Вы тут

Прэзідэнт: Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу


Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

З’езд з’яўляецца вышэйшым органам ФПБ, які праводзіцца не радзей, чым адзін раз на пяць гадоў. На з’ездзе разглядаюцца справаздачы аб рабоце Савета самай буйной грамадскай арганізацыі нашай краіны, прымаецца Праграма на новы перыяд, выбіраюцца кіраўнікі, абмяркоўваюцца іншыя пытанні. 


Мінулы з’езд праходзіў у маі 2015 года. Тады кіраўнік дзяржавы сказаў у сваім выступленні перад дэлегатамі: «З’езд Федэрацыі прафсаюзаў выконвае важную ролю ў жыцці нашай дзяржавы. Гэта самая масавая і аўтарытэтная грамадская арганізацыя краіны. Яна аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 90 працэнтаў эканамічна актыўнага насельніцтва Беларусі — прыкладна 4 мільёны 100 тысяч чалавек!».

Акрамя Прэзідэнта, у ліку дэлегатаў VIII з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі старшыня ФПБ і яго намеснікі, прадстаўнікі членскіх арганізацый ФПБ, старшыні абласных (Мінскага гарадскога), раённых, гарадскіх аб’яднанняў прафсаюзаў, старшыні абласных, (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, міністры, члены ўрада, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі арганізацый, прафсаюзныя актывісты. 

У рабоце з’езда таксама бяруць удзел вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. 

Па выніках правядзення з’езда будзе падрыхтаваны Пратакол даручэнняў Прэзідэнта Беларусі.


Міхаіл Орда: Несправядліва, калі аднолькавую пенсію атрымліваюць тыя, хто ўсё жыцце павышаў кваліфікацыю і вучыўся, і тыя, хто «спаў» на працы

Пенсійнае забеспячэнне, кошты на сацыяльна значныя тавары і ад’езды высокакваліфікаваных спецыялістаў за мяжу — сярод тэмаў выступу старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіла Орды на VIII з’ездзе.

У прыватнасці, Міхаіл Орда паведаміў, што летась дзякуючы прафсаюзам 418 незаконна звольненых былі адноўлены на працы.

Акрамя таго, старшыня Федэрацыі нагадаў, што генеральнае пагадненне паміж урадам, саюзамі наймальнікаў і прафсаюзаў прадугледжвае зарплату бюджэтнікаў не менш за 80 працэнтаў ад сярэдняй па краіне. У цэлым гэтае патрабаванне выконваецца, аднак застаюцца сферы, дзе лічбы не дацягваюць да мэтавых (напрыклад, культура), таму прафсаюзы звяртаюцца да ўрада з просьбай разгледзець магчымыя шляхі вырашэння праблемы.

Сёння прафсаюзы наўпрост удзельнічаюць у прыняцці самых важных рашэнняў у сацыяльна-эканамічнай сферы. Усе праекты дакументаў, якія тычацца працоўных правоў, накіроўваюцца на экспертызу ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Так, летась ФПБ упершыню выступіла адным з распрацоўшчыкаў праекта закона аб змяненні Працоўнага кодэксу, унёсшы каля 40 прапаноў. 

Патрабаванне Прэзідэнта аб раўнамерным развіцці ўсіх рэгіёнаў — на асаблівым кантролі прафсаюзаў, бо дзе-нідзе тэмпы працоўнай міграцыі высокія.

«Людзі з’язджаюць у абласныя цэнтры, сталіцу, а нярэдка — у суседнія краіны, і працуюць ужо на эканоміку іншых дзяржаў. Гэта, як правіла, дасведчаныя, высокакваліфікаваныя працаўнікі. І гэта заканамерна: кожна чалавек імкнецца жыць там, дзе ў яго ёсць праца, годная заработная плата», — адзначыў Міхаіл Орда.

Адносна 31 «адстаючага» раёна гучаць розныя прапановы, таму Федэрацыя лічыць неабходным вырашаць пытанне на рэспубліканскім узроўні. У прыватнасці, паспяховыя сялянска-фермерскія гаспадаркі маглі б рабіць больш значныя ўнёскі ў нацыянальную эканоміку, каб не шматлікія праблемы ў іх працы.

Яшчэ адно пытанне, якое ўзнімаюць працаўнікі краіны, — пенсійная сістэма. Сёння дзейнічае ўраўняльны прынцып: практычна аднолькавую пенсію атрымліваюць матываваныя супрацоўнікі і тыя, хто «спаў» на працы. Міхаіл Орда лічыць такі падыход няправільным і несправядлівым. Механізмы налічэння пенсій мусяць зацікавіць людзей працаваць лепш, развівацца ў прафесіі.

Адзначыў старшыня ФПБ і пэўны дысбаланс у налічэнні пенсій тым, хто працягвае працаваць. Закрануў Міхаіл Орда і актуальнае пытанне сёлетняга змянення сістэмы аплаты працы бюджэтнікаў. Гэтай тэме прысвечана спецыяльная «гарачая лінія» ФПБ, на якую паступіла больш за 400 званкоў. Выяўленыя памылкі ліквідуюцца зараз жа.


Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі прапанаваў павялічыць базавую стаўку да ўзроўню бюджэту пражытковага мінімуму

Базавую стаўку, якая з 1 студзеня ўжываецца для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый, прапануецца ўзняць да ўзроўню бюджэту пражытковага мінімуму. 

Такую прапанову агучыла на з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Таццяна Якубовіч, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. На яе думку, базавая стаўка, якая зараз існуе (185 рублёў), не вырашае праблему выплаты мінімальнага заробку.

«Мы бачым і праблему работнікаў арганізацый, якія раней мелі ведамаснае падпарадкаванне, а потым перайшлі ў сістэму Мінадукацыі, — паведаміла лідар членскай прафсаюзнай арганізацыі. — У асноўным гэта работнікі дзіцячых садкоў. Ім не залічваюцца ў стаж працы ў бюджэтнай арганізацыі дадзеныя перыяды, хоць фактычна яны шмат гадоў адпрацавалі менавіта ў гэтай сферы».

