Вы тут

Гэты дзівосны кніжны свет


Кніга па-ранейшаму ў пашане. Ёй не пагражае знікненне накшталт таго, што прадракаюць папяровым варыянтам газет. Яна запатрабаваная самымі рознымі людзьмі: ад шаноўных па ўзросце да пакалення зусім юных чытачоў. І гэтую аптымістычную акалічнасць у поўнай меры пацвердзіла чарговая Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая вось ужо больш за чвэрць стагоддзя традыцыйна праходзіць у беларускай сталіцы ў першыя дні лютага.


Падчас цырымоніі адкрыцця XXVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч агучыў прывітанне Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам выставы і VІ Міжнароднага сімпозіума «Пісьменнік і час». Так, Мінск зноў стаў пляцоўкай для сустрэч літаратараў і выдаўцоў з Беларусі і краін замежжа. На гэты раз свае навінкі тут прадставілі каля чатырохсот экспанентаў. Кніжная выстава ў беларускай сталіцы заўсёды выклікае павышаную цікавасць. Сёлета яе наведала больш за пяцьдзясят тысяч чалавек. У дзень адкрыцця форуму было асабліва шматлюдна. Важны плюс выставы ў тым, што тут можна было не толькі ўбачыць навінкі літаратуры, але і пры жаданні набыць выданне, якое спадабалася.

Між тым, у мінулым годзе ў Беларусі выдадзена каля дзесяці тысяч найменняў кніг і брашур агульным накладам 24 мільёны асобнікаў, распавёў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця выставы Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. «Гэтыя кнігі, безумоўна, прысутнічаюць на выставе, а побач з імі яшчэ некалькі тысяч назваў кніг і брашур, выдадзеных у Расіі, кніг на рускай і іншых мовах. У нашай краіне ў мінулым годзе выдадзена больш за 800 кніг на замежных мовах, больш за 550 з іх — на англійскай», — адзначыў ён.

Міністр падкрэсліў асаблівую ролю кнігі ў жыцці кожнага чалавека і грамадства ў цэлым. «Кніга — шырокая пляцоўка для камунікацыі, знаёмства, дружбы, — лічыць Аляксандр Карлюкевіч. — Беларусь — адкрытая кніга. Прыходзьце на кніжную выставу, на ўсе стэнды, да ўсіх экспанентаў, знаходзьце нешта сваё для чытання, адкрывайце новы свет».

Ганаровым госцем кніжнай выставы ў гэтым годзе выступіла Расійская Федэрацыя. У мінчан і гасцей сталіцы была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з вядомымі расійскімі пісьменнікамі. На пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Расіі прайшлі тэматычныя круглыя сталы, шматлікія майстар-класы, аўтограф-сесіі, конкурсы і віктарыны.

А вось Цэнтральным экспанентам форуму сёлета сталі Злучаныя Штаты Амерыкі. «Мы з радасцю прынялі запрашэнне Міністэрства інфармацыі заняць месца Цэнтральнай экспазіцыі, — распавяла Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур. — Амбасада ЗША ў Беларусі на працягу 22 гадоў прымае ўдзел у Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы і распавядае гісторыю Амерыкі праз розныя тэмы, жанры, фарматы. У гэтым годзе тэма стэнда — «На шляху: амерыканская літаратура аб падарожжах».

Усяго на стэндзе было сабрана больш за дзвесце ўзораў амерыканскай літаратуры аб падарожжах. Наведвальнікі таксама змаглі пазнаёміцца з тэматычнымі амерыканскімі часопісамі. Стэнд быў падзелены на тры зоны: «Падарожжы», «Нацыянальныя паркі» і «Дайнер», якія дазвалялі больш даведацца аб асаблівасцях падарожжаў па Злучаных Штатах. Акрамя таго, можна было пагуляць у разнастайныя амерыканскія настольныя гульні, паглядзець мастацкія і дакументальныя фільмы, зрабіць фота на памяць у шматлікіх фотазонах.

