Вы тут

«Міліцыянер — гэта юрыст са знакам якасці»


Вядучая навучальная ўстанова ў Беларусі, дзе рыхтуюць будучых міліцыянераў, — гэта Акадэмія МУС. Да старту чарговай уступнай кампаніі засталося не так і шмат. А пытанняў у будучых абітурыентаў і іх бацькоў, як заўжды, хапае. Таму на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы прадстаўнікі Акадэміі крыху прыадкрылі завесу таямніцы над навучальным працэсам.


— Калі параўноўваць курсантаў Акадэміі з іншымі кандыдатамі, якія прыходзяць на службу ў органы ўнутраных спраў з грамадзянскіх ВНУ, то нашы курсанты на галаву вышэйшыя ў практычных ведах, — зазначыў начальнік Цэнтральнага РУУС Мінска палкоўнік міліцыі Артур Шахлай, які 21 год таму сам скончыў гэтую навучальную ўстанову. — З цягам часу, вядома, і выпускнікі грамадзянскіх вузаў падцягваюцца і набіраюць досвед, але ў іх ужо няма такой форы па часе. Справа ў тым, што выпускнік Акадэміі МУС — гэта ўжо гатовы супрацоўнік органаў унутраных спраў, які ведае, што такое нарматыўна-прававы акт, які рэгламентуе праваахоўную дзейнасць, ведае, які кодэкс трэба разгарнуць у той ці іншай сітуацыі. Перавага выпускнікоў Акадэміі з улікам дысцыплін, практыкі, стажыроўкі, якую тыя праходзяць, у тым, што яны падрыхтаваны да стасункаў са злачынцамі, з асобамі, якія стаяць на ўліку. Таму ў нашым РУУС большасць асабістага саставу або ўжо мае дыплом Акадэміі, або цяпер вучыцца ў ёй завочна.

У сваю чаргу, першы намеснік начальніка Акадэміі МУС палкоўнік міліцыі Аляксей Башан абазначыў, што дзве галоўныя апоры падрыхтоўкі, — гэта самі веды і адукацыя. Ён праінфармаваў, што цяпер у навучальнай установы шэсць заказчыкаў. Юрыдычныя кадры рыхтуюцца не толькі непасрэдна для Міністэрства ўнутраных спраў, але і Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і Міністэрства абароны.

— Усе нашы навучальныя праграмы ўзгадняюцца з ведамствамі, у інтарэсах якога навучаецца курсант. Справа ў тым, што ў нас выбіраюць не проста адукацыю, а будучую прафесію. Яшчэ на этапе падачы заявы мы цікавімся, кім будзе працаваць абітурыент — участковым, у крымінальным вышуку, наркакантролі, аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, супрацоўнікам ДАІ, у Дэпартаменце выканання пакаранняў... Завядзёнкі, што спачатку выпускнікі атрымліваюць дыплом, а пасля думаюць, куды з ім працаўладкавацца, у нас няма. Мы даем класічную адукацыю і інструмент, як яе выкарыстоўваць. Часам кажуць, што ў нас рыхтуюць спецыялістаў па вузкім профілі, а не юрыстаў. Але, як па мне, міліцыянер — гэта юрыст са знакам якасці. Вось уявіце сабе сітуацыю. Хтосьці звярнуўся па юрыдычную дапамогу да юрыста. Ён кажа — так, заканадаўства парушана і трэба звяртацца ў праваахоўныя органы. І ў справу ўступае хто? Міліцыянер. Таму і патрабаванні да ведаў і ўменняў у нашых выпускнікоў вельмі высокія.

З мінулага года ў Акадэміі МУС пачалі рыхтаваць спецыялістаў, якім трэба будзе раскрываць злачынствы ў кіберпрасторы. Пра тое, як гэта адбываецца, распавёў начальнік кафедры аператыўна-вышуковай дзейнасці факультэта міліцыі Акадэміі МУС палкоўнік міліцыі Аляксей Тукала.

— Мы сочым за тэндэнцыямі, якія адбываюцца ў крымінальным асяроддзі. Напрыклад, той жа збыт наркатычных сродкаў цяпер амаль цалкам сышоў у інтэрнэт. На нашы заняткі запрашаліся прадстаўнікі Парка высокіх тэхналогій і Нацыянальнага банка. Яны комплексна распавядалі пра тое, як у інтэрнэце ідуць грашовыя патокі. Курсанты, якія атрымлівалі веды па супрацьдзеянні злачынствам у віртуальным асяродку, цяпер знаходзяцца на пераддыпломнай практыцы.

Добра наладжана ў Акадэміі МУС і зваротная сувязь. Працуе гэта наступным чынам. Пасля пераддыпломнай практыкі куратар аддае ў навучальную ўстанову падрабязную справаздачу пра поспехі курсанта і яго правераныя веды. Пры неабходнасці навучальны працэс можа быць падкарэктаваны. Фідбэк ажыццяўляецца і пасля заканчэння Акадэміі. Пра гэта распавёў начальнік следча-экспертнага факультэта палкоўнік міліцыі Алег Ражко.

— З першага курса нашы навучэнцы пагружаюцца ў практычную дзейнасць. Выбудавана сістэма практык, дзякуючы якой курсанты маюць магчымасць стажыравацца ў складзе следча-аператыўных груп, выязджаць на канкрэтныя месцы здарэнняў, на свае вочы бачыць узаемадзеянне паміж следчым, аператыўнікамі і іншымі службамі. Дзякуючы гэтаму з першых дзён пасля выпуску ён ведае, што яму трэба рабіць па канкрэтнай крымінальнай справе. У асабістую справу кожнага выпускніка кладзецца спецыяльная анкета. Праз год пасля выпуску яе запаўняе начальнік, дзе і ацэньвае прафесійныя якасці маладога афіцэра. І ўжо пасля гэтага мы глядзім, як трэба дапрацоўваць навучальны працэс.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Прэв'ю: dompressy.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.