Таццяна Якубовіч лічыць, што новая сістэма аплаты працы ў цэлым спрацавала. Тым не менш, узніклі і пытанні, якія характэрныя для любога новага распачынання, у прыватнасці, асобныя работнікі бухгалтэрый аказаліся непадрыхтаванымі да новых умоў і дапусцілі шэраг тэхнічных памылак.

Акрамя таго, дадатковай прапрацоўкі патрабуе пытанне налічэння зарплаты кіраўнікам устаноў адукацыі і іх намеснікам, якія маюць вучэбную нагрузку па сумяшчальніцтве. «Надбаўка за спецыфіку працы ім ўстаноўлена ў памеры трыццаці працэнтаў, як настаўнікам без катэгорыі. А гэта нашы найлепшыя кадры, было б правільна лічыць ім павышэнне хоць бы на ўзроўні першай катэгорыі», — лічыць дэлегат.

Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі таксама звярнула ўвагу на неабходнасць выключыць сітуацыі, калі сродкі, выдзеленыя на аплату працы работнікаў адукацыі і іншых бюджэтных сфер, часткова пераразмяркоўваюцца на іншыя патрэбы горада або раёна.


«Сёння прафсаюзы — гэта ўжо не разрозненыя арганізацыі, а адзіны рух, з якім лічацца і голас якога чуюць і наймальнікі, і органы ўлады»

Кіраўнік дзяржавы назваў сённяшні з’езд значнай падзеяй у грамадскім і палітычным жыцці краіны, якая адлюстроўвае інтарэсы і запыты ўсіх працаздольных грамадзян. 

«Мы маем усе падставы сцвярджаць, што ў нашай найноўшай гісторыі прафсаюзны рух з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам будаўніцтва нашай краіны. Мы стварылі дзяржаву, галоўнымі каштоўнасцямі якой з’яўляюцца людзі і справядлівае да іх стаўленне. Гэты выбар прадвызначыў далейшае развіццё партнёрскага ўзаемадзеяння паміж уладай і грамадскімі арганізацыямі», — перакананы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў нашай краіне мэты дзяржаўнага развіцця і інтарэсы народа супадаюць. 

«Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу, і мы не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспектыўнасці», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Сёння ўсе мясцовыя Саветы дэпутатаў, аб’яднанні моладзі, жанчын і ветэранаў, прафсаюзы забяспечваюць грамадзянскую кансалідацыю — і гэта Прэзідэнт лічыць адным з нашых галоўных дасягненняў. Як і тое, што абарона правоў працаўнікоў з’яўляецца прыярытэтным напрамкам развіцця дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: у Беларусі працаўнікі абароненыя як ні ў якой іншай краіне — ад Канстытуцыі да зусім нядаўна прынятага Указа па датэрміновых прафесійных пенсіях. 

«Прафсаюзы заўсёды былі ў цэнтры найважнейшых эканамічных і палітычных падзей. Яны з’яўляюцца сапраўды народнай арганізацыяй — тым неабходным падмуркам, на якім трымаецца баланс у грамадстве», — заявіў Прэзідэнт. 

Пры гэтым ён выказаў занепакоенасць скарачэннем колькасці членаў прафсаюзаў у некаторых суседзяў. 

«Напрыклад, па дадзеных Міжнароднай арганізацыі працы, у Эстоніі толькі 5 працэнтаў работнікаў знаходзяцца ў прафсаюзе, у Літве — 8 працэнтаў, у Польшчы — 13 працэнтаў. У выніку прафсаюзы пазбаўленыя магчымасці выступаць паўнавартасным бокам сацыяльнага партнёрства. Руйнуецца сістэма так званага трыпартызму і ў цэлым сацыяльнага балансу ў грамадстве», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ёсць і іншыя прыклады — Ісландыя, Швецыя, Данія, дзе ахоп прафсаюзным членствам складае ад 70 да 90 працэнтаў. У Беларусі гэты паказчык — 93 працэнты. 

«Поспехі нашай Федэрацыі ў працы па стварэнні першасных прафсаюзных арганізацый ўражваюць. Усяго з 2015 года створана больш за 4200 новых прафсаюзных арганізацый, з іх 75 працэнтаў — на прыватных прадпрыемствах. Заслугоўвае ўвагі праца па мадэрнізацыі вашых структур. Сёння прафсаюзы — гэта ўжо не разрозненыя арганізацыі, а адзіны рух, з якім лічацца і голас якога чуюць і наймальнікі, і органы ўлады», — прызнаў Прэзідэнт.

Асабліва ён падкрэсліў важнасць таго, што прафсаюз не проста назірае за працэсамі, якія адбываюцца ў краіне, а непасрэдна ў іх удзельнічае. Гэтым і тлумачыцца эфектыўнасць дзейнасці. Яскравым прыкладам паспяховага супрацоўніцтва прафсаюзнага руху і дзяржаўных інстытутаў стала актыўнае садзейнічанне арганізацыі ў правядзенні важных палітычных кампаній

«Тут выяўляюцца і грамадзянская пазіцыя, і абсалютна прагматычны падыход. Ваш інтарэс да правядзення і вынікаў прэзідэнцкіх, парламенцкіх выбараў відавочны. Бо мае значэнне, з кім давядзецца працаваць па пытаннях заканатворчасці, па рашэнні складаных праблем як на месцах, так і ў цэлым у дзяржаве», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў таксама аператыўнасць і актыўны ўдзел Федэрацыі прафсаюзаў у рэалізацыі рашэнняў V Усебеларускага народнага сходу і асноўных палажэнняў прынятай на ім Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016–2020 гады.

