Вы тут

«Мы жылі, як мы жылі». Рэцэнзія на скандальны фільм «ДАУ. Наташа» з конкурсу Берлінале


Не важна нават, хто атрымаў «Залатога мядзведзя» Берлінскага кінафестывалю, адной з галоўных падзей сямідзясятага Берлінале стаў паказ створанага ў сусвеце Ільі Хржаноўскага фільма «ДАУ. Наташа». Карціна трапіла ў асноўную конкурсную праграму і сустрэла такія ж неадназначныя ацэнкі, якія пастаянна суправаджаюць больш чым дзесяцігадовы праект «ДАУ»: нехта казаў пра амаральнасць фільма ў кулуарах, нехта адмаўляўся пісаць на яго рэцэнзіі, нехта ў знак пратэсту падпісваў адкрыты ліст да дырэкцыі. Так ці інакш, фестывальная прэм’ера «Наташы» дала магчымасць прадметна гаварыць аб праекце, вакол якога сабралася мноства міфаў і непацверджаных чутак.


Зрэшты, трынаццаць фільмаў серыі «ДАУ», створаныя з сямісот гадзін знятага матэрыялу, у якасці арт-праекта ўжо паказваліся ў Парыжы. Але два з іх — «ДАУ. Наташа» і «ДАУ. Дэгенерацыя» — былі пераманціраваны і ўключаны ў праграму Берлінале, што перамясціла іх з кантэксту ўмоўнай інсталяцыі ў кантэкст фестывальнага кіно, прычым межы кіно гучны праект значна пашырае.

Карціны пад агульнай назвай «ДАУ» сталі вынікам працы тысяч людзей, якія пагадзіліся паўдзельнічаць у «мегаламанскім» эксперыменце Ільі Хржаноўскага. Дзеля будучых фільмаў была створана цэлая паралельная рэальнасць — савецкі Інстытут, які згодна з сюжэтам існуе з 1938 да 1968 года і дзе з дзясяткамі спадарожных яму персанажаў працуе фізік Дау, прататып лаўрэата Нобелеўскай прэміі Льва Ландау.

Непрафесійныя акцёры прыходзілі ў гэтую ўзноўленую частку Савецкага Саюза, надзявалі пашытую па выкрайках «савецкую» вопратку, аж да бялізны, і пачыналі ў гэтым Інстытуце без сцэнарыя і прапісаных дыялогаў проста жыць. Гэта значыць, яны як бы не ігралі ролі, а існавалі ў прапанаваных умовах і самі стваралі свае сюжэты. «Мы жылі, як мы жылі» — паспрабавала патлумачыць на прэс-канферэнцыі Берлінале галоўная гераіня «ДАУ. Наташа» Наталля Беражная.

А пакуль яны «жылі» — працавалі, сварыліся, заводзілі раманы, напіваліся і займаліся сэксам, аўтары праекта іх здымалі, тыпа «Вялікі брат сочыць за табой», што кожны ўдзельнік працэсу добра разумеў. Кажуць, па ўмовах «ДАУ» любы акцёр мог забараніць уключаць пэўныя сцэны са сваім удзелам у фільм, тым не менш у «Наташы», што і справакавала абвінавачванні ў гвалце і забарону на пракат у Расіі, ёсць адкрытая сцэна сэксу і эпізод з маральным прыніжэннем падчас допыту (хоць у апошнім выпадку, верагодна, мае месца візуальная маніпуляцыя).

Сюжэт досыць просты і ўжо абсмакаваны: Наташа і яе падначаленая Воля працуюць у інстытуцкім буфеце; пасля адной з вечарынак Наташа і Люк Біжэ — замежны біяфізік, што прыехаў у Інстытут паставіць эксперымент, — займаюцца сэксам; Біжэ падчас абеду між іншым кажа аб завяршэнні сваёй працы, за чым ідзе п’янка буфетчыц і доўгая істэрыка Наташы; Наташу выклікаюць на допыт у НКУС і праз псіхалагічны ціск прымушаюць напісаць данос на Біжэ; фільм канчаецца радавой сцэнай у буфеце.

