Вы тут

Вяртанне аднаго рарытэта


Вяртанне аднаго рарытэта

У Маскоўскім выдавецтве “Художественная литература” выходзіць раман беларускай пісьменніцы ХІХ стагоддзя.

«Элиза Ожешко. «Меир Эзофович». Повесть из быта евреев в двух частях с иллюстрациями М.Э.Андриолли» — так сведчыць тытульная старонка выдання, якое выходзіць у серыі «Забытая книга». Ва ўступным слове пазначана: «Элиза Ожешко (1841–1910) родилась близ Гродно и почти всю свою жизнь прожила в этом городе. Сейчас это Республика Беларусь, но в те времена так называемые Восточные Кресы — Гродненская земля — входили в Российскую империю. Поэтому белорусы, равно как и русские, считают польскоязычную писательницу своей соотечественницей. Или просто – своей…».

Упершыню раман быў надрукаваны ў 1878 годзе ў часопісе “Kłosy”. Першы пераклад на рускую мову з’явіўся праз два гады ў маскоўскім выданні «Газета Гатцука», а яшчэ праз год выйшаў кніжкай. І польскі часопісны варыянт, і рускамоўны кніжны суправаджаліся гравюрамі Міхала Эльвіра Андрыёлі, знакамітага ў свой час майстра, які аздабляў творы такіх мэтраў слова, як Джэймс Фенімор Купер, Адам Міцкевіч, Юзаф Ігнацый Крашэўскі. Ілюстрацыі Андрыёлі шмат што дадавалі чытачу для разумення твора, праз іх мастак нібы ператвараўся ў сааўтара, і проста цудоўна, што сучаснае выданне ўпрыгожана тымі самымі ілюстрацыямі, што і амаль паўтара стагоддзя таму, клапатліва адрэстаўраванымі таленавітым фотамастаком Уладзімірам Нашчокіным.

Тады, у 1880-я, раман Элізы Ажэшкі “Меір Эзафовіч” прынялі вельмі добра — можна смела сказаць, што ацэнены ён быў упоравень з раманам “Над Нёманам”. Увогуле, творчасць гэтай пісьменніцы мела ў яе час немалую вагу: варта толькі згадаць, што яна двойчы намініравалася на Нобелеўскую прэмію. Што да рускай версіі рамана “Меір Эзафовіч”, то цікава, што амаль ад самага пачатку ён існаваў у некалькіх варыянтах, у прыватнасці, яго перакладалі рэвалюцыянерка, сакратарка Леніна ў газеце “Іскра”  Іна Смідовіч і вучаніца тэарэтыка мастацкага перакладу Івана Кашкіна Марыя Абкіна. Але і дарэвалюцыйныя, і савецкія перакладчыкі нешта “сціралі” і нешта ад сябе дадавалі — па ідэйных, так бы мовіць, меркаваннях, на патрэбу рэвалюцыйнай сітуацыі і згодна з акалічнасцямі часу. Па сутнасці, рускамоўны чытач ХХ стагоддзя, можна сказаць, і не быў знаёмы з сапраўдным гучаннем гэтага твора. А ў нашы дні (і гэта ясна паўстала перад маскоўскімі выдаўцамі) мова твора ўжо не можа ўспрымацца так, як раней. Напрошвалася адаптацыя на сучасны лад, і яна была здзейснена. Аўтар яе, Дзмітрый Касаткін, выказвае спадзяванне, што рэдакцыя знакамітага твора Элізы Ажэшкі, напісанага сто сорак гадоў таму, спадабаецца сённяшнім чытачам так, як спадабалася сучаснікам пісьменніцы.

Кніга ўбачыць свет у красавіку і збіраецца трапіць у Беларусь, на сваю Айчыну.

 

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.