Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра заканчэнне чэмпіянату Еўропы па біятлоне і іншыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Беларускія спартсмены занялі першае месца ў медальным заліку на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне ў Раўбічах. На вышэйшую прыступку п'едэстала ўзнялася біятланістка зборнай Беларусі Алена Кручынкіна, якая выйграла гонку пераследу, таксама двухразовым чэмпіёнам Еўропы стаў Сяргей Бачарнікаў, які быў найлепшым у суперспрынце і пасьюце. Бронзавы медаль у скарбонку беларускай каманды прынесла і Ірына Крыўко ў спрынце.

Другое месца ў медальным заліку заняла зборная Расіі — 4 узнагароды (2 залатыя і 2 сярэбраныя). На трэцяй пазіцыі размясціліся нарвежскія спартсмены, у актыве якіх 6 медалёў (1 залаты, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя).

Госці чэмпіянату па яго заканчэнні не скупіліся на высокія ацэнкі арганізацыі турніру. «Уся Еўропа гэтай зімой атрымала няпросты выклік — снегу сапраўды мала, але Раўбічы праявілі сябе бліскуча, так арганізаваўшы трасу чэмпіянату Еўропы, дзякуй», — адзначыў кіраўнік Міжнароднага саюза біятланістаў Оле Далін.

Удзел у чэмпіянаце Еўропы — 2020 па біятлоне прынялі каля 270 спартсменаў у складзе 35 камандаў. Біятлоннае свята ў Раўбічах працягнецца Кубкам ІBU, які з 4 да 7 сакавіка прыме Беларусь.

2. Арына Сабаленка стала пераможцай турніру катэгорыі «Прэм'ер» з прызавым фондам $ 2,9 млн у катарскай Досе. У фінале яна перамагла чэшку Петру Квітаву — 6:3, 6:3, сустрэча працягвалася 1 гадзіну 14 хвілін.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў тэнісістку з прыгожай перамогай на турніры. «Віншую цябе з заваяваннем першага ў новым сезоне трафея на турніры WTА. Яскравы поспех у Досе — гэта вынік нясхільнага спартыўнага характару і сілы духу. Сваёй прыгожай гульнёй ты падарыла сапраўднае свята ўсім беларускім балельшчыкам», — гаворыцца ў віншаванні. «Чакаем новых упэўненых перамог. Мы ў цябе верым!» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Для Арыны гэта шосты чэмпіёнскі тытул на турнірах пад эгідай WTА. Перамогшы ў Катары, Сабаленка зарабіла $ 605 тысяч, а таксама 900 ачкоў, што дазволіла ёй падняцца на некалькі пазіцый у сусветным рэйтынгу. Цяпер яна займае 11-е месца. На першым замацавалася Эшлі Барці (Аўстралія), другі радок за Сімонай Халеп (Румынія), на трэцяй пазіцыі Караліна — Плішкава (Чэхія).

3. Беларускія спартсмены заваявалі чатыры ўзнагароды (дзве залатыя, адну сярэбраную і адну бронзавую) на міжнародным турніры па дзюдо Еurореаn Judо Ореn, які прайшоў з 29 лютага да 1 сакавіка ў Варшаве. У апошні дзень турніру на вышэйшую прыступку п'едэстала ўзняўся беларус Аляксандр Сідорык (вагавая катэгорыя 90 кг), бронзавая ўзнагарода дасталася Віктару Кляусаву. Раней Ульяна Мінянкова (57 кг) заваявала залаты медаль, Ксенія Даніловіч (52 кг) узнімалася на другую прыступку п'едэстала.

Удзел у турніры ўзялі каля 400 спартсменаў з 44 краін.

4. Пасля групавога этапу вызначыліся ўсе ўдзельнікі першага раўнда плэй-оф гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Польскі «Віве» з Кельцэ, за які гуляюць беларусы Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш, сустрэнецца са славенскім «Цэле». Таксама за выхад у чвэрцьфінал ЛЧ згуляюць:

«Дынама» (Бухарэст, Румынія) — «Пары Сэн-Жэрмен» (Францыя);

«Вісла» (Плоцк, Польшча) — «Веспрэм» (Венгрыя);

«Вардар» (Скоп'е, Паўночная Македонія) — «Пік» (Сегед, Венгрыя);

«Порту» (Партугалія) — «Ольбарг» (Данія);

«Фленсбург» (Германія) — «Манпелье» (Францыя).

Першыя матчы 1/4 фіналу пройдуць 18—22 сакавіка, у адказ — 25—29 красавіка. Напрамую ў чвэрцьфінал выйшлі пераможцы дзвюх папярэдніх груп — іспанская «Барселона» і нямецкі «Кіль».

Нагадаем, Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова не змог прабіцца ў плэй-оф, заняўшы сёмае месца ў групе В.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Трыумфальнае завяршэнне

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.