Вы тут

Беларусь застанецца прыхільная інтэграцыйным працэсам, але пры прытрымліванні сваіх інтарэсаў


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Станіславам Засем. «Калі выпаў такі лёс сёлета для Беларусі — узначальваць усе інтэграцыйныя органы (Беларусь старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза — «Зв»), мы будзем гэта рабіць годна...


«Мы будзем, як і раней, прыхільныя інтэграцыйным працэсам, у тым ліку і ў ваеннай сферы, але пры гэтым мы будзем дакладна трымацца нашых інтарэсаў», — звярнуўся да генсека Прэзідэнт.

Пакуль інтарэсы Беларусі цалкам супадаюць з інтарэсамі суседзяў, асабліва членаў Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Гэта пазіцыя сыходзіць з менталітэту беларускага народа.

Станіслаў Зась узначаліў АДКБ 1 студзеня гэтага года.

Таксама кіраўнік краіны папрасіў генсека праінфармаваць аб прапановах Беларусі па партнёрстве і назіральніцтве ў АДКБ.

«Хацелася б, каб мы вырашылі гэтыя пытанні на чарговым саміце. І шэраг пытанняў, якія сёння стаяць перад кіраўнікамі дзяржаў АДКБ і патрабуюць рашэння», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Рашэнне адбылося, пагадненне ратыфікавана практычна ўсімі дзяржавамі АДКБ (толькі Таджыкістан застаўся), увайшло ў сілу. І мы зараз на парозе працы, якую трэба правесці з дзяржавамі, якія мы разглядаем як патэнцыйных кандыдатаў на атрыманне статуса назіральніка ці партнёра Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы», — паведаміў журналістам Станіслаў Зась.

На яго думку, акрэсленне такіх краін і выбудаванне працы з імі дапаможа сфармаваць пояс добрасуседства навокал ваенна-палітычнага блока.

«Беларусь вельмі шчыльна ўцягнута ў дзейнасць АДКБ. Адчуваецца падтрымка ва ўсіх кроках, якія накіраваны на ўмацаванне гэтай арганізацыі і павышэнне эфектыўнасці яе працы ў інтарэсах усіх краін», — заявіў Генеральны сакратар.


«Лічым важным наладжваць дыялог з НАТА»

Сярод абмеркаваных з Прэзідэнтам Беларусі тэм Станіслаў Зась вылучыў міратворчую дзейнасць. У гэтым плане прасунулася супрацоўніцтва з ААН па прыцягненні нашага міратворчага патэнцыялу і ўключэнні яго ў практычныя місіі арганізацыі. 

«Безумоўна, такі практычны крок садзейнічаў бы павышэнню аўтарытэту і эфектыўнасці арганізацыі», — сказаў генеральны сакратар АДКБ і дадаў, што арганізацыя ў гэтым напрамку атрымлівае падтрымку Беларусі і кіраўніка краіны.

Ваенна-эканамічнае супрацоўніцтва — асаблівы кірунак дзейнасці АДКБ. У мінулым годзе прынята рашэнне аб наданні статуса базавай арганізацыі Міждзяржаўнай карпарацыі развіцця і вызначаны яе функцыі па пашырэнні інтэграцыі вытворчасці. Але, па словах Станіслава Зася, пытанняў і праблем у сферы ваенна-эканамічнага ўзаемадзеяння сёння хапае і іх неабходна вырашаць. «Першая такая размова ў нас прызначана ў гэтым месяцы ў Ерэване», — падкрэсліў генсек АДКБ.

Па яго словах, ёсць краіны і міжнародныя арганізацыі, якія жадаюць атрымаць статус назіральніка і партнёра ў АДКБ. Асобна выдзяліў Станіслаў Зась ролю ААН: «У нас выбудаваны добрыя адносіны з Арганізацыяй Аб’яданых Нацый. Ёсць адпаведныя пагадненні аб узаемадзеянні, вызначаны тэмы, па якіх мы з ёй супрацоўнічаем. Гэта і барацьба з тэрарызмам, і міратворчасць».

Добрыя адносіны склаліся з АБСЕ. У маі назначана сустрэча з генеральным сакратаром арганізацыі. Адбываецца плённае партнёрства з СНД, ШАС. 

«Мы гатовы да наладжвання дыялогу з НАТА, таму што і адзін блок, і другі (АДКБ) займаюцца пытаннямі бяспекі ў розных рэгіёнах », — паведаміў Станіслаў Зась. 

Чарговы саміт АДКБ адбудзецца ў снежні ў Маскве. Расія ў гэтым годзе старшынствуе ў саюзе.

Даведка

Пад увагай АДКБ (членамі з’яўляюцца шэсць краін — Беларусь, Расія, Казахстан, Арменія, Кыргызстан і Таджыкістан) шматлікія вектары — контртэрарыстычная, антынаркатычная работа, спыненне нелегальнай міграцыі, сумесныя вучэнні і мемарыяльныя мерапрыемствы.

Плануюць працягваць антытэрарыстычныя мерапрыемствы «Найміт», якія ўпершыню правялі вясной мінулага года. У ходзе аперацыі выпрацоўваюцца механізмы ўзаемадзеяння спецыяльных і праваахоўных органаў краін-членаў АДКБ пры спыненні вярбоўкі, перакрыцця каналаў руху грамадзян для ўдзелу ў тэрарыстычных арганізацыях.

Да 75-годдзя Перамогі прымеркавана сустрэча вышэйшых асоб АДКБ, СНД, ШАС у красавіку ў Маскве. Ваеннаслужачыя Беларусі пачалі падрыхтоўку да ўдзелу ў ваенным парадзе ў Маскве 9 мая.

Для надання імпульсу сумеснай барацьбе з выклікамі запланавана антынаркатычная аперацыя «Канал», аперацыя па спыненні нелегальнай міграцыі грамадзян трэціх краін і асоб без грамадзянства «Нелегал», аперацыя па супрацьдзеянні злачынствам у сферы інфармацыйных тэхналогій «ПРОКСІ», тактыка-спецыяльнае вучэнне «Кобальт».

Сакратарыят АДКБ сумесна з МУС Расіі распрацоўвае праект Антынаркатычнай стратэгіі дзяржаў-членаў на 2021–2025 год.

Запланаваны на бягучы год сем сумесных вучэнняў з войскамі калектыўных сіл — «Узаемадзеянне-2020», «Пошук-2020», «Эшалон-2020» (у Арменіі), «Рубеж» (на тэрыторыі Кыргызстана), «Непарушнае братэрства-2020» (Беларусь), «Кобальт-2020» (у Таджыкістане) і спецыяльнае вучэнне з выратавальнымі падраздзяленнямі МНС.

Варвара МАРОЗАВА

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?