся), што там сканцэнтравана шмат інтэлекту. Хочацца выкарыстоўваць формы, якія прапануе час. Але спачатку ў іх трэба разабрацца, бо яны не такія простыя.

— Каго ў вас больш: харэографа ці рэжысёра-пастаноўшчыка?

— У нейкі момант пераважае пастаноўшчык і інтарэсы імкнуцца ў бок тэатра, у іншы момант гэта надакучвае і хочацца працаваць толькі з харэаграфіяй, з танцорамі. Цяпер ува мне прэваліруе рэжысёр-пастаноўшчык: у  гэтым кірунку я працавала менш, і  тут адкрываецца больш магчымасцей для развіцця і шансаў інтэграваць сваё бачанне ў розныя формы. Менавіта пастановачная работа дазваляе сінтэзаваць свае ідэі з магчымасцямі і кіно, і тэатра, і іншых жанраў і відаў мастацтва.

— Якія асноўныя этапы можна вызначыць на вашым прафесійным шляху?

— Этапаў шмат, і я нават не ведаю, які з іх важнейшы. Але самы галоўны — гэта студыя Дзіны Юрчанкі ў Віцебску, мой першы крок у свет сучаснага танца. Былі этапы ўнутраныя, этапы прымання. Напрыклад, калі я зразумела, што больш не студэнтка. Выпуск з універсітэта — важны момант, калі разумееш, што ўжо прафесіянал, а  значыць, павінен паводзіць сябе адпаведна. Гэта патрабуе адказнасці, бо становішся сталым і зусім па-іншаму ўспрымаеш свет.

Наступны этап: калі ўпершыню сутыкнулася з фізічным тэатрам, дзе трэба не танцаваць, а існаваць. Гэта быў пераходны момант: мяне выкінулі з зоны камфорту, і я стала мацнейшай. І апошні важны этап — прыход і сыход з тэатра.

Цяпер я ў пагранічным стане: не працую і думаю пра тое, як арганізаваць жыццё, каб не працаваць на пастаяннай аснове. Мне было цікава ў  Маладзёжным тэатры з таленавітымі акцёрамі, але падбор матэрыялу не падабаўся. Таму пасля адных і тых жа пастановак, калі мяне дзясяты раз прасілі паставіць цыганскі танец, я зразумела, што хачу працаваць з акцёрамі, але ў  другім кірунку, і выбіраць рэжысёра сама. Гэта прадыктавана жаданнем ствараць больш плённыя тандэмы.

— Калі вы зразумелі, што хочаце працаваць на тэатральнай сцэне?

— Маёй першай пастаноўкай была «Беспасажніца». Я рабіла шмат памылак, але працаваць у тэатры спадабалася, гэта было цікава. Можна сказаць, я зразумела, што атрымліваю станоўчыя эмоцыі, калі мы ставілі спектакль «І не намі тое прыдумана» (па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага «Нічыпар», рэж. Дзяніс Паршын). Пастаноўка зусім тэатральная, але там цікавыя формы, шмат фізічнага акцёрскага руху, за якім цікава назіраць, бо заснаваны на асабістым вопыце чалавека. У акцёраў, канешне, таксама ёсць «кастылі», але эмацыянальнасць счытваецца і працуе на гледача лепш. Калі бачыш гэта ўсё, хочацца працаваць.

 — Якія падыходы, методыкі вы выкарыстоўваеце, калі выкладаеце танец?

— Я карыстаюся сваімі методыкамі. Працую з эмацыянальным фонам і займаюся развіццём цела праз задачы. Не праз фізічную памяць, а менавіта праз вырашэнне танцорам задач. Змешваю гэта з фізічнай прапрацоўкай цела, каб чалавек мог перадаваць пачуцці пры дапамозе большай колькасці інструментаў: у партэры, у скачку. Мае класы разлічаны на любога чалавека, але, як правіла, лепш спраўляюцца тыя, у каго ёсць базавая падрыхтоўка.

Я бачу сэнс не ў строгасці, а ў дысцыпліне. Лічу, што людзі, якія прыходзяць на трэніроўку з разуменнем выніку, атрымліваюць тое, што ім патрэбна.

— Мастацтва дзеля грошай ці мастацтва дзеля мастацтва?

— Да фармулёўкі «мастацтва дзеля мастацтва» ў мяне стаўленне адмоўнае. Працэс творчасці я стаўлю вышэй за мастацтва. Мастацтва дзеля працэсу? Можа быць. Сам час, працэс разважання над працай. Жыццё як мастацтва. Вы жывяце — і гэта ўжо ёсць прадмет мастацтва. Усе працэсы, якія адбываюцца, — таксама частка мастацтва. Вядома, не дзеля грошай. Мастак павінен быць галодны.

— Ці варта харэографу, рэжысёру тэатра і кіно ўкладаць у свае работы частку сябе, раскрываць таямнічыя грані ўласнай душы? Або танец, тэатр і кіно — мастацтва, якое патрабуе найменшай прысутнасці аўтара ў ім?

