Вы тут

У Гомелі выпускнікі аддаюць перавагу заняткам з настаўнікамі замест урокаў з рэпетытарамі


У Гомелі больш як тысяча трыста школьнікаў выпускных класаў аддаюць перавагу вячэрнім заняткам з настаўнікамі замест урокаў з прыватнымі рэпетытарамі.


Старшыня Гомельскага аблвыканама Генадзь САЛАВЕЙ пазнаёміўся з экспазіцыяй мясцовага музея,  напрацоўкамі эксперыментальнай тэхналагічнай лабараторыі  і экспанатамі экалагічнага цэнтра.

Гаворка ідзе пра навучэнцаў дзяржаўнага абласнога ліцэя. І жадаючых падцягнуць веды такім чынам перад паступленнем тут значна больш. Ва ўстанове расказалі, як такая паслуга ў сферы адукацыі можа стаць пэўнай альтэрнатывай рэпетытарству і па якасці падрыхтоўкі, і па кошце. 97 % выпускнікоў ліцэя паступаюць у ВНУ.

Досвед ліцэя па дадатковай падрыхтоўцы навучэнцаў можа быць добрым прыкладам для ўкаранення ў школах і гімназіях рэгіёна. Гэта тэма пастаўлена на кантроль упраўлення адукацыі аблвыканкама. Адпаведнае даручэнне спецыялісты гэтай сістэмы атрымалі ад старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя, якія правёў сустрэчу з калектывам ліцэя і ацаніў работу ўстановы.

Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй дзейнічае з 1996 года. Цяпер гэта адна з вядучых устаноў сярэдняй адукацыі ў рэгіёне. У ліцэі 46 настаўнікаў, 12 выхавальнікаў і 422 навучэнцы. Гэта вучні 10—11-х класаў, амаль палова з іх прыехала ў Гомель з розных куткоў рэгіёна. Тут створаны максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу таленавітых і мэтанакіраваных вучняў. Навучанне праходзіць па ўсіх акадэмічным профілях. Штогод сярод выпускнікоў сумарна два-тры класы — медалісты.

Паслуга ліцэя па дадатковай падрыхтоўцы навучэнцаў вельмі запатрабаваная. Кошт вячэрніх курсаў — 21 рубель на месяц. Заняткі праходзяць для груп па 23 чалавекі, іх праводзяць 39 настаўнікаў.

— Не выключаю, што ў пэўным сэнсе тут адыгрывае ролю аўтарытэт настаўнікаў і імідж установы. Аднак у кожнай школе ёсць нямала педагогаў, да якіх дзеці з задавальненнем будуць хадзіць на дадатковыя заняткі, — упэўнены Генадзь Салавей. На думку губернатара, такі вопыт варты ўкаранення ў школах і гімназіях рэгіёна, бо пытанне дадатковай падрыхтоўкі вучняў асабліва актуальна для выпускнікоў і іх бацькоў.

Між іншым, і для самой установы адукацыі — гэта магчымасць развіцця платных паслуг. Так, за студзень 2020 года казна ліцэя папоўнілася больш як на 28 тысяч рублёў. Летась платныя паслугі склалі звыш 250 тысяч рублёў.

Акрамя таго, навучальная ўстанова можа быць узята за ўзор і ў плане развіцця перадавых тэхналогій энергазберажэння. Тут усталявана ўласная электрастанцыя з сонечнымі панэлямі. Дырэктар ліцэя Сяргей Рыдны расказаў, што летась выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц дазволіла атрымаць дадатковую энергію. На гэтым праекце ліцэй зарабіў 13,5 тысячы рублёў:

— Яшчэ ў 2012 годзе нам прысвоілі статус аб'екта дэманстрацыйнай зоны высокай энергаэфектыўнасці. Наш адзіны ў краіне навучальна-практычны цэнтр па энергазахаванні штогод наведваюць больш як шэсць тысяч навучэнцаў і студэнтаў. Гэта сапраўды пазнавальная экскурсія з дэманстрацыяй унікальных экспанатаў, — паведаміў ён.

Увогуле аб экалогіі, энергазахаванні, развіцці ІT-сферы і ўжыванні беларускай мовы супрацоўнікі ліцэя пагутарылі з Генадзем Салаўём. Старшыня Гомельскага аблвыканкама адказаў на хвалюючыя пытанні калектыву. Размова датычылася і таго, што кожны год звыш 40 выпускнікоў ліцэя атрымліваюць ІT-спецыяльнасці, але работу большасць з іх знаходзіць па-за межамі рэгіёна. Намеснік дырэктара ліцэя па вучэбнай рабоце Наталля Каляда пацікавіліся ў губернатара, ці мажліва стварыць у Гомелі ўласную ІT-платформу:

— Штогод у ліцэі выпускаюць два класы фізіка-матэматычнага профіля. Галоўным чынам гэта хлопцы, якія з лёгкасцю паступаюць у сталічныя ВНУ. Пасля вучобы яны замацоўваюцца ў Мінску. Ці з'явіцца ў абласным цэнтры Парк высокіх тэхналогій?

Генадзь Салавей згадзіўся, што моладзі трэба даць магчымасць рэалізоўвацца на мясцовым узроўні. Цяпер у Гомелі распачаты маштабны праект:

— З інвестыцыйнага фонду вылучана больш як шэсць мільёнаў рублёў на стварэнне падобнай структуры ў абласным цэнтры. Ідзе адпаведная работа па рэгістрацыі і арганізацыі ІT-структуры на базе ААТ «Ратон». Некаторыя арганізацыі ўжо зацікавіліся гэтым праектам. Да таго ж побач размешчаны тэхнапарк, рэзідэнты якога развіваюць бізнес у сферы ІT. Аблвыканкам вядзе перагаворы з ЕРАM — самым буйным вытворцам праграмнага забеспячэння ў краіне.

Цікава, што ў завяршэнне сустрэчы губернатар падзякаваў калектыў ліцэя за плённую работу, а потым выказаў надзею, што ва ўстанове адукацыі будзе часцей гучаць беларуская мова. Магчыма, гэта ідэя будзе пакладзена ў аснову новай цікавай ініцыятывы, аб якой яшчэ заявіць гомельскі абласны ліцэй.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Каб старт быў добрым...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.