Вы тут

Эпідэмія дурасці. Розум уключыцца пасля...


Сяброўка з Германіі прыслала фота берлінскага магазіна тыпу нашай «Мілы». На паліцах, заўжды запоўненых мылам, антысептыкамі для рук, антыбактэрыяльнымі сурвэткамі, — амаль пуста, стаіць пару нейкіх бутэлечак. Там, дзе была рознага кшталту туалетная папера — тая ж карціна. Адным словам, наступствы каранавіруса. «Глядзі там, запасайся на ўсякі выпадак!» — жартам параіла мая Ірына. «Нічога, калі што якое — газет у запасе хапае», — гэтаксама жартам адказала я. Дарэчы, хадзіла ўчора ў тую ж «Мілу», дзяўчатам падарункі глядзець. Пастаяла ля поўнай паліцы з туалетнай паперай, падумала... А рука сама пацягнулася, хоць дома толькі пачатая ўпакоўка стаіць. «Стоп» я здолела сказаць сабе ў самы апошні момант (чым вельмі ганаруся). Бо да якой ступені дурасці трэба дайсці, каб туалетную паперу па некалькі пачак купляць.


ztdtc.ru

Увогуле, вы не заўважылі, што гэты прадмет гігіены ў апошнія некалькі дзён гэткі самы папулярны «герой» сусветных навін, як і яго вялікасць каранавірус. Спачатку рулоны размялі ў Японіі — хтосьці пусціў у інтэрнэце навіну, што ахоўныя маскі, якіх у краіне не хапала, робяць з таго ж матэрыялу, што і паперу для пэўных патрэб. Народ кінуўся ў магазіны і пахапаў усё, што было на паліцах. Колькі пасля і вытворцы, і медыкі, і чыноўнікі ні казалі з усіх крыніц: гэта чыйсьці жарт, не робяць маскі з паперы, — не дапамагло. Прадстаўнікі нацыі, якая прыдумала і вырабляе самыя выкшталцоныя высокатэхналагічныя прыборы, — а, значыць, у большасці сваёй людзі не дурныя, шчыра паверылі ў поўную лухту, якую лёгка абвергнуць, проста ўключыўшы логіку (ці хоць бы паспрабаваўшы, як яно «працуе» на практыцы)... З японцаў увесь свет пасмяяўся, але праз пару дзён «папяровы бум» — ужо, мяркуючы па ўсім, не таму, што з паперы можна зрабіць маску, абматаўшы вакол твару, а проста «за кампанію», ляснуў па масавай свядомасці жыхароў Аўстраліі. Там буйная гандлёвая сетка аб'явіла, што туалетную паперу будуць выдаваць толькі па чатыры пачкі ў рукі, бо на ўсіх не хапае. Народ ламануўся ў крамы сем'ямі, прыхапіўшы з сабой нават хатніх гадаванцаў... Цяпер, мяркуючы па ўсім, «туалетная ліхаманка» дакацілася і да Еўропы.

І смех, і грэх. Але калі задумаешся ўсур'ёз — нават не па сабе становіцца. Гэта ж трэба, які ўразлівы цывілізаваны свет: атрымліваецца, калі раптам, крый божа, скончыцца туалетная папера, жыццё тут жа спыніцца? Прынамсі чым, калі не гэтым пасылам, кіруюцца людзі, калі купляюць «тавар першай неабходнасці» з запасам на год, тым самым робячы яго дэфіцытным? Ды ладна, з гэтага можна пакпіць і забыцца. А вось калі гаварыць пра тое, што людзі, нармальныя адукаваныя людзі, якія нібыта жывуць па прынцыпах высокіх чалавечых каштоўнасцяў, становяцца падобнымі на сваіх першабытных продкаў... Прычым нават не перад тварам рэальнай пагрозы жыццю і здароўю, калі сапраўды ўключаецца напоўніцу інстынкт самазахавання і змагацца з ім, абапіраючыся на сумленне, мараль, абавязак, складана нават самым моцным. Проста таму, што з'явілася інфармацыя ў сеціве, «усе пабеглі — і я пабег». Але для нечага даў нам добры Божачка розум? Куды ж ён падзеўся ў тых, хто набіваў рулонамі паперы багажнікі машын? (Ажыятажны нічым не апраўданы попыт каранавірус парадзіў у той жа Італіі і на іншыя тавары, але гісторыя з паперай з-за сваёй абсурднасці тут самая паказальная.)

Розум уключыцца пасля. Калі міне масавы псіхоз, калі паліцы ў крамах зноў запоўняцца мылам, паперай, сурвэткамі, мукой і макаронамі. Гэта будзе вельмі хутка, бо каранавірус — гэта, дзякуй богу, не сусветная вайна, з-за яго не спыняюцца прадпрыемствы, якія ўсё вышэйназванае вырабляюць. І вось тады, стоячы ў кладоўцы ці якім іншым пакоі, ператвораным у склад рэчаў і прадуктаў, якія можна купіць на кожным кроку, многія адчуюць рэцыдыў эпідэміі дурасці — і сорам, і прыкрасць. І будуць чухаць патыліцу, разважаючы, як гэта імі — такімі сучаснымі, такімі цывілізаванымі, камусьці так лёгка ўдалося маніпуляваць. А гэты «хтосьці» будзе толькі радасна паціраць рукі і падлічваць грошы, якія ён зарабіў на сурвэтках, паперы, макароне. Не кажучы ўжо пра таго, хто аб'явіць, што вынайшаў і паспяхова выпрабаваў лекі ад каранавіруса.

Хоць, мяркуючы па тым, што адбываецца, як лёгка і масава эпідэмія дурасці знаходзіць сабе ахвяр на ўсіх кантынентах, і вынаходзіць нешта неабавязкова, можна «аўтарытэтна заявіць» у сеціве, што ад віруса ратуе... напрыклад, мел. Ці попел. Ці тое, дзеля чаго раскупілі тысячы тон туалетнай паперы... Прычым, дзеля праўдападобнасці, можна яшчэ напісаць, што ўжываць цуда-сродак трэба нашча, запіваючы трыма чвэрцямі (ні больш ні менш!) шклянкі вады.

Ніхто не паверыць? Давайце паб'емся аб заклад...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Адным з самых распаўсюджаных захворванняў у свеце з'яўляецца артэрыяльная гiпертэнзiя.

Грамадства

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Яны кормяць гарачымi абедамi больш за сто чалавек, якiя апынулiся на абочыне жыцця.

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.

Грамадства

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы на разгляд урада паступiць праект пастановы Савета Мiнiстраў «Аб пытаннях па абыходжаннi з жывёламi».