Вы тут

У вёсцы Соміна Івацэвіцкага раёна жыве самая вялікая ў краіне сям'я, у якой нарадзілася 13 дзяцей


У вёсцы Соміна Івацэвіцкага раёна жыве самая вялікая ў краіне сям'я — Сяргея і Ганны Халадовічаў, у якіх нарадзілася і выхоўваецца ажно 13 дзяцей!

Сяргей, Улад, Любоў, Вера, Надзея, Алеся, Лія, Самуіл, Маісей, Мацвей, Эсфір, Алёна, Елісей... Як лесвічка па гадах нараджэння, у канцы якой стаўлю шматкроп'е, бо мама яшчэ маладая, і калі Бог зноў пашле дзіцятка, будзе нараджаць.


Адчыняю дзверы ў пакой, а там на канапах дзяцей, нібыта гароху. Пра сябе пачынаю лічыць: адзін, два, тры, чатыры... чатырнаццаць? Яшчэ раз: адзін, два, тры... Зноў чатырнаццаць! Заўважыўшы маё пытанне ў вачах, адгукнуўся хлопчык: «Гэта я чатырнаццаты. Я іх сваяк стрыечны. Гасцюю тут». Астатнія хлопчыкі і дзяўчынкі ўсміхаліся і пераглядваліся — іх павесяліла гэтая нямая сцэна. А праз хвіліну дзверы ў пакой адчыніла мама Ганна, а за ёю ўвайшоў і бацька Сяргей.

Старэйшаму сыну, першынцу, далі бацькава імя — Сяргей, хлопчык вучыцца ў 11-м класе Гортальскай СШ. Улад у 9-м класе, Люба ў 7-м, Вера ў 6-м, Надзя у 5-м, Алеся ў 4-м, Лія ў 2-м. Самуіл, Маісей, Мацвей — выхаванцы Гортальскага дзіцячага садка. Словам, кожную раніцу мама Ганна выпраўляе ў школу і дзіцячы садок 10 дзяцей! Старэйшыя апякаюць малодшых, дапамагаюць сесці ў школьны аўтобус, даглядаюць іх па дарозе. Самыя маленькія — Эсфір, Аленка і Елісейка — застаюцца з мамай. У дапамогу ёй прызначаны сацыяльны работнік — нянька, якая прыходзіць на некалькі гадзін. Гэта добрая падмога, але ўсё роўна маме цяжка, хоць яна і не скардзіцца, усміхаецца і ўпэўнівае, што дзеці — гэта дар Божы.

Елісейка нарадзіўся ў жніўні мінулага года, і рэжым мамы звязаны пакуль з яго раннімі прачынаннямі. Хлапчанё, можна сказаць, на дадзены момант сямейны «будзільнік». Але старэйшыя дзеці і самі маглі б падняцца і сабраць сябе і ўсю «каманду» ў школу і садок. Так, у вялікай сям'і яны рана становяцца самастойнымі.

За размовай з мамай міжволі назірала, як старэйшыя дзяўчынкі не спускалі з рук Елісейку і Аленку. Трохгадовая Эсфір ужо, лічы, самастойная. Што дзіўна, у адным пакоі знаходзілася столькі дзяцей, а крыку, плачу, капрызаў, боек, абзыванняў у адрас адно аднаго, злоснага тузання не назіралася. Не было і такога, што хтосьці з дзяцей патрабаваў да сябе большай увагі бацькоў, настойваў, каб заўважылі яго «дасягненні». Дзеці, як птушаняткі, гурбою перамяшчаліся за тым, што іх раптам зацікавіла, схіляліся адно над адным, але мірна і без грукату. Калі ўзнікала сітуацыя, што нейкае малое аказвалася па-за ўвагай астатніх дзяцей, тата ласкавым голасам клікаў яго да сябе, суцяшаў, падбадзёрваў. Адчувалася, што бацька тут — надзейная апора, за спінай якога як за каменнай сцяной. Нават пасядзець дзецям на яго руках шчасце!

