Вы тут

Змовіны і агледзіны супраць квэстаў і спа-салонаў


Калі за арганізацыю вяселля ўзяліся прыватнікі, старажытны абрад пачаў больш нагадваць шоу.

Замест каравая — торт у выглядзе танка, палявая кухня, маладыя ў камуфляжы, ваенізаваны картэж... Гэта вяселле ў стылі мілітары. Калі выбраць іншы прыкід, памяняць афармленне і сцэнарый, а можа, і месца «дыслакацыі», атрымаецца ўжо свята а-ля «фэнтэзі», «рок», «панк», «стылягі», «кантры» і г. д. Жаніха, нявесту і гасцей могуць ператварыць у мафію, герояў любімага фільма, а само вяселле будзе нагадваць квэст ці мюзікл. Куды толькі не заходзіць фантазія арганізатарў, каб зачапіць кліента. Сёння замаўляюць нават розыгрышы, калі па маладых прыязджае «сапраўдная» аператыўная група, каб затрымаць іх за незаконнае захоўванне наркотыкаў — у падкінутых пакунках з белым парашком насамрэч насыпана цукровая пудра.


womanfor.ru

Маладыя ў тапках?

Сёння можна падабраць для свята розныя забавы і афармленне. Для вашых паслуг клоўны, мімы і фокуснікі, шаржысты, каляровы дым і фотабудкі, шоу мыльных бурбалак і карціны з пяску, запусканне галубоў і паветраных ліхтарыкаў, шакаладныя фантаны і дэкор ручной работы. Былі б толькі грошы! Маладых могуць пакатаць у карэце, лімузінах, на цеплаходзе, верталёце, паветраным шары, ды нават на танку. Памяшканне дэкарыруюць пад любы сцэнарый. Адпаведна, і гасцям прыйдзецца прытрымлівацца пэўнага дрэс-коду. А чаму б не дамовіцца, каб усе сяброўкі нявесты прыйшлі ў сукенках аднаго колеру ці, як варыянт, падабралі адзенне пад колеры вясёлкі.

На што толькі не ідуць самі жаніх і нявеста ў пошуку арыгінальнасці — вяселле на роварах, байках, у самалёце, у супермаркеце, у аквапарку, са скачкамі з тарзанкі ці з парашутам, з пэўнымі «прыкідамі», напрыклад, калі маладыя і госці прыходзяць... у піжамах і тапках.

Апошнім часам загаварылі пра эка-вяселлі, падчас якіх не выкарыстоўваецца пластык, і наогул усё святкаванне распісваецца так, каб адходы пасля яго былі зведзены да мінімуму. Маладыя на вяселлі могуць замест кветак збіраць цацкі і пачастункі, якія пасля перадаюць дзіцячаму дому, альбо саджаць дрэвы ці вывучаць радавод і рыхтаваць кнігу, дзе распавядаецца гісторыя сем'яў жаніха і нявесты. Відаць, вяселле як проста шоу ці забава многіх сучасных маладых ужо не задавальняе і пары хочуць напоўніць яго нейкім сэнсам.

fishki.net. Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Можа, таму расце попыт на беларускія вяселлі, якія ладзяцца ў замках ці аграсядзібах. Таксама маладыя заказваюць выязныя рэгістрацыі, калі, у адрозненне ад класічнага роспісу ў загсе, можна падабраць любую абстаноўку, замовіць зону, прыдумаць сюжэт і музычнае афармленне, пад якое маладыя абмяняюцца пярсцёнкамі.

Хіба не запомніцца цырымонія, што праходзіць у адным з самых прыгожых залаў Мірскага замка? Тым больш, калі пару будзе сустракаць сам Пане Каханку? «Царскія вяселлі» ладзяцца і ў Новым замку ў Гродна. Часам пад яго маладыя і госці стараюцца падабраць касцюмы, каб усё нагадвала сярэднявечча. Уласна, рэквізіт для такіх стылізацый сёння могуць прапанаваць у святочных агенствах. Вам арганізуюць і рыцырскае шоу з двубоямі на шаблях і мячах, гасцям дадуць пастраляць з лука, пазнаёмяць са старажытнай музыкай, танцамі і забавамі. Але не ўсе маладыя адразу мецяць у шляхту ці князёў — на вяселлі, зладжаным па народных традыцыях, таксама нікому сумаваць не давядзецца.

problr.by. Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Свята ў вышыванках

У нашых продкаў працэс стварэння новай сям'і быў складаным і працяглым рытуальна-абрадавым комплексам. Вяселлю маглі папярэднічаць сватанне, запоіны, змовіны, агледзіны (калі бацькі высвятлялі, які стан гаспадаркі хлопца ці дзяўчыны, і ці здольныя будуць маладыя забяспечыць сваю сям'ю).

Гэта сёння будучыя нявесты спраўляюць дзявочнікі ў кавярнях, танцавальных клубах, аквапарках ці ў спа-салоне. А раней у паненскі (дзявочы) вечар усе былі заняты важнай справай — рабіўся вясельны вянок для нявесты і ўпрыгажэнні да свята. А чаго варты абрад выпякання каравая! У Моталі сёння — гэта адна з самых запатрабаваных «фішак» падчас экскурсій, на якія возяць у тым ліку заморскіх турыстаў. Госці дапамагаюць майстраваць з паперы і стужак кветкі, у якія пасля «апранаюць» каравай.

Наогул, «каравайны» бізнес трэба развіваць, тым больш што апошнім часам на такую прадукцыю попыт павялічыўся. «Мы цяпер на Брэстчыне рэалізуем праект па падтрымцы жаночага прадпрымальніцтва, і адна з ідэй, вартая ўвагі, — гэта закупка печы, у якой можна рабіць вялікія караваі», — дзеліцца старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя КЛІЦУНОВА. У Беларусі выдатна працуюць Дамы культуры і цэнтры рамёстваў, якія маглі б падключацца да правядзення вяселляў у народных традыцыях. Многія аграсядзібы супрацоўнічаюць з фальклорнымі калектывамі, што дазваляе праводзіць розныя мерапрыемствы на даволі высокім узроўні. Летась у аграсядзібе «Стулы» адшумеў шыкоўны вясельны фэст, маладыя і госці (дарэчы, усе былі ў вышыванках) з задавальненнем акунуліся ў старажытны абрад.

Гаспадыня сядзібы «Прыазёрнай» — культуролаг, у мінулым рэжысёр, таксама можа дапамагчы маладзёнам зладзіць шыкоўнае свята. Напрыклад, галандзец і францужанка тут адзначылі вяселле, стылізаванае пад паганскае.

Аматараў беларускага фальклору і культуры чакаюць у сядзібе «Палескія традыцыі». У гаспадароў маецца вялікая калекцыя паляшуцкіх касцюмаў, і гасцям дазволяць у іх апранацца.

Часам для маладых праводзяцца і майстар-класы, напрыклад, іх вучаць народным танцам, кавальству, жаніх і нявеста робяць з гліны гаршкі ці якія-небудзь сувеніры на памяць. А чаму б не павучыць будучую жонку ткаць, вышываць, гатаваць беларускія стравы?

«Вяселлі на вёсцы заўсёды праходзяць па-іншаму, — заўважае Валерыя Кліцунова. — Тут іншая ежа, спевы, захавалася каласальная нематэрыяльная спадчына, а судакрананне з нашай культурай — неверагодна цікава. Аграсядзіба — гэта не проста пляцоўка для правядзення вяселля. Важна яшчэ прадумаць, як ладзіць святы, каб знаёміць людзей з беларускімі традыцыямі, культурай, павышаць павагу да свайго, вучыць ім захапляцца».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.