Усё, з драматургічнага пункту гледжання нічога мудрагелістага і грандыёзнага, уласна, як у самім жыцці, і выглядае гэта больш як выхаплены з плыні дзён эпізод, чым як пралічаная цэльная гісторыя. Яно і зразумела, улічваючы методыку праекта «ДАУ». Аднак у нескладаным сюжэце «Наташы» аказваецца дастаткова магчымасцяў, каб ва ўсёй яго золкай красе паказаць адноўлены таталітарны Савецкі Саюз, а галоўнае, чалавека ў ім. Месца дзеяння — бетонны, халодны, змрочны Інстытут, героі — ліпкія, разухабістыя, вульгарныя людзі, дні — у дробных, рыбных інтарэсах і пафасе мутнага эксперыменту, кульмінацыя — зневажальны допыт у НКУС, абсурд — абвінавачванне ў любоўнай сувязі з замежнікам, канцоўка — абязлічванне.

Адзін толькі драматургічны прыём здаецца тут відавочна «кіношным»: усё пачынаецца са сваркі Наташы і Волі пра тое, калі мыць падлогу, і такой жа сваркай канчаецца, быццам і не было паміж гэтымі дзвюма паўсядзённасцямі бойкі, Люка Біжэ і НКУСнага засценка, і не змясціліся ў гэты адрэзак савецкай рэчаіснасці адчай, прыніжэнне і адкрыты жах (хоць жах, мяркуючы па ўсім, больш адчуваюць гледачы). Гэта ў тым ліку да таго, якія рэчы ў канкрэтнай сістэме становяцца нармальнымі і як іх успрымае чалавек у залежнасці ад таго, у якім асяроддзі знаходзіцца.

Але амаль што сімвалічны сюжэт, усё ж удала ўвасоблены ў гэтай паралельнай рэальнасці і па-майстэрску зняты нямецкім аператарам Юргенам Юргесам, у нейкай ступені з’яўляецца толькі жыватворным асяроддзем для таго, што «робіць» гэты фільм у першую чаргу — назавем гэта ДАУ-тэкстурай. Ці то дакументальныя, таму што акцёры не іграюць, ці то ігравыя, таму што Інстытут — усё ж не рэальнасць, сцэны забяспечваюць даволі цікавы кінадосвед, які падаўся ўнікальным нават спрактыкаваным кінакрытыкам.

Агідны па сваёй сутнасці фільм з брыдкай штучнасцю і вісклівым смехам пакідае магутнае ўражанне хоць бы таму, што цябе не ратуе падсвядомае разуменне, што экранныя падзеі — сыграная акцёрамі фікцыя. З першых планаў мы трапляем у канцэнтраваны Савецкі Саюз — з буфетчыцамі ў накрухмаленых фартухах і каўнерыках, састаўленымі ў горку кансервамі на вітрыне і стукам лыжак за сервіраванымі сталамі. А пакуль чапляемся вокам за своеасаблівую эстэтыку — яна, дарэчы, дзіўна ненадакучлівая, у буфеце ва ўсіх сэнсах вечарэе, і таталітарная сістэма пачынае праяўляць сябе не толькі ў антуражы, але і псіхафізіцы людзей. (Хаця, зразумела, не ўсё тут можна абмежаваць купалам Савецкага Саюза).

Наташа і Воля застаюцца адны, каб здзейсніць неабходныя працэдуры — падлічыць выручку і працерці сталы, і з гэтага моманту ўсё гасне перад антрапалогіяй фільма, а ў паводзінах персанажаў і міжасобасных стасунках крыецца тое жудаснае, што і вызначае «Наташу». Дарэчы, дзякуючы веданню рускай мовы мы аказваемся ў выгаднай пазіцыі, таму што значная частка багатай фактуры карціны грунтуецца на дыялогах — лексіцы, тыповых інтанацыях і казусах перакладу (Люк Біжэ не размаўляе па-руску, Наташа не размаўляе па-англійску, Воля дрэнна размаўляе па-англійску, але перакладае), якія, здаецца, немагчыма прыдумаць.

