Вы тут

Дарогі, дрэвы, бадзяжныя сабакі... Да традыцыйных вясковых праблем дадаліся нечаканыя пытанні і прапановы


— Раман Сяргеевіч Талкуноў, — прадстаўляецца белабрысы хлапчук са школьным заплечнікам.

Яму чатырнаццаць, і ён, так бы мовіць, пасол добрай волі:

— Мы вось з пацанамі прыйшлі даведацца, калі зможам купацца ў нашай мясцовай рэчцы Крупка? Улетку вельмі хочацца плаваць, а пляжу няма, забаронена.

З актуальнай праблемай на сустрэчу ў Дзень дэпутата прыйшлі ў тым ліку і школьнікі аграгарадка Крупец, што ў Добрушскім раёне.


Член Савета Рэспублікі Таццяна Абель і дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, начальнік Добрушскага раённага падраздзялення МНС Уладзімір Маліноўскі гутараць з мясцовай жыхаркай.

— Пахвальна і вельмі прыемна, што хлопцы бачаць у нас саюзнікаў, а не высокіх гасцей, якім нельга даверыць сваё, набалелае, — адзначае член Савета Рэспублікі Таццяна АБЕЛЬ.

У зоне яе адказнасці — праблемы насельніцтва Гомельскага, Веткаўскага і Добрушскага раёнаў. Пытанне школьнікаў адразу перададзена на рэагаванне начальніку Добрушскага раённага падраздзялення МНС, дэпутату раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў — Уладзіміру Маліноўскаму:

— Месца, прызначанага для купання, на жаль, няма, хоць рака невялікая і неглыбокая. У суседніх населеных пунктах ёсць абсталяваныя пляжы, тут не будзе. Вердыкт — купацца нельга.

Дэпутат і член Савета Рэспублікі раюцца і разам вырашаюць, што можна скласці спіс ахвотных плаваць у басейне.

— Між тым магчыма вазіць дзяцей у басейн у суседнюю Ветку, — адзначае Уладзімір Маліноўскі. — Школа і сельсавет дапамогуць.

Чарада парламенцёраў сыходзіць, падлеткі задаволена ўсміхаюцца. Наступны раз, магчыма, прыйдуць са сваімі прапановамі ўжо на паперы.

Аператыўна знаходзяцца агульныя рашэнні і для больш складанага пытання — дарожнага. Пенсіянер Анатоль Кротаў расказвае, што дарога па вуліцы Сялянскай у аварыйным стане. Рэшткі былой асфальтавай раскошы — першасны пласт закаталі яшчэ ў канцы 80-х. Тое, што засталося, наогул нельга назваць дарожным пакрыццём.

— 250-300 метраў дарогі той, але па гэтай вуліцы ездзяць машыны на ток для збожжа, — перажывае мужчына.

У зале не перапыняюць: чалавек усё жыццё быў у кіраўніцтве мясцовай гаспадаркі і праблему ўзнімае не для сябе асабіста, а для ўсёй вёскі.

— Іншага напрамку няма, — працягвае Анатоль Кротаў. — Малакавозы ходзяць, возяць збожжа, дровы ў кацельню... Гэты першасны пласт асфальту не вытрымлівае. Зіма была такая, вільгаць, ужо пачалі па абочыне ездзіць, а там газаправод. Гэта вельмі сур'ёзна. Дапамажыце.

На зварот мясцовага жыхара рэакцыя імгненная. На сустрэчу з насельніцтвам Крупца прыехаў і намеснік начальніка РАУС Добрушскага райвыканкама Мікалай МАСТАВЕНКА. Ён тлумачыць, што існуе магчымасць у хуткім часе вырашыць пытанне. Абяцае ўзяць яго на кантроль:

— ДАІ выдасць прадпісанне, каб арганізацыя, на балансе якой знаходзіцца тэрыторыя, а гэта Добрушскае ДРБУ-150, вырашыла праблему. Гэта спецыялізаваная арганізацыя, якая мае і рэсурсы, і неабходную тэхніку, і кваліфікаваных спецыялістаў. Спачатку трэба, каб выехалі на месца і паглядзелі: які менавіта рамонт неабходна правесці, якімі матэрыяламі.

Людзі ўдзячныя, што іх праблему пачулі і дапамогуць вырашыць. Таму мясцовыя жыхары больш актыўна ўключаюцца ў дыялог з дэпутатамі. Пенсіянер Ягор Сідараў кажа, што мае працоўны стаж больш за 35 гадоў, але калі афармлялі пенсію, не ўключылі звесткі пра работу да пачатку 90-х гадоў. Пытаецца: ці магчыма нешта змяніць?