«Факты нявыплаты заробку трэба выпальваць гарачым жалезам»

У коле пытанняў кампетэнцыі Федэрацыі рост і своечасовая выплата заработнай платы, забеспячэнне поўнай і прадуктыўнай занятасці, падтрымка найбольш уразлівых катэгорый работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, кантроль выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, павышэнне прадукцыйнасці працы і якасці прадукцыі, якая выпускаецца, кантроль за цэнаўтварэннем у краіне.

«Але ёсць вынікі, пра якія можна гаварыць ужо сёння. Гэта макраэканамічная стабільнасць і зніжэнне інфляцыі. Задача захаваць інфляцыю на ўзроўні не вышэй за 5 працэнтаў выконваецца, нягледзячы на наймацнейшы знешні ціск. Вы самі бачыце, як складваюцца адносіны з нашымі асноўнымі партнёрамі», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Не стаў хаваць ён і кірункі, дзе ёсць недапрацоўкі. Сярод іх эфектыўнасць сельскагаспадарчага комплексу, асобныя праекты па мадэрнізацыі прамысловасці, развіццё адукацыі і навукі. Гэтыя кірункі давядзецца дэталёва прааналізаваць разам з эканамічным блокам краіны. 

«Трэба што б там ні было захаваць вытворчасці i працоўныя калектывы. Мы гэта рабілі заўсёды, нават у самыя складаныя часы. Людзей на вуліцу не выкідалі. Заробак, хай і не самы высокі, плацілі. На гэтыя два найважнейшыя для прафсаюзаў пытанні — занятасць і заработная плата — мы заўсёды будзем звяртаць самую пільную ўвагу», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што на V Усебеларускім сходзе была пастаўлена задача стварыць за пяцігодку не менш за 250 тысяч новых працоўных месцаў. 

«Калі глядзець выключна на лічбы, то нібыта задача выконваецца, вырашаецца. Але пытанне ў якасці гэтых паказчыкаў. Новыя працоўныя месцы павінны быць высокапрадукцыйнымі. Калі ж там зарплата 400, 500 рублёў, то такое працоўнае месца нікому не трэба. Звярніце увагу на гэтыя моманты. Заработная плата, безумоўна, найважнейшае пытанне для людзей, і яно заўсёды мусіць быць у полі зроку прафсаюзаў», — заклікаў прафсаюзы Прэзідэнт.

Найбольшую занепакоенасць кіраўніка дзяржавы выклікаюць факты несвоечасовай выплаты зарплаты.

«Вось гэта трэба выпальваць гарачым жалезам, не лічачыся ні з чым. Адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў мусіць быць адназначнай. Калі ты кіраўнік, падумай аб тых людзях, якія працуюць. Дарэчы, працуюць і на цябе. Таму зарплату кроў з носу плаціць трэба», — загадаў Аляксандр Лукашэнка.

Такая сітуацыя характэрная для шэрагу сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай вобласці. Прычым у некаторых выпадках у студзені людзі не атрымалі разлік за кастрычнік мінулага года. Больш за тое, людзі не толькі не атрымліваюць зарплаты, але і пазбаўляюцца часткі пенсіі, бо наймальнікі не плацяць за іх унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны. 

«Гэта, канешне, недапушчальна. Напэўна, камітэт дзяржкантролю, урад, пракуратура чакаюць чарговых маіх жорсткіх даручэнняў. Не хацелася б прыходзіць да гэтай жорсткасці. У адваротным выпадку мы затрымаем зарплату ўсім пералічаным структурам і выплацім за гэты кошт (пачынаючы ад ўрада і заканчваючы старшынямі райвыканкамаў) зарплату тым людзям, якім не выплачана ў той жа Віцебскай і іншых абласцях», — папярэдзіў лідар краіны.

Ён у чарговы раз падкрэсліў: тое, што чалавек зарабіў, павінна быць яму выплачана безумоўна.

«Я працаваў на прадпрыемствах, я ведаю, што такое просты чалавек, „рабацяга“ і гэтак далей. Так, рабацяг, людзей працы, якія ствараюць гэтыя даброты, мы мусім падтрымліваць. Але давайце шчыра, складана працэнт падлічыць у гэтай структуры, колькі гультаёў, „прыліпалаў“, як іх раней называлі», — не стаў хаваць кіраўнік дзяржавы.

Ён задаволены, што сёння прафсаюзы ў кожным канкрэтным выпадку разбіраюцца, хто працуе, а хто не. 

«І гэтая тэндэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. Мы не павінны агулам усіх абараняць — мы мусім забяспечым абарону тым, хто працуе. Хто не жадае, таго трэба навучыць альбо прымусіць. Трэба дыферынцыравацца ў працоўных калектывах. І я вам гэта кажу як чалавек, які прайшоў ваш шлях, — я быў кіраўніком першаснай прафсаюзнай арганізацыі. Даводзілася і прымушаць людзей працаваць. Чалавек-рабацяга мусіць быць абаронены. Грошай шкадаваць для такіх людзей не трэба. Вы — самая галоўная моц, і я гэтага ніколі не хаваў. Вы дзяржаўнікі, і мы ўсе ў гэты складаны час, аб’яднаўшыся, мусім вырашаць гэтыя праблемы. Браць і вырашаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт неаднаразова паўтараў, што своечасовая выплата заработнай платы з’яўляецца адным з найважнейшых паказчыкаў эфектыўнасці працы кіраўніцтва. Праца павінна быць аплачана. «Прычым своечасова!» — зноў запатрабаваў лідар краіны.


Прэзідэнт насцярожаны ростам цэн на малочную прадукцыю

Цэны — яшчэ адно пытанне, якое знаходзіцца ў поле зроку прафсаюзаў. Кантроль за цэнаўтварэннем, асабліва за прадуктамі першай неабходнасці — гэта даручэнне даў арганізацыі Прэзідэнт. 

