Вы тут

Каранік: Падстаў для панікі няма


Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік і эксперты адказалі на пытанні журналістаў.


Ён нагадаў, што ў Беларусі зарэгістраваны першы завозны выпадак каранавіруса. "У пацыента няма клінічных сімптомаў. Лячэнне іранскаму студэнту, які знаходзіцца ў мінскай інфекцыйнай бальніцы, не патрабуецца. На сённяшні момант яго нішто не турбуе", - звярнуў увагу міністр.

Загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў дапоўніў, што іранскі студэнт знаходзіцца ў здавальняючым стане. "Днём мы яго аглядалі. Пацыент без тэмпературы, прыкмет інтаксікацыі ў яго няма", - заявіў Карпаў.

Міністр дадаў, што лабараторныя даследаванні паказваюць наяўнасць фрагментаў РНК віруса. Гэта можа азначаць стадыю носьбіцтва, або пацыент перанёс захворванне у сябе на радзіме ў лёгкай форме. "У любым выпадку чалавек знаходзіцца пад медыцынскім наглядам і сёння лячэнне яму не патрабуецца", — дадаў Уладзімір Каранік.

Паводле інфармацыі міністра, у самалёце, на якім прыляцеў іранскі студэнт, было 19 транзітных пасажыраў, якія паляцелі далей. “Нашы калегі з сумежных краінаў таксама праінфармаваныя аб гэтых сітуацыях”, — дадаў міністр.

Міністр упэўнены, што падставы для панікі цяпер няма.

Каранік праінфармаваў, што ўсяго каля 28 кантактных асоб былі зафіксаваныя ў сувязі з выяўленнем завазнога выпадку каранавіруса ў Беларусі. 16 з іх — шпіталізаваны. Гэта аднагрупнікі і выкладчыкі студэнта з Ірану, у якога ён выяўлены, пасажыры і частка экіпажу, разам з якімі ён прыляцеў у Беларусь, а таксама дзяўчына студэнта і яе сям’я, з якімі кантактаваў хворы.

Аналізы яшчэ праводзяцца, але пакуль заражэння ні ў каго са шпіталізаваных не было выяўлена.


Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Батыр Бердыклычаў адзначыў, што той факт, што ў Беларусі выяўлены выпадак каранавіруса не з’яўляецца сюрпрызам, бо “вірус не ведае межаў”. Пытанне у тым, наколькі гатова краіна.

“Мы ўбачылі гатоўнасць Беларусі: грамадскасці аб’яўлена аб выяўленні выпадку, пацыент шпіталізаваны. Вельмі важна, што краіна гатова і прымае ўсе меры”, – адзначыў Батыр Бердыклычаў.

Прадстаўнік СААЗ праінфармаваў, што на 28 лютага вірус зафіксаваны ў 52 краінах свету. Занепакоенасць выклікае яго хуткае распаўсюджванне ў Італіі, Паўднёвай Карэі і Іране.

“У 81% выпадкаў каранавірус працякае ў лёгкай і сярэдняй форме, у 14% у больш сур’ёзнай форме і толькі 5% выпадкаў могуць прыводзіць да смерці", – удакладніў Батыр Бердыклычаў.


Маскі патрэбны толькі медработнікам і хворым

У Беларусі штодзень выпускаецца каля 200 тысяч марлевых масак і каля 40 тысяч – аднаразовых, паведаміў Уладзімір Каранік.

“У Мінску 28 лютага за дзень было раскуплена 70 тысяч масак. Гэта эмацыйная рэакцыя нашага насельніцтва (пасля таго, як было аб’яўлена аб выяўленні завазнога выпадку каранавіруса). Мы дадаткова аб’яўляем закупкі для таго, каб зняць ажыятаж”, — адзначыў ён.

Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Батыр Бердыклычаў дадаў, што ў СААЗ існуе дакладная рэкамендацыя: здароваму чалавеку маскі не патрэбны. Яны неабходны для медыкаў, людзей, якія даглядаюць хворых з вірусам COVID-19, а таксама для саміх хворых.

Уладзімір Каранік паведаміў, што у медустановах краіны сфарміраваны запас масак, які складае ад 1,5 да 2 мільёнаў штук у кожнай вобласці.


Калі вас не ўзялі пад медыцынскае назіранне, варта звяртацца ў паліклініку самастойна

Каля 20 тысяч грамадзян штодзённа праходзяць санітарна-эпідэміялагічныя мерапрыемствы, у тым ліку і тыя, што вяртаюцца ў Беларусь з эпідэміялагічна неспрыяльных краін, дзе распаўсюджваецца каранавірус. Пра гэта паведаміла журналістам намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская.

Асноўныя з іх праводзяцца падчас перасячэння мяжы. Таксама ўзмоцнены дэзінтаксіцыйныя мерапрыемствы. У прыватнасці на аўтавакзалах, чыгуначных станцыях, аэрапорце павялічана колькасць прыстасаванняў для антысептычнай апрацоўкі.

“З кожным днём у нас усё больш людзей пад медыцынскім назіраннем. Таму калі вы вярнуліся з-за мяжы і медыцынскае назіранне за вамі не пачата, варта самастойна звярнуцца ў паліклініку”, – парэкамендавала Ірына Глінская.

Яна падкрэсліла, што, калі чалавек вяртаецца з эпідэмічна неспрыяльнай краіны з рэспіраторнымі сімптомамі, яго шпіталізуюць. Калі ж ён адчувае сябе здаровым, то будзе ўзяты пад медыцынскае назіранне амбулаторна.

Наталля Кароткая

Алена Кравец

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.