Сацработнік — Галіна Алампіпіева — просіць не за сябе, а, як кажа, «за сваіх старых». Яна агучвае праблему аварыйнага стану вадаправоднай калонкі на адной з вуліц: вада б'е з-пад зямлі, усё вакол залівае, рамантавалі не раз, але пакуль толку мала.

Старэйшына вёскі — Паліна Сазонава — звяртаецца з просьбай абрэзаць вялізныя асіны на вясковых могілках. Потым адважваецца і просіць сенатара на самым высокім узроўні ўзняць праблему недастатковага фінансавання сельскіх Саветаў.

Культарганізатар мясцовага Дома культуры Таццяна Долічава задае балючае пытанне: што рабіць з бадзяжнымі сабакамі, якія жывуць каля фермаў. Жывёлы не даюць вечарам прайсці па вуліцы.

Таццяна Абель і Уладзімір Маліноўскі прапануюць адзін з варыянтаў вырашэння: аформіць заяўку ў спецпрадпрыемства Добруша, якое выязджае ў раён для адлову безнаглядных жывёл. Але адзначаюць: гэта праблема не ўзнікае без прычыны. Некаторыя людзі выкідваюць жывёл на вуліцу. У Крупцы, дарэчы, дзясяткі дачных падворкаў. Пасля летняга сезона, калі гаспадары ад'язджаюць, і з'яўляюцца на вуліцах бадзяжкі. А вось пенсіянерка Наталля Кавалёва лічыць, што галоўная праблема — гэта пустуючыя будынкі:

— Памяшканняў шмат у нас, усе ў добрым стане, стаяць пустыя. Пры гэтым моладзь магла б тут, на месцы, адкрываць пункты бытавых паслуг для насельніцтва. У нас жа, каб прычоску зрабіць ці абутак адрамантаваць, трэба ехаць у горад, а нашы цырульнікі туды таксама едуць на работу.

На яе думку, калі б прапаноўвалі карыстацца памяшканнямі без арэнднай платы, гэта вырашыла б праблему адтоку спецыялістаў у Добруш і Гомель.

Усе мясцовыя жыхары, якія выказалі ідэі або заявілі аб праблемах, атрымаюць пісьмовыя адказы на свае звароты. Між тым мы звяртаемся да старшыні сельсавета Вольгі ДАВЫДОЎСКАЙ: як яна ацэньвае вынікі сустрэчы? Увогуле, чым жыве Крупец, можа, аб чым мясцовыя і не дагаворваюць?

— Я на гэтай пасадзе толькі паўгода, — пачынае Вольга Васілеўна. — Аграгарадок Крупец — гэта і ёсць увесь наш сельсавет, усё вельмі кампактна. Тут больш за 1300 жыхароў. На сустрэчу з дэпутатамі прыйшлі прадстаўнікі ўсіх нашых працоўных калектываў: школы-садка, ФАПа, клуба, бібліятэкі і КСУП «Крупец». Тут вельмі добрыя транспартныя зносіны — да райцэнтра сем кіламетраў, да Гомеля — 35. Таму, канешне, многія працуюць там. Але застаюцца жыць у нас на вёсцы. Шмат хто будуецца тут, купляюць дамы, вельмі шмат дачнікаў у нас. Праблемы ўзнікаюць камунальныя. Старыя камунікацыі і сеткі знаходзяцца на балансе «Добрушскага камунальніка». Калі здараецца НЗ, службы рэагуюць, але ўсё роўна даводзіцца чакаць, бо ў першую чаргу закрываюцца патрэбы райцэнтра.

Старшыня Крупецкага сельсавета закранае і другую важную праблему:

— Ёсць недахоп у фінансаванні, і падатак па самаабкладанні жыхары выплачваюць неахвотна. Але многае можна вырашыць, калі ёсць ініцыятыўныя людзі, якія хочуць, каб ім і іх дзецям жылося лепш. Каб вакол было прыгожа, чыста, дагледжана.

Ёсць у аграгарадка і даволі сур'ёзны турыстычны патэнцыял. На беразе ракі стаіць драўляны Свята-Троіцкі храм, пабудаваны ў 1830 годзе. Прызнаны помнік архітэктуры драўлянага дойлідства не быў пашкоджаны падчас Вялікай Айчыннай. Увогуле Крупец як пасяленне мае доўгую і цікавую гістрыю, пра якую, напрыклад, моладзь можа апавядаць у сацсетках і такім чынам рабіць свой унёсак у мясцовы сельскі турызм.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.