Ён адзначыў станоўчую тэндэнцыю па захаванні інфляцыі на ўзроўні пяці працэнтаў. Але пры гэтым ён нагадаў пра нізкія заробкі ў сферы культуры, дзіцячых садках і яслях.

У свой час было дадзена даручэнне ўраду, Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, прафсаюзам забяспечыць прымальныя цэны на найбольш значныя тавары, ад якіх залежыць жыццё перш за ўсё малазабяспечанага насельніцтва і пенсіянераў.

«Што маем цяпер? Як я ўжо сказаў, агульныя паказчыкі быццам нядрэнныя. Што тычыцца прадуктаў харчавання. Насцярожваюць дадзеныя за студзень бягучага года — цэны выраслі больш чым на 1 працэнт», — адзначыў лідар дзяржавы.

Асабліва ён абурыўся, што на працягу года пастаянна даражэе малочная прадукцыя.

«Малако дзяваць няма куды, а цэны пастаянна растуць. Не можам свой народ забяспечыць гэтым прадуктам. Прафсаюзы не павінны заставацца ўбаку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў: — Вырашыце, Міхаіл Сяргеевіч (Орда — Зв.), гэту задачу. Вы першы ў гэтым шэрагу. Не МАРГ, не ўрад. Вось, абараніце людзей. Вы ў стане гэта зрабіць».

Заняцца пытаннем прафсаюзы павінны разам з Камітэтам дзяржкантролю. Па словах Прэзідэнта, гандляры не збяднеюць, калі патрымаюць цэны на 20 сацыяльна значных прадуктаў харчавання. 

«Вы вазьміце ветэранаў, нашу грамадзянскую супольнасць — „Белую Русь“, 20 пазіцый пракантралюйце і вырашыце пытанне. Вось вам маё даручэнне», — сказаў Прэзідэнт.


«Правы маці ў плане працоўнай занятасці павінны быць непахісна абаронены»

Прафсаюзы як ніхто іншы адчуваюць змяненне запытаў рынку працы: якія спецыяльнасці і кампетэнцыі патрэбны сёння, што будзе запатрабавана эканомікай ў перспектыве, канстатаваў Прэзідэнт. 

«Тут я бачу звязку з Міністэрствам адукацыі. Пад новыя высокапрадукцыйныя працоўныя месцы з годнай аплатай патрэбны добра падрыхтаваны персанал. Для гэтага ў прафсаюзаў ёсць і неабходныя правы і інструменты. Ёсць і вопыт паспяховага вырашэння такога адчувальнага пытання, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Факты нармальнага функцыянавання прадпрыемства і ўзаемаадносін кіраўніцтва, прафсаюзаў і людзей ёсць, іх трэба браць за аснову і ўкараняць па ўсёй краіне». 

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на абароне жанчын, якія працуюць. «У іх руках дэмаграфічная бяспека дзяржавы. Сям’я, маці — гэта святое. Правы маці ў плане працоўнай занятасці павінны быць непахісна абаронены! — запатрабаваў Прэзідэнт. — Не ў кожнай краіне жанчыны, якія нарадзілі трох-чатырох дзяцей, могуць спакойна вярнуцца на працу, як у Беларусі». 

Нашы шматдзетныя бацькі не губляюць сваё месца падчас дэкрэтнага водпуску. Больш за тое, усе гады, якія прысвечаныя выхаванню дзяцей, залічваюцца ў працоўны стаж.


«Вы на месцах не можаце налічыць заработную плату?»

Яшчэ адным важным момантам Прэзідэнт назваў заработную плату работнікаў бюджэтных арганізацый. 

«Вы ведаеце, што ўведзеныя новыя падыходы да яе налічэння. Задача новаўвядзення — зрабіць сістэму больш празрыстай, зразумелай. Пры гэтым маім патрабаваннем было не дапусціць зніжэння зарплаты ні на капейку. Лепш дзесяць капеек дадаць да таго, што было, каб не было размоў. Бо ўсялякія размовы і дэманстрацыі, як я часта кажу, „плявузганні“ на гэтую тэму, будуць даражэй каштаваць за гэтыя дзесяць капеек», — разважае Лукашэнка. 

Па яго інфармацыі, у чацвёртым квартале мінулага года па краіне дасягнуты ўзровень зарплаты бюджэтнікаў не ніжэй за 80 працэнтаў ад узроўню зарплаты па краіне. На 2020 год пастаўлена дакладная задача захаваць гэтыя паказчыкі. 

«Мы абавязкова гэты ўзровень захаваем, для гэтага ёсць адпаведныя сродкі. Зарплата настаўніка павінна дасягнуць 100 працэнтаў ад сярэдняй па краіне, а ўрача — 150», — абазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт папярэдзіў аб небяспецы «разбалансіроўкі сістэмы» пры спробе адзінамомантна павысіць зарплату на 50–100 працэнтаў. 

«Калі мы вывядзем настаўнікаў на сто працэнтаў, а ўрачоў на 150, гэта будзе каласальнай перамогай пры тых ільготах, якія ў нас існуюць. Давайце будзем сумленныя і шчырыя: будзем гэта рабіць спакойна. Нават калі будзе шмат грошай, нельга ўкідваць іх імгненна ў вялікіх аб’ёмах. Псіхалагічна нельга, каб людзі не падумалі, што з неба грошы падаюць. Грошы не любяць шуму і гвалту, і мы гэта будзем рабіць», — адзначыў лідар дзяржавы.

На яго думку, у цэлым прафсаюзы сумесна з Міністэрствам працы мусяць узяць на кантроль тыя арганізацыі, дзе ўзровень зарплаты ніжэй за 500 рублёў. Больш за тое, у мінулым годзе ўраду пастаўлена задача прааналізаваць зарплаты ніжэй за 500 долараў у эквіваленце. 