У дзіўнай «праўдзе» фільма ёсць нешта магутнае (і ўсё яшчэ агіднае): дакладна незрэжысаваныя дыялогі і застоллі тым не менш густыя і нешараговыя. Вечар пасля закрыцця буфета Наташа і Воля пачынаюць з размовы пра каханне, а працягваюць бойкай. Наташа малюецца ўмудронай вопытам жанчынай, трымаючы цыгарэту і падкідваючы ў голас дзелавых нот, а Воля бунтуе і правакуе начальніцу ў адказ на яе паблажлівы дыктат і дрэнна схаваную нянавісць. Дыспазіцыя паміж гераінямі, п’яны раман, адзінокая істэрыка Наташы, якая прыгаворвае самой сабе «Ты моцная», доўгая размова са следчым — што з гэтага мы не ведаем ці не можам сабе ўявіць? Тым не менш усё, што адбываецца на экране, прыводзіць у роспач.

Праявы герояў, што б яны ні рабілі, самадастатковыя: у «ДАУ. Наташы» не так важныя сюжэт, антураж і спрэчныя мяжы дапушчальнага. Праект падначалены сваёй д’ябальскай антрапалогіі, таемнаму guilty pleasure назірання за персанажамі, як бы рандомнага, па-за патрабаваннямі драматургіі сюжэту, нібы Вялікі брат. У тым ліку таму, а таксама памятаючы сутнасць праекта «ДАУ», да фільма складана падысці з традыцыйным наборам крытэрыяў — большасць з іх будзе не ў масць.

У дачыненні да «Наташы» дзіўна чытаць пра неадыграныя эпізоды, адсутнасць матывацыі або сцэны, якія не развіваюць характары. Нязграбным здаецца наўмысна перабольшанае атаясамленне карціны з парнаграфіяй з-за адкрытай, непрыгожай, «некінематаграфічнай» сцэны сэксу: без яе «праўда» праекта не зацвердзілася б у сваім абсалюце і непрывабнасць жыцця (а наўмысная антыэстэтычнасць тут проста-такі дзьме скразняком) не дасягнула сваёй паўнаты. Самае каштоўнае, што карціна «ДАУ. Наташа» можа даць, — вось гэты халодны смак неспасціжна сапраўднага жыцця.

Вядома, можна задацца пытаннем, ці каштавала аўчынка вырабу, навошта дзесяць гадоў намаганняў дзеля агіды да чалавека і ці можна было зрабіць нешта падобнае без аднаўлення Савецкага Саюза. Акрамя таго, што, магчыма, не апошнім з’яўляецца жаданне звязаць выкліканую агіду з таталітарнай сістэмай, без Інстытута не было б, напрыклад, знішчальнай сцэны ў НКУС, калі пасля маральнага і фізічнага гвалту Наташа пачынае шчыра какетнічаць са сваім катам.

Падазраю, што без стварэння штучнай гнятучай сістэмы ДАУ-тэкстура наогул бы не адбылася, хай гаворка і ідзе пра ірацыянальную сувязь. А прыніжэнне і прыгнёт тут прагледжваюцца ва ўсім, гэта як бы знак часу — Наташа падаўляе Волю, ад’езд Біжэ падаўляе Наташу, НКУСнік зноў падаўляе Наташу, Наташа зноў падаўляе Волю. Інстытут эксперыментуе над чалавекам, а агульны фон штурхае да алкаголю і спусташаючых вечарынак.

Методыка стварэння гэтай праўды, вядома, выклікае пытанні і не толькі этычнага характару. Напрыклад, як глядзець на доўгую істэрыку Наташы, калі мы ведаем, што яе прычыны могуць знаходзіцца па-за «ДАУ»? Наколькі сусвет Ільі Хржаноўскага чысты ад знешніх уплываў і дзе тут мяжа паміж жыццём і гульнёй?

Няма адказу. Як і «маралі», якая звычайна вынікае з класічных сюжэтаў, і тым не менш фільм «ДАУ. Наташа» ўтварае зруйнавальны эфект — яго спосаб пазнання чалавека нічога добрага пра чалавека не сказаў.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота: Phenomen Films, відэа: The Upcoming

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.