У гаспадарцы гэтай сям'і многа жыўнасці. Конь, дзве каровы, бычок, каза, свінні, бараны і ягняты, курэй каля паўсотні, гусі, сабака, два каты. На Раство, напрыклад, для святочнага стала запякалі свайго гусака. Зямлі ў арэндзе — паўтара гектара, на якіх вырошчваюць гародніну. Як кажа гаспадыня, муж з хлопчыкамі вызвалілі яе ад абавязкаў клапаціцца пра жывёлу. Хлопцы ўжо добрыя памочнікі па гаспадарцы. Таму ім нават падчас вялікіх канікул не да звычайнага летніка, яны ўсюды з бацькам на «мужчынскай працы». А мама з дзяўчынкамі ўзялі на сябе хатнія клопаты. Нават на лёгкі сняданак бліноў ім трэба замешваць не менш як на літр малака. Бохан хлеба патрэбны кожны раз, калі сям'я садзіцца за стол. На дзень — усе тры. Калі толькі кубачак малака наліць кожнаму, то на сям'ю атрымаецца 15 кубкаў... Вядома, гаспадыня робіць шмат закрутак на зіму, але летась яна ў самую гарачую пару была ў радзільным доме. Ведаючы гэта, сваякі і бацькі падкідваюць час ад часу харчовую дапамогу. Напячы бліноў, дарэчы, могуць і хлопчыкі, напрыклад, старэйшы, Сяргей, а посуд памыць рвуцца малыя.

Бацька Сяргей Мікалаевіч працаваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы. Цяпер ён аформлены даглядаць сына, у якога парок сэрца. Вядома, сям'я стараецца, каб дзеці раслі здаровыя, але не ўсё ім падуладна.

У вучобе хваляць Любу і іншых дзяўчынак. Трое дзяцей Халадовічаў наведваюць Целяханскую школу мастацтваў, вучацца іграць на баяне і піяніна, добра малююць. Баяны ў дзяўчынак ёсць, а вось піяніна... Яго, можа, хто і ахвяраваў бы сям'і, але ж праблема з дастаўкай. Дарэчы, у школу мастацтваў дзяцей возіць бацька на сваёй старэнькай аўдзі.

Як сказала мама Ганна, яны даўно мараць пра вялікае аўто. На старой машыне сям'я не можа нават паехаць поўным складам у госці да бацькоў Ганны, бо фізічна ўсіх туды не пасадзіш. Тут патрэбны не менш як мікрааўтобус.

Дом, у якім жыве сям'я, таксама стаў цесны, і Халадовічы чакаюць пашырэння жылплошчы.

Дарэчы, бацькі сямейства самі родам са шматдзетных сем'яў. Мама Ганна расла сярод 10 дзяцей, і бацькі коратка стрыглі дзяўчынкам валасы, каб лягчэй было іх даглядаць. Сваім жа прыгажуням мама дазваляе гадаваць косы, а раніцай, хоць і трэба на гэта час, іншы раз заплятае ім «каласкі».

Можна ўспомніць і пра клопат дзяржавы аб шматдзетных, пра навагоднія падарункі, што атрымала сям'я ад мясцовых спонсараў, пра некаторых прадпрымальнікаў, якія сталі пастаяннымі памочнікамі і сябрамі сям'і. Але галоўная адказнасць, безумоўна, ляжыць на бацьках. Нехта падумае, што такая вялікая сям'я — гэта вынік іх неразважлівасці. Бо як забяспечыць такую «плойму», каб яна ні ў чым не мела патрэбы?! Але для аўтара радкоў вялікая сям'я — гэта шчасце, спазнанае на ўласным вопыце. Тут важна іншае: у такіх сем'ях дзеці рэдка пакідаюць бацькоў на волю лёсу ці не здаюць у дом састарэлых. Яны ўжо цяпер больш самастойныя за сваіх равеснікаў, не разбэшчаныя, добрыя, сціплыя, ведаюць жыццё не па карцінках. Чаму? Бо жывуць у асяроддзі вялікай любові.

Валянціна БОБРЫК

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА

Загаловак у газеце: Самая вялікая

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра тое, як салдат купіў мыла, як сквапнасць давяла да дрэнных наступстваў, памылку дзяўчыны і не прыстасаванага да жыцця мужа.

Эканоміка

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

У Брэсцкай вобласцi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

Хто валодае нерухомай маёмасцю альбо ўчасткам зямлi, ведае, як важна мець адпаведныя дакументы на сваю ўласнасць.

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.