Вы тут

Трэйлер кінапраекта «Авантуры Пранціша Вырвіча» прадставілі ў Мінску


Танк па чарцяжах Леанарда да Вінчы, палацавыя інтэр'еры і маляўнічыя краявіды, прыгоды і пагоні, інтрыгі і рамантыка, вернасць і здрада, — фрагменты вялізнага кінапалатна, якія густа замешаныя на айчыннай гісторыі і суправаджаюцца пазнакай «12 плюс». У апошнія дні зімы Выдавецкі дом «Звязда» прадставіў у Мінску трэйлер нацыянальнага кінапраекта «Авантуры Пранціша Вырвіча», прэм'ера якога адбудзецца ў сярэдзіне сакавіка, а здымачная група прыадкрыла падрабязнасці стварэння кінастужкі.


«Мне вельмі хацелася «пажыць» у ХVІІІ стагоддзі, у тую эпоху плашча і кінжалу, напэўна, найменш вербалізаваную з усёй нашай гісторыі, нягледзячы на падзейную разнастайнасць і насычанасць, — тлумачыць сваю цікавасць да тэмы пісьменніца Людміла Рублеўская, паводле кнігі якой і створаны фільм. — Можа быць, падагрэла мой інтарэс і выданне Адама Мальдзіса «Беларусь у люстэрку мемарыяльнай літаратуры ХVІІІ стагоддзя» пра жыццё нашых продкаў, і мае ўласныя знаходкі, зробленыя падчас работы над дакументальнымі артыкуламі па гісторыі беларускай літаратуры. Я пабачыла, які гэта неверагодны матэрыял, колькі ўсяго цікавага адбывалася ў гэты перыяд у Беларусі, чаго ў нас, здавалася, і быць не магло!»

Пісьменніца планавала стварыць «вясёлую аповесць» з удзелам двух персанажаў, якія ўвасобілі розныя бакі «беларуса гістарычнага» і разбурылі пэўныя стэрэатыпы (адзін — збяднелы шляхцюк Пранціш Вырвіч, які ў любых умовах захоўвае гонар і высакароднасць, другі — сын простага полацкага рамесніка Баўтрамей Лёднік, які зрабіў сябе сам, спасціг мудрагелістыя навукі і наогул шмат у чым нагадвае Францыска Скарыну). Але гісторыя зацягнула аўтара, героі сталі жыць паўнавартасна (інтэлектуал Баўтрамей Лёднік, напрыклад, памаладзеў і з другаснага персанажа ператварыўся ў адну з галоўных дзеючых асоб) і дыктаваць свае ўмовы, шукаць скарбы, даследаваць інтрыгі; у выніку аповесць ператварылася ў раман, затым другі... На сёння ў серыі пра авантуры Пранціша Вырвіча ўжо выйшла пяць кніг.

Першая з іх і лягла ў аснову сцэнарыя, які па замове міністэрства культуры напісаў для гісторыка-прыгодніцкага фільма Валянцін Залужны. Больш за год на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» ішлі здымкі, за працэсам якіх пільна сачылі чытачы і патэнцыйныя гледачы карціны. Стваральнікі фільма перакананыя: нягледзячы на лёгкі жанр, а мо, нават дзякуючы яму, стужка абяцае стаць значнай кінаработай, якая прыцягне да беларускай гісторыі нават далёкіх ад яе людзей.

Рэжысёр Аляксандр Анісімаў, для якога гэта першая гістарычная карціна, зазначае, што работа была няпростай. Амаль палова з 50 кіназмен праходзіла ўначы пры свечках, бо ўдзень у Лідскім, Мірскім, Нясвіжскім замках, дзе здымалі «лінію Радзівілаў», няспынна ішлі экскурсіі. Таксама адмыслова для фільма дэкаратары кінастудыі сабралі дакладна па схемах і чарцяжах Леанарда да Вінчы танк з паравым рухавіком — калісьці шведскія кінематаграфісты не змаглі сабраць гэтую канструкцыю, а беларусы не толькі ажыццявілі яе, але і прымусілі рухацца.

...На грым і пераадзяванне акцёраў патрабавалася каля чатырох гадзін, і на працу перад камерамі прыпадала зусім няшмат часу, таму ўсе службы пастаянна знаходзіліся напагатове, а персанажы загадзя ўваходзілі ў вобразы. Абраныя па выніках кастынгу акцёры — адзначым, выключна беларускія, і гэта прынцыпова важны момант — каб ужыцца ў эпоху, шмат займаліся сцэнічнымі баямі і верхавой яздой. І нават у ролях другога плану, падкрэсліваюць стваральнікі карціны, акцёры здолелі раскрыцца і стварыць сапраўдны цікавы ансамбль. «Калі ёсць добрая літаратурная аснова, у адрозненне ад многіх сучасных штампаваных серыялаў, калі нават за другасным персанажам адчуваецца глыбіня, лёс чалавека — вельмі цікава іграць гэтую ролю, і я ўдзячны аўтару і рэжысёру за магчымасць такой працы», — гаворыць народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак, які ў «Авантурах» сыграў аптэкара Лейбу. «Працаваць над характарам свайго героя, які заўжды выступае за справядлівасць, ад чаго і пакутуе, нешта пра яго прыдумляць, эксперыментаваць — усё гэта было неверагодна цікава», — падтрымлівае калегу Георгій Пятрэнка — Пранціш Вырвіч.

Людміла Рублеўская выказала надзею, што ў фільме ўдалося перадаць галоўнае: дух эпохі і характар персанажаў, гатовых абараняць тэрыторыю ўнутранай свабоды са зброяй у руках. «Была ў нас задума зрабіць творчую масоўку, куды запісаліся многія мае сябры, дый я сама хацела зняцца ў некаторых масавых сцэнах — але бюджэт не дазваляў разагнацца на коней, карэты і масавыя сцэны, дый касцюмаў адпаведнай эпохі не хапала, таму ідэя, на жаль, не здзейснілася», — разводзіць рукамі пісьменніца. А вось над беларускамоўным агучваннем стужкі, якога чакае большасць гледачоў, праца вядзецца дагэтуль. І хочацца верыць, што вынік будзе станоўчым, і «кіно з нацыянальным характарам» атрымаецца такім не толькі ў рэлізах кінастудыі, але і на справе. Нагадаем, у пракат «Авантуры Пранціша Вырвіча» выйдуць з 19 сакавіка.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Авантуры ў поўным метры

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.