Вы тут

Прыз Алега Молчана атрымаў вучань Ларысы Долінай


На Міжнародным фестывалі-конкурсе «Чырвоны Гваздзік» у Маскве прыз Алега Молчана атрымаў спявак з Цверы Яўген Окунеў. Уручыла яго вядомая беларуская спявачка, удава кампазітара Алега Молчана Ірына Відава.


Нота, якая ўзлятае ў неба

Кампазітар Алег Молчан памёр у кастрычніку мінулага года.

— Ён быў настолькі абаяльным, энергічным чалавекам і так рана сышоў, што нам усім хочацца неяк прадоўжыць яго жыццё, — кажа ўдава кампазітара. — Калі да мяне звярнулася кіраўніцтва фестывалю «Чырвоны Гваздзік» з прапановай заснаваць прыз Алега Молчана, вядома ж, пагадзілася. Я сама прыдумала ідэю для статуэткі, а ўвасобіў яе Васіль Самахвалаў, мастак завода «Нёман». Было некалькі варыянтаў, спыніліся на стылізаванай віртуальнай крыштальнай ноце, якая нібыта сыходзіць у неба.

Фінальны гала-канцэрт Міжнароднага фестывалю-конкурсу нацыянальнай патрыятычнай песні «Чырвоны Гваздзік» імя Іосіфа Кабзона адбыўся 26 лютага. Прыз Алега Молчана Ірына Відава ўручыла маладому спеваку, вучню Ларысы Долінай, лаўрэату міжнародных конкурсаў Яўгену Окуневу.

У гала-канцэрце бралі ўдзел лаўрэаты конкурсаў мінулых гадоў, сярод якіх — Ірына Відава. Яна выканала песню Алега Молчана «Беларусь», словы для якой напісала сама.

З гісторыі фестывалю

Першы міжнародны фестываль-конкурс «Чырвоны Гваздзік» прайшоў у 1967 годзе, тады ў ім прынялі ўдзел 17 спевакоў з 9 краін. У СССР і краінах сацлагера фестываль быў папулярны і прэстыжны. Доўгі час журы конкурсу ўзначальвала кампазітар Аляксандра Пахмутава. У 1990 годзе фестываль спыніў сваё існаванне. Дзіўна, але за 23 гады ў гісторыі фестывалю не было ні аднаго беларускага музычнага калектыву ці выканаўцы, якія б заваявалі званне лаўрэатаў «Чырвонага Гваздзіка».

Адрадзіўся фестываль-конкурс у 2015 годзе. Праз два гады Ірына Відава паспяхова прайшла адбор для ўдзелу ў конкурсе і вярнулася з Масквы ў статусе лаўрэата «Чырвонага Гваздзіка». Выступала Ірына з песняй Алега Молчана на вершы Алеся Ліпая «Карабель маёй краіны».

–– Алег быў перакананы, і я яго ў гэтым цалкам падтрымліваю, што беларусы на міжнародных конкурсах павінны выступаць з песнямі на роднай мове, — кажа Ірына Відава. — Пасля фестывалю мы пасябравалі з яго арганізатарамі, не аднойчы разам удзельнічалі ў творчых мерапрыемствах.

Застаецца дадаць, што прыз Алега Молчана на фестывалі «Чырвоны Гваздзік» будзе ўручацца штогод канкурсантам з розных дзяржаў, а значыць, памяць аб выдатным беларускім кампазітары будзе жыць доўга і далёка за межамі нашай краіны.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота М. Трафімава

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.