Вы тут

Жанчыны-кіраўнік. Гутарым з дырэктарам Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Валянцінай Пух


З намеснікам старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, старшынёй праўлення абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, дырэктарам Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Валянцінай ПУХ напярэдадні Міжнароднага жаночага дня гутарым пра работу ў Савеце, грамадскую дзейнасць і іншыя клопаты жанчыны-кіраўніка.


Дэпутат па Брэсцкай Паўночна-Заходняй акрузе Валянціна Пух была аднадушна абрана намеснікам старшыні аблсавета на першай сесіі
28-га склікання. Гэтым разам Валянціна Мікалаеўна расказала пра сваю работу ў прэзідыуме абласнога Савета і ў сваёй акрузе:

— Рашэнне прадстаўнічага органа, як вядома, прымае сесія, а паміж сесіямі асноўныя пытанні дзейнасці мясцовай улады падрабязна разглядаюцца на пасяджэннях прэзідыума абласнога Савета. Нярэдка гэтыя пасяджэнні бываюць пашыранымі, калі да ўдзелу запрашаюцца старшыні райсаветаў, спецыялісты выканаўчых камітэтаў. Напрыклад, у лютым гэтага года мы вывучалі пытанне навядзення парадку на зямлі, разглядалі праблему зносу нічыйных дамоў у вёсках. На сходзе былі кіраўнікі райсаветаў, прадстаўнікі шэрагу зацікаўленых службаў. Праблема гэта не новая, але яна патрабуе карпатлівай работы з дакументамі і пастаянных арганізацыйных намаганняў. І з кожным новым складам мясцовых Саветаў, сельвыканкамаў у кіраўнікоў узнікае нямала пытанняў, на якія трэба шукаць адказы, раіцца, абменьвацца вопытам. Так было і гэтым разам. Найбольшую дыскусію выклікала праблема зносу і ўтылізацыі старых трухлявых дамоў. Названая працэдура даволі складаная, да таго ж затратная. У сельвыканкамаў часта не хапае грошай, а знесці хай сабе стары і напаўразвалены дом сёння не вельмі танна. У многіх раёнах назапашаны свой вопыт: адны гэта робяць з дапамогай сельгаспрадпрыемстваў, іншыя карыстаюцца паслугамі ЖКГ, недзе на дапамогу прыходзіць райаддзел МНС. І ў кожным выпадку трэба дзейнічаць абапіраючыся на літару закона, каб не нажыць праблемы.

Прыемна, што калегі ацанілі праведзены прэзідыум як пляцоўку па абмене вопытам. Дарэчы, некаторыя зноў выказвалі думку наконт удасканалення заканадаўства. Варта было б вызначыць для спадчыннікаў часовы адрэзак, напрыклад, у пяць гадоў, за які яны маглі б аформіць дом, уступіць у правы і пачаць падтрымліваць хоць мінімальны парадак. Пасля заканчэння вызначанага тэрміну пры адсутнасці цікавасці з боку сваякоў былых гаспадароў мясцовая ўлада атрымала б большую свабоду дзеянняў, бо ў населеных пунктах трэба ж падтрымліваць парадак, і адказная за гэта менавіта мясцовая ўлада.

— У сваёй акрузе працаваць цяпер больш камфортна, таму што людзям тут стала лепей жыць, — працягвае дэпутат Валянціна Пух. — У акругу ўваходзіць брэсцкі мікрараён Дуброўка, які ад цэнтра горада аддзелены двума чыгуначнымі пераездамі. Папярэднія гады гэта было вечнай праблемай, бо ў гадзіну пік узнікалі вялікія заторы, людзі нерваваліся, спазняліся. Ва ўсіх зваротах ва ўсе інстанцыі на першым месцы была транспартная праблема. А цяпер, дзякуючы найперш тысячагадоваму юбілею, у горадзе з'явілася буйная транспартная развязка — «Заходні абход». Якасць жыцця насельніцтва значна ўзрасла. Шмат было зроблена ў плане капітальнага рамонту жылых дамоў, асфальтавання і паляпшэння вуліц. Праўда, тыя, хто не трапіў у праграму перадсвяточных мерапрыемстваў, выказвалі пэўны песімізм. Але цяпер яны ўпэўніліся, што жыццё працягваецца і пасля юбілею, праводзіцца работа па добраўпарадкаванні, ажыццяўляюцца іншыя праекты. Мне лягчэй працаваць у гэтай акрузе цяпер, бо гэта мая акруга ў бытнасць дэпутатам гарадскога Савета. Я ведаю праблемы, ведаю многіх людзей. Яшчэ ў мінулыя скліканні выбаршчыкі наракалі на адсутнасць асфальту ў 2-м Беларускім завулку, мы тады пісалі ў гарвыканкам, разглядалі на савеце. А летась напярэдадні тысячагоддзя асфальт паклалі, і гэта стала падзеяй для жыхароў завулка.

