Вы тут

Беларускія тэнісісты адправіліся на матч Кубка Дэвіса ў Германію


Гульня з нямецкай зборнай прызначана на 6-7 сакавіка ў Дзюсельдорфе. Пераможца атрымае права выступіць у фінале прэстыжнага тэніснага турніру


За беларускую зборную ў Германіі згуляе першая ракетка краіны Ягор Герасімаў, а таксама Ілья Івашка, Аляксандр Згіроўскі, Марцін Барысюк і Андрэй Васілеўскі. З боку нямецкай зборнай на корт выйдуць Ян-Ленард Штруф, Філіп Кольшрайбер, Дамінік Кепфер, Кевін Кравіц і Андрэас Міс.

6 сакавіка адбудуцца два адзіночныя матчы (пачатак у 18:00 па беларускім часе), 7-га праграму адкрые сустрэча парнага разраду (14:00), а затым адбудуцца дзве адзіночныя гульні. Матчы ў прамым эфіры пакажа тэлеканал «Беларусь 5».

Капітанам беларускай зборнай на гэтым турніры стане Дзмітрый Жырмонт, яшчэ год таму ён сам выступаў за зборную Беларусі на Кубку Дэвіса ў якасці гульца. «Тады я гэтак жа трэніраваўся, з усімі хлопцамі і трэнерамі мы былі разам, таму ўсё засталося, як і было. Кубак Дэвіса наогул хвалюючая падзея, таму я хваляваўся, калі быў гульцом і балельшчыкам, хвалююся і цяпер, інакш нельга. Капітан павінен вырашаць задачы каманды, хлопцы адказваюць за вынік на корце, а я адказваю за каманду. Капітан — гэта і трэнер, і псіхолаг, чалавек, які ў цяжкую хвіліну падтрымае, накіруе гульца. Капітан — гэта бацька на тэнісным матчы», — пракаментаваў сваё новае амплуа Дзмітрый. Перад ад'ездам у Германію ён таксама расказаў аб нашай камандзе. «Гэты сезон сапраўды адзін з найлепшых для нашых гульцоў. Ягор, Ілья і Андрэй паказваюць высокія вынікі, пачынаючы з Australіan Open, яны годна выступілі на турніры ў Індыі, дзе Ягор і Андрэй гулялі фінальную частку. Нядаўна на турніры ў Марсэлі Ягор дайшоў з кваліфікацыі да васьмёркі, дзе абыграў дзясятую ракетку свету. Хлопцы ідуць туды, дзе павінны быць, гэта зусім не выпадковасць. Той жа Герасімаў яшчэ да сваёй траўмы падыходзіў да топ-100, Ілья там ужо быў, але з-за траўмы не змог затрымацца. Вядома, акрамя вынікаў Ільі і Ягора ў адзіночцы і Андрэя ў пары, мы чакаем, што і наша моладзь пакажа сябе».

Дзмітрый таксама адзначыў, што каманда Германіі — вельмі моцны сапернік, усе адзіночкі ўваходзяць у топ-100 сусветнага рэйтынга, пара знаходзіцца ў топ-10, таму з усімі гульцамі трэба лічыцца. На думку капітана, асноўная нагрузка ляжа на Ілью, Ягора і Андрэя, яны і будуць трымаць.

Нагадаем, каманда Германіі ўпершыню прыняла ўдзел у Кубку Дэвіса ў 1913 годзе і тройчы станавілася ўладальніцай гэтага трафея — у 1988, 1989, 1993 гадах. Цяпер немцы займаюць 12-е месца ў рэйтынгу Кубка Дэвіса, беларуская каманда — на 45-й пазіцыі рэйтынга.

Нагадаем, у мінулым матчы Кубка Дэвіса, які прайшоў у верасні 2019 года ў Мінску, беларусы выйгралі ў каманды Партугаліі — 3:2.

Адзначым, што ў фінал праходзяць 12 камандаў-пераможцаў. Там іх ужо чакаюць паўфіналісты 2019 года, каманды Расіі, Вялікабрытаніі, Канады і Іспаніі, а таксама зборныя Францыі і Сербіі, уладальнікі wіld card. Каманды, якія не пройдуць адбор у фінал, выступяць у Сусветнай групе І у верасні 2020 года.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».