— Гэта пытанне хутчэй тэорыі мастацтва. Цяпер кажуць, што аўтар мёртвы, маўляў, мы кампілюем ужо гатовае, і задача толькі ў зборы інфармацыі. Мне хочацца асабістай прысутнасці аўтара ў работах, але «другім планам». Напрыклад, калі ёсць п’еса — перадай твор, які напісаў драматург, а другім планам — тое, што хочаш сказаць ты. Можа, гэта прагучыць самаўпэўнена, але я адчуваю, калі ёсць аўтар: па кампазіцыі, пабудове матэрыялу. Увогуле, усё залежыць ад кантэксту і мэты: калі вам патрэбна работа ў пэўным жанры, дзе трэба выказацца, тады неабходны вашы асабістыя думкі, праца з выканаўцам.

— Як вы ацэньваеце сучаснага гледача? На вашу думку, як стаць гледачом калі не ідэальным, то хаця б добрым?

— Калі ў мяне была школа танцаў «Skyline», часта пыталіся: «Вось ты і  танцуеш, і пастаноўкі робіш. Зрабі выбар: хто ты?» Я адказвала, што выхоўваю гледача. Хаця не люблю быць ні настаўнікам, ні выхавальнікам. Але ў  той жа час разумею: калі не мы, то хто? Выхаванне гледача — самае важнае, што мы павінны рабіць. Гледача трэба падцягваць па ўспрыманні. Гэта цяжкі працэс, таму што ў ідэале ён павінен ісці ў сукупнасці з працэсам адукацыі. З пачатковай школы ў гэта павінны ўкладвацца грошы.

Мне здаецца, што ўсё рухаецца ў станоўчы бок, і тых, хто цікавіцца, робіцца больш. Папулярызацыя contemporary ёсць, людзі, якія прыходзяць у танец, хутчэй адаптуюцца як гледачы, яны лепш успрымаюць лексіку, счытваюць сімвалы.

Канешне, усе чакаюць дзяржаўнай падтрымкі, бо калі ёсць тэатр оперы і балета, то ёсць магчымасць хадзіць туды. Калі няма тэатра сучаснай харэаграфіі, цяжка данесці да гледача інфармацыю пра тое, што ты наогул існуеш. Беларусь — адна з нямногіх краін, дзе няма тэатра сучаснай харэаграфіі. Гэта праблема, пра якую шмат гавораць у нашым асяроддзі, але трэба аддаць палову жыцця, каб нечага дабіцца.

Гледачу ж важна не быць лянівым. Ёсць інтэрнэт, дзе можна знайсці шмат матэрыялу. Пашукайце інфармацыю пра Піну Баўш, Анну Кеерсмакер — гэта класікі сучаснага танца. Ёсць маскоўскае выдавецтва «Гараж», якое выпускае шмат літаратуры пра мастацтва. А ўвогуле, трэба проста слухаць і  глядзець. Можна наведваць фестывалі, напрыклад, Санкт-Пецярбургскі «Контекст» Дзіяны Вішнёвай. Ён працуе на працягу года, прывозіць зорак сучаснай харэаграфіі з усяго свету, прапаноўвае цікавыя адукацыйныя праграмы. Гэта крута, бо даступна. Украіна таксама спрабуе знайсці свой шлях, за гэтым цікава назіраць. У Кіеве ёсць ApacheCrew, яны робяць кватэрнікі, нешта накшталт contemporary-батлаў. І сэнс у тым, што, чым больш ты незвычайны менавіта целам, тым лепш. Там асаблівая атмасфера, цікавыя выканаўцы, добрыя магчымасці. І гэта адзін з самых яркіх івентаў на постсавецкай прасторы, якія я ведаю.

— Што можаце сказаць пра сучаснае айчыннае тэатральнае і танцавальнае мастацтва?

— Беларусь знаходзіцца ў выгадным становішчы, бо яна паміж Расіяй і Еўропай і ў яе ў крыві старадаўняя вытрымка народнага танца, класічнай падрыхтоўкі, але ў мысленні пераважае еўрапейскае. Таму мы цікавыя, у нас ёсць зліццё моцнай тэхнікі і канцэптуальных ведаў. Менавіта таму магу сказаць, што з усіх краін постсавецкай прасторы беларускі андэграўндны сучасны танец самы цікавы.

 Мы, вядома, не можам канкурыраваць з еўрапейскімі краінамі, дзе вялікая колькасць матэрыялу, бо ў нас мала хто гэтым займаецца, мы вельмі «кропкавыя». Але, гледзячы на еўрапейскія работы, разумею, што наша індывідуальнасць, наша «дыхатамія» — тое, што чапляе.

— Якім бачыце будучыню беларускага тэатра, беларускага танца?

 — Лічу, што ўсё будзе нядрэнна. Упэўнена, што хаця і вельмі павольна, але ў любым выпадку сфарміруецца такая структура, як сучасны тэатр. Тэатр згуртуе вакол сябе выканаўцаў, пастаноўшчыкаў і пакажа гледачу, што ён ёсць.

Цяпер перад пастаноўшчыкамі, харэографамі востра стаіць грашовае пытанне, бо іх праца павінна акупляцца. У нас няма сістэмы грантаў, таму робім усё на акупляльнасць, а гэта закладваецца ў кошт квіткоў. І што б мы ні думалі пра гледача, падладзіцца пад яго не маем магчымасці. Акрамя таго, трэба вырашыць шмат іншых пытанняў: пляцоўка, тэхнічная аснашчанасць.

На жаль, у нас няма людзей, якія б прывозілі гранты, дапамагалі рэалізоўваць праграмы. Як толькі такая сістэма з’явіцца — будзе вялікі прарыў.

Яўгенія ГАБЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».