Вы тут

Агракомплекс «Макарава»: у памяшканні прыгожа, крэатыўна, грае класічная музыка


Хто сказаў, што жывёлагадоўчы комплекс — гэта тыповае прадпрыемства, аформленае ў строгіх панурых колерах, змест і прызначэнне якога выдае спецыфічны пах ды аднолькавая форма работнікаў? Пералічанае — дакладна не пра калектыў комплексу «Макарава» сельгаспрадпрыемства «Макарава-Агра». У іх усё іначай: у памяшканні прыгожа, крэатыўна, музыка класічная грае, у калідоры карцінкі з рознымі пейзажамі на сцяне мяняюцца з дапамогай відэапраектара. Раней не даводзілася бываць на такіх фермах.


— Памятаеце, як там у Дастаеўскага: прыгажосць уратуе свет? Дык чаму яна павінна ратаваць яго недзе далёка, а не канкрэтна ў нас, у Макараве? — смяецца галоўны заатэхнік Святлана Ляшук. — Вось і мы падумалі, што найлепшая тая прыгажосць, якую створыш сваімі рукамі. Потым адыдзешся, паглядзіш, падправіш нешта, а то і пераробіш наноў. А калі сур'ёзна, то генератарам ідэй па ўладкаванні і афармленні комплексу з'яўляецца яго начальнік Андрэй Казачок, а мы падхопліваем, усведамляем і матэрыялізуем. І ўвесь час знаходзімся ў працэсе развіцця. Бо з'яўляецца нешта новае ў часопісе, у інтэрнэце, значыць, можна прымяніць у сябе, адаптаваць да нашых умоў і становішча.

Галоўны заатэхнік Святлана Ляшук.

Менавіта такім чынам паявілася побач з уваходам у памяшканне цэлая скульптурная кампазіцыя. Цяпер любога, хто ўваходзіць, у дзвярах сустракаюць вясёлыя каровы. Тут выстаўлены цэлыя рагатыя сямействы з малымі і большымі цялятамі, да якіх прысуседзіліся прадстаўнікі пёрыстага жывёльнага свету. Ва ўсіх фігурках угадваюцца мульцяшныя героі — адна гэтая карцінка здольная ўзняць настрой. Тым больш што да свят кароў могуць упрыгожыць, напрыклад, каляровымі вяночкамі. А зойдзеш у калідор — там свой незвычайны дызайн. Сцены ўпрыгожваюць не толькі прывычныя інфармацыйныя стэнды — на розных узроўнях змешчаны кветкі, на адну сцяну праецыруюць маляўнічыя пейзажы. Прымацаваны да столі вялікі бусел нагадвае пра нашу зямлю пад белымі крыламі.

Калі выпадзе зазірнуць у пакой адпачынку і прыёму ежы, нібы апынаешся ў дамашняй абстаноўцы. На першы погляд, абсталявана проста, але зноў жа, з любоўю, з густам. І мэбля, і сурвэткі адна да адной — адразу відаць, сапраўдныя гаспадынькі руку прыклалі.

Тут, у сэнсе на комплексе, часта гучыць музыка, але не столькі для работнікаў, колькі для рагуль. Спецыяльна для іх падбіралі музыку для дойкі. Спыніліся на класічных кампазіцыях, бо заўважылі, што пры такім музычным суправаджэнні каровы лепш аддаюць малако.

Аператары машыннага даення Наталля Баранчук і Сафія Мазурык.

А вынікі работы жывёлагадоўчы комплекс мае вельмі прыстойныя, калі без залішняй сціпласці гаварыць — лепшыя ў раёне, у тройцы лідараў па вобласці. Напрыклад, зарплата аператара машыннага даення істотна перавышае сярэднюю па краіне. Паводле слоў начальніка комплексу Андрэя Казачка, ужо сёлета малочны цэх прадпрыемства перабольшвае па надоях у параўнанні з леташнім, паказчыкі недзе на ўзроўні 150 працэнтаў. «Удой у нас лепшы па гаспадарцы і падступае да 8 тысяч літраў на карову. 100 працэнтаў малака ідзе класам «экстра». За ўсім гэтым, вядома, стаіць штодзённая праца кожнага з калектыву, які налічвае 31 чалавек. З іх дваццаць — жанчыны. Складовымі нашага поспеху можна назваць граматную селекцыю, перадавыя тэхналогіі, якасныя кармы, — працягвае Андрэй Уладзіміравіч. — Гэта ж аграмаднае жывёлагадоўчае прадпрыемства. Цяпер на комплексе ўтрымліваецца 1601 галава буйной рагатай жывёлы, у іх ліку 500 дойных кароў. І кожная жывёліна павінна быць дагледжаная ў адпаведнасці з тэхналагічнымі, ветэрынарнымі патрабаваннямі».

Камбікорм, напрыклад, тут робяць па сваім рэцэпце, для яго нават купілі асобную размолачную машыну, якая выдае патрэбную фракцыю сумесі. Да складання рэцэптуры спецыялісты падыходзяць надзвычай адказна, карыстаюцца найноўшымі навуковымі распрацоўкамі.

Важна, што падабралася каманда аднадумцаў, якія перажываюць за справу, за калектыў. А калі вакол прыгожа, зарплата прыстойная, то і на працу хадзіць хочацца — у адзін голас кажуць жывёлаводы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Камянецкі раён

Загаловак у газеце: Камфорт, крэатыў... і музыка для рагуль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».