Навінкі літаратуры, сусветная класіка, выданні на самых розных мовах… Кніжная выстава ў Мінску, як заўсёды, здзіўляе сваёй маштабнасцю. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота высока ацаніў узровень арганізацыі кніжнага форуму: «У нас сёння свята зносін, кантактаў, знаёмства з лепшымі ўзорамі літаратуры з усяго свету. Мінск ужо даўно стаў такой выдатнай пляцоўкай, дзе сустракаюцца літаратары, выдаўцы. Мінск — гэта гісторыя выдавецкай дзейнасці, таму не выпадкова, што менавіта сталіца Беларусі з’яўляецца месцам прыцягнення ўсіх тых, хто займаецца гэтай высакароднай справай». Па словах Рыгора Рапоты, сустракацца на такой выставе — задавальненне. «Таму што гэта інтэлект, добразычлівасць, Узаемнае пазнанне адзін аднаго», — адзначыў дзяржсакратар.

У першы дзень працы форуму прайшлі прэзентацыі міжнародных выдавецкіх праектаў, сустрэчы з аўтарамі, аўтограф-сесіі. У прыватнасці, агенцтва БЕЛТА прадставіла гасцям і наведвальнікам выставы кнігу «Героі партызанскага краю». У выданні распавядаецца пра партызан і падпольшчыкаў, якім за бяспрыкладны гераізм і мужнасць прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Родам яны былі з розных рэспублік неабсяжнага СССР, а свой подзвіг здзейснілі на тэрыторыі Беларусі. Тэма партызанскага руху на беларускіх землях падтрымліваецца відэа з пяці сюжэтаў, на якія можна перайсці па размешчаных у кнізе QR-кодах. Гісторыі пра герояў праілюстраваны дакументамі — узнагароднымі лістамі, характарыстыкамі і, вядома ж, архіўнымі здымкамі. Акрамя таго, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч прэзентаваў кнігу «Крыніцы памяці», а генеральны дырэктар маскоўскага выдавецтва «Индрик» Кірыл Вах — праект кнігі, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны, што адбываліся ў раёне Ржэва.

Нацыянальны ж стэнд Беларусі на выставе быў аформлены ў выглядзе велізарнай кнігі, што павінна было сведчыць аб тым, як мы разам ствараем яе і запрашаем усіх жадаючых даведацца пра яе змест. Не выпадкова самая яркая падзея — прэзентацыя факсімільнага выдання Брэсцкай Бібліі 1563 года. Як адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша, гэта самая вялікая, прыгожая і дарагая беларуская кніга, яе стварэнне стала важным выдавецкім праектам бібліятэкі.

Прыклад кнігі, якая стала «пляцоўкай сяброўства», — чацвёрты выпуск штогадовага выдання міжнароднага праекта «Мінская ініцыятыва» Тэгга poetіca.2019, прэзентацыя якога таксама адбылася ў дзень адкрыцця выставы-кірмашу.

— Гэты альманах аб’ядноўвае маладых пісьменнікаў Украіны, Расіі і Беларусі — сказаў дырэктар кіеўскага выдавецтва «Саміт-кніга» Іван Сцепурын. — Першы нумар быў прысвечаны паэзіі, другі — прозе, у трэцім была драматургія. А нумар, з якім мы прыехалі ў Мінск, склалі эсэ пра выдатных пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Украіны. Яны напісаныя маладымі літаратарамі на іх роднай мове.

Пасольства Ірана ласкава запрасіла наведаць і іх стэнд. Тут былі прадстаўлены не толькі іранскія кнігі, але і элементы культуры краіны. «Цяпер у мінскай мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» праходзіць выстава, у якой бяруць удзел два прадстаўнікі Ірана. Палову твораў мы пакінулі ў галерэі, а другую частку прывезлі сюды, — адзначыў дарадца па культуры Пасольства Ірана ў Беларусі Аболгасэм Махтарыан. — Мы вельмі рады ўдзельнічаць у Мінскай міжнароднай кніжнай выставе». Дарэчы, тут нікога не адпускалі з пустымі рукамі. Кожнаму госцю стэнда даставаўся той ці іншы сувенір.