«І давайце шчыра разважаць: калі жадаеш жыць лепш, працаваць трэба больш. Мы захацелі рынку, уступілі ў гэты рынак — а гэта канкурэнцыя. Канкурэнцыя на рынку працы, як у нас модна казаць, канкурэнцыя за добрае працоўнае месца, за добрую заработную плату і гэтак далей. Гэта ж не справа. Мы сёння кажам, што ў нас нечага не хапае, зарплата нізкая, але вакансій нашмат больш, чым людзей, якія лічаць сябе беспрацоўнымі. Як так? Працоўныя месцы ёсць. Так, можна сказаць, што гэта не тыя працоўныя месцы. Але каб мець „тое“ працоўнае месца, на рынку трэба канкурыраваць, пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы ладам жыцця. Гэта рэальнасць, і такая рэальнасць справядлівая», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён азначыў, што Беларусь яшчэ не разленавалася настолькі, каб не разумець простую залежнасць заробку ад працы. І менавіта тых, хто прытрымліваецца такога падыходу, трэба падтрымліваць. Задача прафсаюзаў давесці факты, якія ідуць наперакор з палітыкай справядлівасці, і настройваць працаўнікоў менавіта зарабляць.

Прэзідэнт даручыў сур’ёзна разабрацца і з пытаннямі, якія ўзніклі ў людзей пасля атрымання заработнай платы за студзень. 

«Адпаведныя структуры вывучаюць становішча. У мяне яшчэ выніковага дакладу няма, але нікому мала не атрымаецца, калі нехта не растлумачыў. Але справа не ў тлумачэннях. Вы што, на месцах не можаце налічыць заработную плату? Гэта што, складанае нейкае прамысловае ці сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе трэба вылічваць нормы, выпрацоўку? Гэта ж самая элементарная бухгалтэрыя — у бюджэтнай сферы налічыць заработную плату. Я ж публічна сказаў, што ніхто не павінен пацярпець», — абурыўся Прэзідэнт.


Прэзідэнт патрабуе жорсткага падыходу да кантролю за аховай працы 

Прафсаюзы за пяць гадоў выявілі больш за 300 тысяч парушэнняў. Спынена звыш 10 тысяч адзінак машын і абсталявання, якія маглі стаць прычынай траўміравання людзей. Але на працягу двух год траўматызм на вытворчасці расце. Прэзідэнт даручыў — знаходзіць прычыны і прымаць жорсткія рашэнні.

«Гэта не нашы людзі загінулі, не ў вашай сям’і, не вашы родныя. А хтосьці ж страціў кармільца. Хтосьці да гэтага часу пакутуе, што загінуў сын, загінулі бацькі. І не ўсе з-за п’янкі. А з-за нашай бязладнасці, безкантрольнасці ці людзей, якія не стварылі нармальныя ўмовы. Таму трэба наш больш жорстка падыходзіць да пытанняў кантролю за нармальным станам вытворчасці ў плане аховы працы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён параіў прафсаюзам, калі яны лічаць, што для кантролю ім неабходна больш правоў, сказаць пра гэта.


«Банкруцтва ў Беларусі быць не павінна!» 

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прафсаюзы павінны непасрэдна ўдзельнічаць у працэсах рэструктурызацыі прадпрыемстваў, асабліва калі плануецца звальненне работнікаў. 

Пры гэтым Прэзідэнт лічыць, што многія антыкрызісныя кіраўнікі не выконваюць сваю задачу па аднаўленні і перазапуску прадпрыемстваў-банкрутаў. У большасці выпадкаў адбываецца раскраданне і ліквідацыя. 

«А чым займаюцца ў гэты час на месцах старшыні райвыканкамаў, гарвыканкамаў? Чаму вы не сталі антыкрызіснымі кіраўнікамі і не ратуеце гэта прадпрыемства? — спытаў Аляксандр Лукашэнка. — Там жа людзі працуюць».

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў свой візіт на завод жалезабетонных вырабаў, які аснашчаны па апошнім слове тэхнікі, але, тым не менш, неплацежаздольны.

«Антыкрызісныя кіраўнікі ўжо намеціліся яго прадаць, а чаму не думаем пра людзей, якія там працуюць? Ды і само прадпрыемства добрае. Там, на месцы, мы прынялі шэраг рашэнняў, якія трэба было даўно прыняць на ўзроўні міністэрства, урада. Але цішыня. Загуляліся ў рынак!»

Рынак, пры якім «тыя, хто прымае рашэнні, сядзяць у цёплых кабінетах, а тыя, хто працуе, аказваюцца на вуліцы», нашай краіне не патрэбны, упэўнены беларускі лідар.

«Давайце, і ва ўрадзе, і ў прафсаюзах, садзіцеся за стол разам і думайце, што нам рабіць з так званым банкруцтвам — быць яго не павінна ў Беларусі! — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. — Бо гэта ўсё за кошт людзей. І гэта ж потым нам даражэй атрымліваецца. Мы больш выдаткоўваем грошай на барацьбу са злачыннасцю, бо людзі ідуць ў злачынны свет, спрабуюць зарабіць дурныя грошы. Навошта мы ствараем гэтыя праблемы? У нас няма прадпрыемстваў, якія не могуць працаваць на рынку».

Працаваць у рынкавых умовах змогуць усе, некаторых трэба толькі падтрымаць. Тут Прэзідэнт прывёў у прыклад прадпрыемства па вытворчасці фарфоравага посуду. Кіраўнік дзяржавы даручыў аблвыканкаму і ўраду падтрымаць гэты ўнікальны для Беларусі завод. Гэта тычыцца і электралямпавага заводу ў Брэсце, і іншых вытворцаў прадметаў першай неабходнасці. 

«На такія прадпрыемствы, якіх адзінкі, мы не звяртаем увагі, пакуль Прэзідэнт не паедзе і па галаве не дасць, — з горыччу заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Ці нармальна гэта? І прафсаюзы павінны у такіх выпадках не заставацца ў баку».