Сёлета ў маёй акрузе, на Дуброўцы, адкрылі дзіцячы дом сямейнага тыпу. Летась такія дамы адкрывалі ў суседнім мікрараёне — Рэчыцы. Дамоў становіцца больш, значыць, дзеці-сіроты атрымліваюць магчымасць выхоўвацца ў сямейных умовах.

— На іх адкрыццё вы прыходзілі ў якасці кіраўніка абласной арганізацыі Саюза жанчын. З сяброўкамі па саюзе, з падарункамі...

— Так, наша грамадская арганізацыя ніколі не мінае падобных падзей у горадзе. Матулям вялікіх сямействаў мы дарылі, напрыклад, швейныя машынкі. У апошнім выпадку самым маладым па стажы работы бацькам, паводле папярэдняй дамоўленасці, падарылі вялікі чайны сервіз. Усе гэтыя дамы не забываем падчас акцыі «Нашы дзеці», прыходзім пад Новы год, у Дзень абароны дзяцей, стараемся трымаць у полі зроку такія сем'і пастаянна. Наогул наша арганізацыя даволі актыўная, многія раённыя арганізацыі працуюць цікава, творча, ажыццяўляюць нямала сваіх праектаў. Літаральна гэтымі днямі завяршаецца падрыхтоўка абласнога этапу конкурсу «Жанчына года». Напярэдадні свята ў новым тэатры лялек мы правядзём урачыстае мерапрыемства з уручэннем дыпломаў і сувеніраў пераможцам абласнога конкурсу ў пяці намінацыях. Летась прайшлі справаздачы і выбары на ўзроўні раённых арганізацый. Нашы пярвічкі і раённыя аб'яднанні зверылі свае пазіцыі. Можна адзначыць, што цікава працуюць жанчыны ў Брэсце, у Пінску, у Кобрыне ды іншых раёнах. Галоўнае, на мой погляд, што актывісты арганізацыі стараюцца ахапіць сваёй увагай дзіцячыя дамы і прытулкі, бальніцы і дамы састарэлых — тых, хто мае найбольшую патрэбу ў падтрымцы.

— Напярэдадні свята што б вы сказалі як дырэктар абласной пошты ўсім выбаршчыкам, сябрам жаночай ды іншых грамадскіх арганізацый?

— Скажу, каб не забывалі адно аднаго віншаваць, гаварыць добрыя словы. Прыемна, што вяртаецца традыцыя ручнога пісьма. Нядаўна, пасля рамонту ў аддзяленні сувязі па праспекце Машэрава, 32 мы адкрылі куток ручнога пісьма, куды можна прыйсці і напісаць нейкія словы сябрам, знаёмым, блізкім. Мы рады, што ён запатрабаваны. Цяпер пошта прапануе такі выбар паштовак! Занатоўвайце думкі, пажаданні, абавязкова стаўце дату, каб і праз дзясяткі гадоў засталося напісанае вамі слова. Усе нашы электронныя віншаванні, прывітанні, думкі знікнуць, згубяцца на прасторах інтэрнэту, а напісанае рукой застанецца. Мы ўпэўніліся ў гэтым, калі адкрылі музей паштовай сувязі. Людзі прыходзяць туды, цікавяцца гісторыяй. А паштоўка — гэта і ёсць гісторыя, толькі ўжо наша асабістая.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Каб слова засталося...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».