Вы тут

Больш за 50 тысяч абследаваных дзяцей. Праект «Я бачу!» падвёў вынікі


Маштабны дабрачынны праект «Я бачу!», падчас якога афтальмолагі агледзелі больш за 50 тысяч сельскіх школьнікаў, завершаны. За чатыры гады 35 урачоў пабывалі ў 693 школах чатырох абласцей — Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай і Віцебскай. На агляды, між іншым, спатрэбілася 730 дзён, Для гэтага за час праекту медыкі праехалі сумарна амаль 140 тысяч кіламетраў. Па падліках арганізатараў, у ініцыятыву ўкладзена 600 тысяч рублёў.


Нагадаем, што праект «Я бачу!» стартаваў у 2016 годзе.

— Яго ідэя нарадзілася ў Беларускім дзіцячым фондзе. Яшчэ ў 2010-м, а потым у 2013 годзе мы рэалізавалі пілотную ініцыятыву: сумесна з амерыканскімі ўрачамі-валанцёрамі праверылі зрок у 600 дзяцей і дарослых у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Вынікі нас уразілі, і мы вырашылі арганізаваць больш маштабны праект, — узгадвае старшыня Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан.

Ім і стаў праект «Я бачу!». За чатыры гады афтальмолагі абследавалі зрок у 51 474 дзяцей. У выніку ў 32,3 % школьнікаў (больш за 16 тысяч) выяўлены розныя паталогіі, прычым у 51,8 % (8,6 тысячы) з гэтага ліку парушэнні зроку былі дыягнаставаны ўпершыню. Больш за 5,8 тысячы дзяцей мела патрэбу ў акулярнай карэкцыі, 330 школьнікаў адпраўлена на хірургічнае і кансерватыўнае лячэнне, 367 дзяцей атрымалі накіраванні на дадатковае абследаванне.

— На жаль, рэаліі такія, што дзеці хварэюць. І бацькі часам не звяртаюць увагу на тое, што дзіця жмурыцца ці дрэнна бачыць. Вельмі часта, каб супакоіць малога, маці дае яму тэлефон ці іншы гаджэт. Тым часам нясталае дзіцячае вока вельмі адчувальнае. Дарэчы, за апошнія восем гадоў мы не назіраем істотнага падзення зроку ў школьнікаў. А вось якраз у дашкольнікаў ён апошнім часам прыкметна пагаршаецца, — падкрэслівае галоўны спецыяліст аддзела дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Таццяна Бурдзь. — Падчас праекту мы ставілі мэту акцэнтаваць на гэтых праблемах увагу бацькоў і настаўнікаў, данесці інфармацыю, што зрок трэба берагчы.

Сапраўды, акрамя аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, важным складнікам праекта стала прафілактыка захворванняў органаў зроку. Інтэрактыўныя білборды, кулінарны майстар-клас, сацыяльныя відэаролікі ў падтрымку праекта вучылі дзяцей і дарослых клапаціцца пра зрок. Летась дыялог з білбордаў перамясціўся на старонкі коміксаў. Гісторыя ў малюнках на беларускай мове аб прыгодах школьніцы Алесі і яе сяброў у забаўляльнай форме нагадвае пра тое, як важна берагчы зрок і як карысна бывае насіць акуляры, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. Экзэмпляры зборніку коміксаў з'явяцца ў школьных бібліятэках па ўсёй краіне.

Яшчэ адным карысным вынікам праекта «Я бачу!» стала перададзенае медустановам дыягнастычнае абсталяванне. Яно выкарыстоўвалася падчас абследавання дзяцей, а пасля было перададзена базавым клінікам, якія ўдзельнічалі ў праекце. Гэта Магілёўская абласная дзіцячая бальніца, Віцебскі абласны дзіцячы клінічны цэнтр, Полацкая цэнтральная гарадская бальніца, Гомельская цэнтральная гарадская дзіцячая клінічная паліклініка, Мазырская цэнтральная гарадская паліклініка.

— Усе даныя, атрыманыя падчас аглядаў, мы перадалі ў Міністэрства аховы здароўя, дзе яны будуць прааналізаваны. І магчыма, нават паслужаць падставай для перагляду пэўных санітарна-эпідэмічных нормаў і правілаў для школ, — адзначыў Аляксандр Трухан.

Ініцыятарам праекта стаў Беларускі дзіцячы фонд, да якога далучылася кампанія А1. Падтрымалі яго Міністэрства аховы здароўя, Магілёўскі, Гомельскі, Брэсцкі і Віцебскі аблвыканкамы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».