Вы тут

Па якіх прычынах з'яўляецца лішняя вага, нават калі мы не пераядаем?


Гэта ўзроставыя асаблівасці. Да 30 гадоў лішняя вага лёгка прыходзіць і сыходзіць, а пасля — гэтак жа лёгка мышачная тканка сціскаецца і замяняецца тлушчам.


Паводле медыцынскіх даследаванняў, жанчына з 29-гадовага ўзросту набірае ў сярэднім тры лішнія кілаграмы за дзесяць гадоў, а мужчына — сем. Далей — болей. Вучоныя дагэтуль не могуць дакладна растлумачыць, чаму гэта адбываецца, і «спісваюць» усё на гарманальныя змены і зніжэнне фізічнай актыўнасці. Шматгадовыя назіранні дыетолагаў са штата Пенсільванія (ЗША) паказалі, што пасля 30 гадоў цела чалавека, якое складаецца з мышачнай тканкі, касцей, вады і тлушчу пачынае імкліва губляць менавіта мышачную масу — гэта называецца атрафія, і набіраць тлушчавую. Да 50 гадоў у людзей ужо становіцца на трэць больш тлушчу ў параўнанні з тым, што было ў 20 гадоў. І як правіла, увесь гэты тлушч збіраецца вакол таліі.

Што рабіць, каб змяніць гэтую сітуацыю? Па-першае, больш рухацца. З-за мышачна-тлушчавых змяненняў трэба быць яшчэ больш актыўным, чым у юнацтве. Акрамя таго, нармалізаваць вагу ў сталым узросце дапамагаюць... часты смех і жаванне жвачкі. Хоць, вядома, самае важнае правіла — ты тое, што ты ясі. Трэба налягаць на садавіну, гародніну, рыбу, птушку, арэхі, бабовыя і зернявыя. І менш ужываць цукру, солі, паўфабрыкатаў і ежы на ноч.

Усё ж пры правільным падыходзе вынік не прымусіць сябе чакаць. Але прыгожая фігура немагчыма без прыгожай, пругкай скуры.

— Працяглая дыета і занадта хуткая страта вагі могуць прывесці да ўзнікнення вяласці, абвісання скуры. Самыя праблемныя месцы — скура на жываце, твары, шыі, унутраным баку сцёгнаў, руках, — адзначае валеолаг 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі г. Мінска Людміла Барташэвіч.

Што рабіць, каб пазбегнуць такіх праблем у працэсе пахудзення?

  • Худзейце марудна. Не варта скідваць больш 0,5-1 кілаграма за тыдзень.
  • Не выключайце з рацыёну бялкі, старайцеся кожны дзень ужываць рыбу, мяса, птушку. Не забывайце і аб прадуктах, якія ўтрымліваюць тлушчы, але сачыце, каб іх колькасць не перавышала 30 грамаў у дзень.
  • Займайцеся фізкультурай — гэта неабходна для падтрымання мышц у тонусе. Да таго ж, актыўныя трэніроўкі стымулююць абмен рэчываў, узмацняюць цыркуляцыю крыві і ў выніку паляпшаюць стан скуры.
  • Падтрымлівайце водны баланс.Неабходна выпіваць не менш за два літры вады ў суткі, гэта дапаможа захаваць эластычнасць скуры.
  • Кантрасны душ дапаможа добра ўмацаваць скуру. Чаргуйце гарачую і халодную ваду. Карысна масіраванне праблемных участкаў жорсткай мачалкай.
  • Прымайце адзін-два разы на тыдзень ванны з марской соллю. Гэта працэдура добра выводзіць таксіны з арганізма.
  • Выкарыстоўвайце падцягваючыя сродкі для догляду скуры.
  • Прымайце полівітамінныя і мінеральныя комплексы.
  • Па магчымасці прайдзіце курс масажу.
  • У сукупнасці сістэматычнае выкарыстанне гэтых сродкаў прывядзе да жаданага выніку.

Алена КРАВЕЦ

Фота: vokrugsveta.ua

Загаловак у газеце: Не трэба спяшацца!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?