Кніга з’яўляецца сродкам зносін у палітычнай сферы, заявіў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец падчас VІ Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час: літаратура як частка культурнага дыялогу», які таксама праходзіў на палях XXVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. «Кніга павінна служыць інтарэсам грамадзян. І, вядома, у гэтай сувязі ўзнікае пытанне: што могуць зрабіць пісьменнікі? Усё больш на пярэдні план выходзіць кніга як сродак зносін і ў палітычнай сферы. Мы нават запрасілі прадстаўнікоў пасольстваў, чые стэнды прадстаўлены на выставе, у Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе б мы абмеркавалі ролю кнігі ў паляпшэнні міжнароднага становішча. Мэта такая, што на змену дыктату сілы павінен прыйсці дыктат слова, кнігі», — сказаў Мікалай Чаргінец. Паводле яго слоў, пісьменнікі актыўна адгукаюцца ў сваёй творчасці на праблемы і пытанні, якія хвалююць сучаснае грамадства. «Перад намі стаіць пытанне: што можна зрабіць з дапамогай кнігі?» — адзначыў старшыня аб’яднання.

«Сімпозіум літаратараў — гэта пляцоўка міралюбнасці і добрасуседства, — сказаў у сваю чаргу Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. — Я хацеў бы падзякаваць усім, хто прыехаў у гэтым годзе на сімпозіум, хто цэлы год рыхтаваўся да гэтай падзеі, хто дапамагаў беларускай літаратуры, Саюзу пісьменнікаў Беларусі, каб беларускае мастацкае слова распавядала аб нашым народзе ў іншых краінах, у іншых нацыянальных літаратурах. Мы асабліва рады бачыць тут паслоў тых дзяржаў, чые пісьменнікі прыехалі на сімпозіум».

У гэтым годзе ўдзел у сімпозіуме прымалі празаікі, паэты, публіцысты, літаратуразнаўцы, перакладчыкі з 20 краін. У праграме — пленарнае пасяджэнне, круглыя сталы, семінары, сустрэчы са студэнтамі, літаратурныя вечары. Варта падкрэсліць, што за гады правядзення сімпозіум па праве стаў інтэлектуальнай пляцоўкай для абмеркавання надзённых пытанняў гуманітарнага і культурнага супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі розных краін.

Кніга, сапраўды, збліжае людзей, краіны і народы. Напрыклад, зборнік вершаў беларускіх паэтаў «Яшчэ прыйдзе вясна» ў карэйскім перакладзе прэзентавала на XXVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы Пасольства Рэспублікі Карэя ў Беларусі. «У зборнік увайшлі вершы вядомых беларускіх літаратараў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і Якуба Коласа. Гэтая кніга будзе прадстаўлена ў Карэі, людзі змогуць пазнаёміцца з беларускай творчасцю бліжэй. Зусім хутка выйдзе зборнік карэйскіх паэтаў, які перакладзены на беларускую мову», — распавяла супрацоўніца Пасольства Аляксандра Грунько.

А вось Выдавецкі дом «Звязда» сумесна з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка прэзентавалі на выставе-кірмашы «Казкі для сяброў». Кніга выйшла на трох мовах: рускай, беларускай і французскай. У зборнік увайшлі казкі Уладзіміра Ліпскага, Аляксандра Карлюкевіча, Алеся Бадака, Алены Стэльмах, Міхаіла Пазнякова і іншых беларускіх аўтараў. Ілюстрацыі для кнігі падрыхтавалі школьнікі і студэнты педуніверсітэта.

«У мінулым годзе мы выдалі каля 50 кніг на беларускай і рускай мовах, у тым ліку велізарны сегмент дзіцячай літаратуры, — распавёў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў. — Наша выдавецтва падрыхтавала для наведвальнікаў выставы шмат розных мерапрыемстваў, якія прайшлі як на асноўнай пляцоўцы, так і ў кнігарнях Мінска».

