Вы тут

Генадзь Балбатоўскі: Даступнасць пуцёвак у санаторыі будзе высокай


Сёлета колькасць дзіцячых аздараўленчых летнікаў у краіне павялічыцца. Адпаведна, адпачыць у іх зможа большая, чым летась, колькасць дзяцей. Вырасце і дзяржаўная датацыя на пуцёўкі, што зробіць іх максімальна даступнымі. Якой будзе сёлетняя дзіцячая летняя аздараўленчая кампанія, а таксама наколькі вырасце цана пуцёвак у санаторыі для дарослых і якія з іх самыя папулярныя, расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь Балбатоўскі.


Датацыі павялічацца

Прыёмка стацыянарных летнікаў пачнецца ў хуткім часе. У 2020 годзе іх колькасць вырасце са 143 да 146.

— Адносна нядаўна мы закрывалі па 20—25 летнікаў, а сёлета наадварот, іх колькасць павялічыцца. Два летнікі ўвядуць у строй пасля рэканструкцыі, яшчэ адзін акрыецца на базе закрытай школы, якая знаходзіцца ў добрым стане, у экалагічна чыстай сельскай мясцовасці, — расказаў Генадзь Балбатоўскі. — Усяго ў краіне ў летні перыяд будзе працаваць больш за 6200 летнікаў усіх тыпаў. Па аб'ёмах аздараўлення мы ставім амбіцыйныя задачы — плануем за лета аздаравіць 394 тысячы дзяцей.

Фінансавыя сродкі на гэтыя мэты паступілі з бюджэту і фонду сацыяльнага страхавання ў поўным аб'ёме. Плануецца выкарыстаць 50 мільёнаў рублёў, і гэтага хопіць як на аздараўленне названай колькасці дзяцей, так і на падрыхтоўку летнікаў да сезона.

— На падрыхтоўку летнікаў і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы летась затрачана 18 мільёнаў рублёў, у 2018-м — 11 мільёнаў. Радуе, што з году ў год гэта лічба расце і што ўласнікі ўкладаюць свае сродкі ў развіццё дзіцячых аздараўленчых устаноў, — адзначыў дырэктар цэнтра. — Плануем, што ў 2020-м колькасць сродкаў не зменшыцца.

Дзяржаўныя датацыі на дзіцячыя пуцёўкі ў летнікі ўсіх тыпаў павялічацца сёлета на 5 %. Дзяржаўная дапамога ў летнік з кругласутачным знаходжаннем складзе 206 рублёў (летась — 196).

— Значнага росту цэн не прагназуецца, даступнасць пуцёвак для бацькоў будзе высокай, — рэзюмаваў суразмоўца.

Генадзь Балбатоўскі нагадаў, што за 2019 год аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне прайшлі 719 тысяч дзяцей.

— Мінулагодняя летняя кампанія стала знакавай: мы ахапілі 41,5 % дзяцей школьнага ўзросту. Мы даўно не выкарыстоўваем планавы метад, а працуем па заявачным прынцыпе — усе ахвотныя і тыя, хто мае патрэбу, атрымліваюць пуцёўкі.

Кошт вырас на адзін рубель

— За першыя два месяцы 2020 года мы назіраем станоўчыя тэндэнцыі: на 2 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася запаўняльнасць санаторыяў, захоўваецца попыт на пуцёўкі, павялічваецца глыбіня продажаў. Калі вы хочаце паехаць у санаторый летам, дзейнічаць трэба ўжо цяпер. Напрыклад, у «Юнацтва» на лета ўжо ўсё прададзена, — дзеліцца дырэктар цэнтра.

Пакуль цана на суткі ў двухмесным нумары стандартнай якасці вырасла на 1 рубель. Калі летась пражыванне ў сярэднім каштавала 57 рублёў 60 капеек, то цяпер 58 рублёў 70 капеек.

— Канешне, да лета цэны яшчэ падрастуць, але нязначна — у межах 5 %. Сёння пуцёўкі на лета рэалізуюцца з разліку 60 рублёў у суткі.

Генадзь Балбатоўскі адзначыў, што найбольшым попытам карыстаюцца санаторыі з найлепшай матэрыяльна-тэхнічнай базай — першай і вышэйшай катэгорый. Але і санаторыі больш нізкага класу знаходзяць сваіх спажыўцоў. Пры гэтым розняцца і цэны. Кошт нумароў «люкс» у брэндавых санаторыях можа даходзіць да 200 рублёў у суткі. У санаторыях з мінімальным наборам аздараўленчых паслуг сутачнае пражыванне каштуе 30—40 рублёў.

Сярод самых сучасных санаторыяў эксперт вылучыў «Альфа Радон» і «Пліса». Яны былі ўзведзены самымі апошнімі.

— Санаторыі пабудаваны з нуля, створана сучасная інфраструктура. Там ёсць свае мінеральныя воды і сапрапелевыя гразі. І яны шырока гэта прымяняюць. Запаўняльнасць пад 100 % ім не патрэбна. Яна складае каля 70 %, і за кошт больш высокай цаны гэта сябе апраўдвае.

Летась у Беларусі адпачыла 242,5 тысячы замежнікаў. Каля 80 % з іх расіяне. Але апошнім часам штогод іх колькасць крыху змяншаецца. Затое цікавасць да беларускіх санаторыяў, якія знаходзяцца ў бязвізавай зоне ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (на сёння іх 10), праяўляюць грамадзяне з Заходняй Еўропы. У тых санаторыях, якія ва ўмовах «бязвізу» працуюць ужо год, выручка ад экспарту павялічылася ўдвая.

Рэкорды 2019-га

У цэлым у 2019 годзе санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне ў краіне прайшло 1 389 тысяч чалавек. Год стаў рэкордным не толькі па колькасці тых, хто адпачыў у беларускіх здраўніцах, але і па іх запаўняльнасці — у сярэднім за год 84 %. Павялічылася колькасць пуцёвак у свабоднай рэалізацыі — было прададзена 495 тысяч, выручка склала 460 мільёнаў рублёў. За кошт сродкаў бюджэту і фонду сацыяльнага страхавання адпачыла больш за 794 тысячы чалавек. Больш за 80 % гэтых сродкаў накіравана на дзіцячае аздараўленне.

Але і дарослыя (як тыя, хто працуе, так і тыя, хто атрымлівае пенсіі і дзяржаўныя дапамогі), якія мелі медыцынскае права на аздараўленне, змаглі яго рэалізаваць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».