Вы тут

Сярэдні заробак у Мінскай вобласці летась склаў 1098 рублёў


Вынікі мінулага года, планы на 2020-ы і наступную пяцігодку абмеркавалі на пасяджэнні Мінаблвыканкама па сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна.


— Вобласць выканала ўсе асноўныя паказчыкі, як па рэгіянальным валавым прадукце, так і па прадукцыйнасці працы, экспарце тавараў і паслуг. Адзінае — крыху не дацягнулі да паказчыка па працаўладкаванні грамадзян. Але, дзякуючы таму, што ў вобласці развіваецца рамесніцтва, падвышаецца самазанятасць, праблему ўдалося перакрыць. Каля дзвюх тысяч людзей перайшлі на гэтыя формы гаспадарання, — расказаў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай Рагашчук.

Па яго словах, заработная плата ў цэнтральным рэгіёне ў параўнанні з папярэднім годам вырасла на 13 % і склала 1098 рублёў. Але ў некаторых раёнах і на 23 прадпрыемствах сярэдні заробак менш за 500 рублёў. «Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын паставіў перад падначаленымі задачу, каб да 1 красавіка такіх суб'ектаў гаспадарання не было. Мінская вобласць самадастатковая, умее зарабляць грошы для павышэння дабрабыту сваіх грамадзян», — канстатаваў Мікалай Рагашчук.

— Традыцыйна Міншчына за 2019 год спрацавала добра. Мы ўжо пражылі два месяцы новага года. І вынікі, як і чакалася, цяжкія. Прычына зразумелая: «БелАЗ» і «Беларуськалій», на жаль, працавалі не так як хацелася б. Гэта сведчыць пра тое, што ўразлівасць Мінскай вобласці ў высокай ступені залежыць ад работы гэтых флагманаў вытворчасці, — лічыць Аляксандр Турчын.

Ён нагадаў, што падобная сітуацыя была ў 2013 годзе. Але пры невысокай рэнтабельнасці гігантаў прамысловасці вобласць у цэлым выйшла на добрыя паказчыкі. Таму нягледзячы на складанасці, старшыня аблвыканкама мяркуе, што Міншчына дасягне запланаваных на 2020 год параметраў.

Аляксандр Турчын упэўнены: часам за агульным многія не бачаць прыватнага. «Добра працуе «Белкалій» — добра працуе вобласць. Але пры аналізе сітуацыі па кожным раёне нельга сказаць, што ў тых галінах, на якія мы маем поўны ўплыў і паўнамоцтвы, працуем так, каб нас ніхто не папракнуў. На наступную пяцігодку мы вызначым некалькі ключавых параметраў, за якія будуць несці адказнасць кіраўнікі. І ўсе будуць дакладна і ясна разумець за што. Я маю на ўвазе — заработную плату, даходы грамадзян. Як можна выконваць рознічны тавараабарот, калі ў раёне людзі атрымліваюць мізэрную зарплату».

Яшчэ больш абурыла губернатара заработная плата за студзень гэтага года на трох прадпрыемствах Валожынскага раёна — менш за 400 рублёў. Пазіцыя старшынь райвыканкамаў такая: навярстаем упушчанае. «А як людзям жыць, утрымліваць сям'ю, дзяцей? Калі па выніках першага квартала зарплата будзе ніжэй за 500 рублёў, кіраўнікі пазбавяцца сваіх пасад. Думаю, чакаць гэтага не будзем. Настойліва рэкамендую: на прадпрыемствах раённай формы ўласнасці прымаць любыя ўпраўленчыя рашэнні», — рэзюмаваў Аляксандр Турчын.

У наступным годзе і пяцігодцы належная ўвага будзе ўдзяляцца рэалізацыі не толькі буйных інвестыцыйных праектаў, але і праектаў у аддаленых ад Мінска раёнах у адпаведнасці з іх спецыфікай. У Крупскім раёне адну з гаспадарак перададуць агракамбінату «Дзяржынскі» для развіцця жывёлагадоўлі. У Мядзельскім, Валожынскім, Вілейскім раёнах выдатныя ўмовы для развіцця турызму. «Для кожнага рэгіёна мы знойдзем пункты росту, што паўплываюць на павышэнне зарплат, дабрабыт людзей, якія там жывуць», — зазначыў Мікалай Рагашчук.

Яшчэ адзін з рычагоў развіцця рэгіёнаў — малое і сярэдняе прадпрымальніцтва, на долю якога прыходзіцца 35 % аб'ёмаў вытворчасці. Гэта мабільныя людзі, якія хутка падладжваюцца пад умовы знешняга і ўнутранага рынкаў, імгненна рэагуюць на ўсе змяненні. Таму ў наступныя пяць гадоў будзе накіравана значная ўвага на сектар, які павінен рабіць яшчэ большы ўнёсак у эканоміку вобласці.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв'ю: belrynok.by

Загаловак у газеце: Занятасць. Заробак. Інвестыцыі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.