Адна з галоўных тэмаў цяперашняй выставы — Год малой радзімы. Але можна было пераканацца, што ў экспазіцыях усіх краін шмат краязнаўчай літаратуры. У час глабалізацыі і ўніфікацыі ўсім стала важна захаваць сваю самабытнасць, гістарычную памяць. Як мы ўжо адзначалі, для ўдзельнікаў выставы з ЗША падарожжа па іх краіне таксама было галоўнай тэмай. Як і на цэнтральнай пляцоўцы прэзентавала серыю «Падарожжа па родных краях» выдавецтва «Беларусь»: кнігі аб Тураве, Ігуменшчыне, Случчыне, Прыдзвінні, Пастаўшчыне. Прапаноўвала мультымедыйны экскурс па кнігах серыі «Дзіцячы атлас Беларусі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» — гэтыя маляўнічыя атласы ўжо сталі лідарамі продажаў.

Важны акцэнт выставы — папулярныя кнігі замежных аўтараў, якія загучалі на беларускай мове. Такія праекты аказаліся надзвычай запатрабаваныя. Напрыклад, у першы вечар разышлося некалькі сотняў асобнікаў кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» у перакладзе Алены Пятровіч. Дзякуючы гэтай кнізе, якая з’явілася ў выдавецтве «Янушкевіч», у Мінску прайшла «Ноч Гары Потэра» — міжнародны праект, да якога беларусы ўпершыню далучыліся. Сярод перакладных навінак — «Канец адзіноты» Януша Вішнеўскага, «Вядзьмар» Анджэя Сапкоўскага, «Мадам» Антонія Ліберы. Упершыню перакладзены на беларускую мову класік бенгальскай літаратуры паэт Казі Назрул Іслам. На нашай мове ўпершыню загучалі нобелеўскія і букераўскія лаўрэаты, аўтары культавага фэнтэзі і фантастыкі, выйшлі гістарычныя манаграфіі і дзіцячыя коміксы… І гэта ўсё аказалася запатрабаваным!

Беларусы заўсёды жылі на перакрыжаванні культур. І сёння ўсё больш людзей у нашай краіне вывучаюць замежныя мовы і ўсё часцей беларускіх пісьменнікаў пераводзяць у іншых краінах. Вось на стэндзе ЗША, аформленым у выглядзе прыдарожнага кафэ, вялікая група беларускіх школьнікаў уважліва слухала англійская тэксты. Прапаноўваліся праграмы для вывучэння мовы і на германскім стэндзе, і на французкім, і на сірыйскім, і на кітайскім.

Ці вось яшчэ адна выдатная сустрэча на выставе: з маладой паэткай з Іспаніі Анхелай Эспіносай Руіс, якая палюбіла беларускую мову так, што стала пісаць на ёй. Так супала, што ў Анхелы быў дзень нараджэння, але падарункі дарыла яна сама: стыльны зборнічак вершаў Максіма Багдановіча «Згукі маёй Бацькаўшчыны» з перакладамі на іспанскую, зробленымі Анхелай. Кніга выйшла ў Іспаніі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Дарэчы, у апошні час з’явілася новая чытацкая катэгорыя — дарослыя, якія ўсё яшчэ любяць казкі. Магчыма, таму, што ім самім у дзяцінстве недачыталі казак бацькі. І кнігі змяніліся. Вось што гаворыць з гэтай нагоды эксперт па дзіцячай літаратуры, вядомы кніжны блогер Наталля Мядзведзь:

— Цяпер змяніўся не столькі дзіцячы чытач, колькі дарослы. Бацькі сталі больш цікавіцца кнігамі, якія могуць пазнаёміць іх дзяцей у мастацкай форме з сучасным светам. Сёння добрая дзіцячая кніга ўяўляе з сябе сур’ёзную размову: як не хвалявацца, калі ў сям’і з’явіўся малодшы брат або сястра, як наладжваць зносіны з аднагодкамі ў дзіцячым садзе, перастаць баяцца цемры, як мець зносіны з дзецьмі з асаблівасцямі.

На Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, як заўсёды, было цікава і пазнавальна. Для самых розных яе наведвальнікаў: як па ўзросце, так і па кніжных інтарэсах.

Алег Багамазаў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».