Што тычыцца перанавучання, лідар краны лічыць, што перш за ўсё важна захаваць людзей, якія ўжо валодаюць пэўнымі кампетэнцыямі. «Нельга не падумаўшы, пад лозунгам рэструктурызацыі (сам не разумею — што гэта такое, ніхто не можа мне растлумачыць) кідацца закрываць прадпрыемства, потым перавучваць людзей. Лепш захавайце спецыялістаў, якія маюцца, падвучыце ў арганізацыі працы, тэхналогіях, падцягніце да патрэбнага ўзроўню, бо ў іх база моцная, і будзем працаваць!» — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Можа, і ёсць непатрэбныя вытворчасці, але Прэзідэнт не гатовы сказаць, якія гэта. Магчыма, такое можа адбыцца з дробнымі арганізацыямі. Быў час, калі з-за ўзнікнення буйных будаўнічых трэстаў паўстала пытанне пра мэтазгоднасць існавання ПМК. З часам аказалася, што і для іх ёсць аб’ём работы, трэба было толькі прыстасаваць іх да сучасных умоў. 

«Гэта не рынак — гэта знішчэнне эканомікі і дзяржавы. Не будзе эканомікі, не будзе дзяржавы і нас з вамі тут не будзе», — падсумаваў тэму рэструктурызацыі прадпрыемстваў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт загадаў падрыхтаваць указ аб стварэнні ў прыватных арганізацыях прафсаюзаў

Прафсаюзы — гарант і абаронца правоў работнікаў у тым ліку і на прадпрыемствах у прыватным сектары, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, першасныя прафсаюзныя арганізацыі дарэчныя і там, і праца па іх стварэнні вядзецца.

«Але ёсць аб’ектыўныя складанасці. Прыватніку не заўсёды зручна мець у сябе прафсаюз, які будзе сачыць за выкананнем правоў работнікаў, прымушаючы часам паступацца сваімі фінансавымі інтарэсамі. Але дзяржава пайшла на лібералізацыю ўмоў для бізнэсу. Так пакажыце ж і вы сваю сталасць, здольнасць несці сацыяльную адказнасць перад людзьмі», — адзначыў Прэзідэнт і дадаў, што старшыня КДК Леанід Анфімаў амаль не кожны раз пытае, можна ці не ісці з праверкамі на прадпрыемствы ўласнай формы. 

А пакуль прыватнікі разважаюць, наёмныя работнікі маюць магчымасць звяртацца па дапамогу ў раённыя, цэнтральныя органы прафсаюзаў.

«Падрыхтуйце, калі не разумеюць, мой указ па стварэнні на ўласных прадпрыемствах першасных прафсаюзных арганізацый», — загадаў Прэзідэнт.

Гэта не спантаннае рашэнне, кожны раз на дакладзе ў Прэзідэнта Міхаіл Орда звяртае ўвагу, што прыватныя арганізацыі не жадаюць ствараць прафсаюзныя ячэйкі.

Па словах кіраўніка дзяржавы, прыватнікі заўсёды падкрэсліваюць, што хочуць, каб іх паставілі ў роўныя ўмовы з дзяржаўным прадпрыемствам. «Вось мы іх і паставім», — пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.

Эфектыўнасць працоўных адносін без узаемнай адказнасці немагчыма, упэўнены Прэзідэнт. «Без працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны не будзе канкурэнтаздольнай якаснай прадукцыі, а значыць, не будзе збыту, грошай і годных заробкаў на прадпрыемствах» — падкрэсліў ён.


Прэзідэнт падзякаваў прафсаюзам за дапамогу ў арганізацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу

Праца з людзьмі, праца ў працоўных калектывах ніколі не была простай. Сёння яна асабліва патрабуе ўмення разумець людзей, дамаўляцца, аналізаваць і дзейнічаць на перспектыву. На гэта звярнуў увагу ў сваім дакладзе Прэзідэнт.

Па яго словах, раней да прафсаюзаў было ганебнае стаўленне. А сёння Аляксандр Лукашэнка пахваліў кіраўніка рэспубліканскіх прафсаюзаў, якому ўдалося выкараніць гэту практыку. 

На пасадах у прафсаюзах павінны, на яго думку, працаваць прыгожыя і багатыя ўнутраным светам людзі.

«Грамадзянская супольнасць у нас — гэта, першае, прафсаюзы (Саветы ўсіх узроўняў, якія абіраюцца народам), ветэранскія, жаночыя, маладзёжныя арганізацыі і грамадская арганізацыя "Белая Русь»,- пералічыў лідар краіны.

Ён падзякаваў прафсаюзам за дапамогу ў арганізацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Па яго меркаванні, дзякуючы ў тым ліку і арганізацыі ўдалося сфарміраваць парламент, які працуе, і дзе знайшлося месца і моладзі, і сярэдняму пакаленню, і старым.

«Вы, падставіўшы сваё плячо, дапамаглі нам спакойна прайсці гэты этап. Я не намякаю на будучыя выбары, я і так ведаю, што без вас мы іх не правядзём — без настаўніка, без урача. І вы, прафсаюзныя работнікі і моладзь, без вас мы ніводную кампанію не правядзём»,- дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што без дапамогі прафсаюзы ўзялі на ўлік і прывялі ў парадак санаторыі, прафілакторыі і іншую ўласнасць арганізацыі: «Я за гэта вас цаню, што вы па-гаспадарску адносіцеся да свайго дабра. І дзяржаўным служачым у вас яшчэ многім трэба вучыцца. Вось адсюль мае адносіны да вас — за вашу ролю ў грамадстве і за тое, што вы робіце, захоўваючы тое, што вам дасталася».

Прэзідэнт падзякаваў арганізацыі за акцыю «Мы - разам!» пад дэвізам «З вялікай любоўю да малой радзімы». 

«Усе мы старэем, маладзейшымі не будзем. А чым старэйшы, тым больш цябе заве малая радзіма. Таму мы тры гады аддалі малой радзіме. Я думаю, трэці фінішны ў нас будзе ўдарны, каб мы хаця б дрэвы пасадзілі там, дзе іх калісьці пасеклі», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.


«На вытворчасці няма ніякай дэмакратыі. На вытворчасці ёсць дыктатура тэхналогій»

Прыкладаў, калі прафсаюзы нароўні з парламентарыямі выступаюць распрацоўшчыкамі праекта закона па змяненню Працоўнага кодэксу, у свеце практычна няма, заўважыў Прэзідэнт. «Як кіраўнік дзяржавы я вам (прафсаюзам. — «Звязда») даручыў удзельнічаць непасрэдна ў гэтым працэсе, фарміраваць гэты Працоўны кодэкс, каб ён быў не толькі чыста дзяржаўным, жорсткім, але і адпавядаў інтарэсам нашых людзей, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Працоўны кодэкс — гэта прававы дакумент. Пры яго карэкціроўцы павінны быць улічаныя інтарэсы кожнага работніка. А хто, калі не прафсаюзы, зможа іх выказаць і адстаяць? Як, напрыклад, вы адстаялі працягненне кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі на максімальны тэрмін».

Кантрактная сістэма ўведзеная, каб павысіць ўзаемную адказнасць і работнікаў, і наймальнікаў, зрабіць іх працоўныя адносіны прадказальнымі і кіруемымі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Але яшчэ летась старшыня ФПБ інфармаваў Прэзідэнта, што наймальнікі сталі недзе злоўжываць сваімі правамі ў частцы заключэння кантрактаў. У некаторых арганізацыях, у тым ліку буйных, дзе працуе больш за 1000 чалавек, практычна 100 працэнтаў кантрактаў былі заключаныя толькі на адзін год. Пры гэтым людзі гадамі знаходзіліся ў такім падвешаным становішчы. Усё гэта негатыўна адбівалася і на маральна-псіхалагічным клімаце ў працоўных калектывах, і на выніках работы прадпрыемства.

Навошта заключаць кантракт на год, калі ў ім можна прапісаць усе ўмовы, пры якіх чалавек будзе звольнены, задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка. «Не трэба ў дэмакратыю на вытворчасці гуляць. На вытворчасці няма ніякай дэмакратыі. На вытворчасці ёсць дыктатура тэхналогій, — адзначыў ён. — Усе, ад кіраўніка да слесара, павінны падпарадкоўвацца тэхналагічнай дысцыпліне. Інакш сэнсу не будзе. Перад намі новая пяцігодка. На чарговым Усенародным сходзе мы разгледзім задачы на гэты перыяд. Я ўсё больш схіляюся да таго, што нам трэба, як калісьці ў Савецкім Саюзе, пытанне якасці паставіць у аснову ўсяго».

На жаль, маюцца сігналы пра дрэнную якасць беларускіх тавараў. «У вялікіх аб’ёмах, як гэта было раней, мы вырабляць не будзем, рынак звужаецца, але патрабаванні да якасці растуць, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Калі БелАЗ будзе надзейным, яго купяць, як і прадукцыю МТЗ, МАЗа, “Гомсельмаша” і іншых, не толькі прамысловых прадпрыемстваў».

Пакуль у свеце маюцца крызісныя з’явы, мы, хутчэй за ўсё, не здолеем павысіць аб’ёмы сваёй вытворчасці, выказаў меркаванне Прэзідэнт.


Лукашэнка пра каранавірус: Ціха, спакойна, без гвалту, без шуму мы робім тое, што робяць усе

Аляксандр Лукашэнка пахваліў беларускіх медыкаў, якія вырашылі не закрываць межы з-за пагрозы каранавіруса. “У нас ёсць месцы, дзе мы можам назіраць людзей, якія прыбылі (з эпідэміялагічна нядобрых рэгіёнаў — “Звязда”)”, — адзначыў Прэзідэнт. Ён расказаў пра два выпадкі, звязаныя з каранавірусу ў Беларусі. Адзін з іх датычыцца беларускай студэнткі з Італіі, пра які паведаміў раней міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Аляксандр Лукашэнка пахваліў дзяўчыну за тое, што яна адразу як даведалася, што яе суседка па пакоі ў інтэрнаце захварэла, звярнулася да беларускіх медыкаў і тыя ізалявалі яе і бацькоў, прычым пачалі дзейнічаць яшчэ ў Польшчы, да перасячэння мяжы. Пакуль вірус у яе і яе родных не знойдзены.

Станоўча ацаніў Прэзідэнт і спакойныя адносіны грамадства да выпадку з іранскім студэнтам, у якога выявілі вірус. “Ціха, спакойна, без гвалту, без шуму мы робім тое, што робяць усе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што закрыццё граніц не дае эфекту. “Пры такіх глабальных зносінах — гэта пустое. Трэба на месцы спакойна працаваць па ўсіх напрамках ", — перакананы ён.


У Беларусі будзе найлепшая пенсійная сістэма з улікам магчымасцяў дзяржавы

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў разгледзець усе прапановы, якія прагучалі ад дэлегатаў з’езда ФПБ. Гэта не значыць, што ўсе пажаданні будуць задаволеныя, бо трэба сыходзіць з магчымасцяў дзяржавы, але ў вырашэнні праблем, як і ў выпадку з тым жа каранавірусам, плён, як правіла, прыносіць спакойная работа, без нагнятання сітуацыі.

«Безумоўна, работу па ўдасканаленні заканадаўства з удзелам прафцэнтра неабходна працягнуць. Пытанні, якія ўзнімаюцца ў працоўных калектывах, павінны быць пачутыя і ўлічаныя, — пакрэсліў Прэзідэнт. — Усе палажэнні, якія датычацца занятасці, рэструктурызацыі прадпрыемстваў, змянення сістэмы разліку заработнай платы, павінны разглядацца пры ўдзеле прафсаюзаў». 

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што не разумее кіраўнікоў, якія робяць гэта за спінай прафсаюзаў. Калісьці прыйдзе час, і кіраўнікам пярвічак будзе дадзеная большая незалежнасць, напрыклад забарона на іх звальненне, лічыць Прэзідэнт, асабліва калі кіраўнікі працягнуць вырашаць пытанні заробкаў і занятасці без іх удзелу.

«Гэта сур’ёзнае пытанне, мы яшчэ да яго падыйдзем, але момант трэба выбраць правільны, каб не нашкодзіць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Новыя ініцыятывы, з якімі сёння выступае ФПБ (а менавіта прапанова па ўдасканаленні антыкрызіснага кіравання на прадпрыемствах і па выплаце заработнай платы прадпрыемствамі-банкрутамі) будуць разгледжаны на адмысловай нарадзе, каб выпрацаваць збалансаваную пазіцыю, паабяцаў Прэзідэнт. «Галоўнае — усе прапановы павінны быць рэальна пралічаны на перспектыву, адказваць інтарэсам і прадпрыемстваў, і работнікаў», — сказаў ён. 

Асаблівую ўвагу заслугоўвае ініцыятыва прафсаюзаў па ўнясенні змяненняў у пенсійнае заканадаўства, лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Пенсійная сістэма ў тым выглядзе, у якім мы яе сёння выкарыстоўваем, сябе зжыла, — заявіў Прэзідэнт. — І пасля прэзідэнцкіх выбараў усё роўна прыйдзецца гэтым займацца. Калі мы застанемся ў гэтым складзе, мы сёлета, у канцы года пачнём гэту работу. Трэба зрабіць так, каб чалавек, калі працуе, разумеў: пайду на пенсію, буду больш зарабляць, лепш працаваць, на пенсіі будзе лепш. Ураўнілаўкі быць не павінна».

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што з улікам сусветнага вопыту, у тым ліку суседзяў, у Беларусі будзе створана найлепшая сістэма пенсійнага забеспячэння з улікам магчымасцяў дзяржавы.

«Найлепшая — гэта не значыць, што ўсіх завалім вялікімі пенсіямі. Але гэта будзе справядлівая і добрая сістэма, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка і падкрэсліў: — Абарона інтарэсаў пенсіянераў з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам для дзяржавы».



«Людзі, якія падаравалі нам сённяшняе жыццё, заслужылі гэтай памяці»

Асаблівы для ўсіх і ў тым ліку і прафсаюзаў бягучы год — 75-ы юбілей Вялікай Перамогі.

Як расказаў Прэзідэнт, яго расійскі калега хваліў беларусаў за захаванне шматлікіх, нават самых маленькіх помнікаў.

«Гэта брэнд, гэта наш твар, Беларусі. Але памятайце, што сённяшняя Беларусь — жывы помнік той вайне», — канстатаваў Прэзідэнт. 

Пры непасрэдным удзеле прафсаюзнага актыву праведзена маштабная рэканструкцыя Кургана Славы, пастаянна абнаўляецца экспазіцыя ваеннай тэхнікі. У мінулым годзе яна папоўнілася легендарным штурмавіком Іл-2. У гэтым годзе будзе ўстаноўлена легендарная «Кацюша». 

«Сёння позна вяртаюся з камандзіроўкі, звычайна ноччу прылятаю, гляджу. Ці ты спецыяльна ўключаеш усю гэту падсветку? — жартам звярнуўся да Міхаіла Орды кіраўнік краіны. — І цешуся, хай глядзяць, як мы ставімся да той памяці, да гераізму ўсіх людзей. Гэта не толькі да Кургана Славы, да гэтага велічнага помніка. Так да ўсіх помнікаў. Людзі, якія падаравалі нам сённяшняе жыццё, заслужылі гэтай памяці».

Па словах лідара краіны, заслугоўвае вялікай павагі тое, што ўся праца праходзіць спакойна, без шуміхі і прыцягнення асаблівай увагі. Усё гэта не дзеля піяру, а дзеля высакароднай мэты.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў ФПБ Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь

Напрыканцы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што «ўся дзейнасць прафсаюзаў адлюстроўвае эвалюцыйны шлях працоўнага руху».

«Больш за стагоддзе таму ён зарадзіўся як адзіная апора працоўных у пытаннях абароны іх правоў, а сёння Федэрацыя — магутная структура, якая не толькі праяўляе клопат аб чалавеку на вытворчасці, але і вырашае задачы глабальнага маштабу, у тым ліку палітычныя. Пачынаючы з аднаўлення гістарычнай памяці аб нашых продках, выхавання падрастаючых пакаленняў ў духу пераемнасці традыцыйных каштоўнасцяў, заботы аб культуры, вольным часе і здароўі нацыі і заканчваючы фарміраваннем грамадзянскай пазіцыі цэлага народу, — адзначыў Прэзідэнт. — З кожнага паспяхова рэалізаванага кірунку складаецца сучаснасць і будучыня нашай суверэннай, незалежнай краіны».

Ён пажадаў Федэрацыі прафсаюзаў новых прафесійных дасягненняў, усім дэлегатам і гасцям з’езду — эфектыўнай працы на карысць Беларусі.

У знак павагі і за асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці, абароне правоў і інтарэсаў працоўных Аляксандр Лукашэнка ўручыў Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

У сваю чаргу дэлегаты з’езда падарылі Прэзідэнту карціну, выкананую ў тэхніцы валенай поўсці, з выявай школы, у якой вучыўся Прэзідэнт.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Варвара МАРОЗАВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?