Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Каляндарная вясна літаральна праз некалькі дзён уступіць у свае правы, і ў прыродзе пачнецца абнаўленне. Таму самы час звярнуць увагу на тэлепраекты, якія дазволяць і нам даведацца нешта новае і правесці час у кампаніі карысных суразмоўцаў.


Так, на тэлеканале «Беларусь 1» з 7 сакавіка распачнецца сёмы сезон папулярнага праекта «Дача» вытворчасці тэлерадыёкампаніі «Магілёў». Упершыню праграма з'явілася на тэлебачанні вясной 2014 года і стала сапраўдным памочнікам для беларускіх дачнікаў, таму што для многіх з нас класічныя «шэсць сотак» — не проста дом у вёсцы, а цэлая філасофія жыцця. Вядучая праграмы Алена Іванова ў кампаніі аператара Юрыя Аўласцава працягне свае вандроўкі па Беларусі і зноў стане апавядаць гледачам пра сакрэты загараднага жыцця.

Здымачная група будзе ладзіць сустрэчы са спецыялістамі ў профільнай сферы, якія падзеляцца карыснай інфармацыяй, дадуць каштоўныя парады і рэкамендацыі, а таксама параяць, як правільна даглядаць расліны, выбіраць патрэбныя ўгнаенні, рыхтаваць насенне і многае іншае. Кожная тэлевізійная паездка стане знаёмствам з новымі сартамі раслін, якія можна знайсці ў нашых краях, а таксама даследаваннем звыклых традыцыйных культур, што дазволіць дачнікам-аматарам убачыць вядомае ў новым ракурсе.

«Мы будзем расказваць тэлегледачам, як правільна садзіць гіганцкую цыбулю сорту Эксібішэн, адметную смакам і тонкім водарам. Што цікава, пры разробліванні гэтай агародніны слёзы праліваць не давядзецца, бо яна не мае горычы», — дзеліцца падрабязнасцямі першага выпуску новага сезона вядучая праекта «Дача» Алена Іванова.

Акрамя гэтага, у першым выпуску тэлеаўдыторыя даведаецца, як правільна прымяняць кірунак urbаn junglе ў інтэр'еры і стварыць утульнасць у доме з дапамогай раслін. Знойдзецца месца і варажбе: разам з гасцямі праграмы аўтары «Дачы» паспрабуюць з дапамогай насення і пладоў розных культур вызначыць, наколькі будзе ўраджайны год і што варта садзіць ужо ў найбліжэйшы час.

Па-ранейшаму стваральнікі праграмы будуць падтрымліваць зваротную сувязь з гледачамі. Тут заўсёды гатовыя выслухаць і даць параду дачнікам, якія тэлефануюць у рэдакцыю, бо многія апавядаюць пра свой вопыт і потым становяцца героямі праекта. І цяпер, кажуць стваральнікі «Дачы», кожнаму з тых, да каго ў госці яны завітаюць, будзе дадзена ацэнка. А мы нагадваем, што атрымаць кансультацыю ад праграмы ці падзяліцца сваімі наватарскімі распрацоўкамі можна, звярнуўшыся на тэлефон 8 (0222) 28 47 77 альбо даслаўшы ліст на электронную пошту: dасhа@tvrmоgіlеv.bу. А галоўнае, не забудзьцеся, што ўжо 7 сакавіка на «першай кнопцы» распачнецца новы дачны сезон 2020 года і кожную суботу праграма будзе чакаць вас на спатканне.

На «Беларусь 3» чакаецца прэм'ера новага праекта «Рэдакцыя» з Барысам Герстэнам». Ужо ў аўторак 3 сакавіка выйдзе першы выпуск з 8-серыйнага цыкла пра беларускае тэлебачанне 70—90-х гадоў, дзе гледачы зладзяць памятнае падарожжа ў мінулае і згадаюць знакавыя праграмы і майстроў айчыннага тэлеэфіру. Вядучы і аўтар — Барыс Герстэн, журналіст і сцэнарыст, які сам аддаў рабоце на тэлебачанні амаль палову стагоддзя, асабіста ведаў усіх герояў праграмы «Рэдакцыя»: з кімсьці сябраваў, а з іншымі працаваў разам. Пры ім і з яго непасрэдным удзелам ствараліся і выходзілі ў эфір тыя праекты, якія і сёння засталіся на слыху і ў памяці пакаленняў. Гісторыі вядучага будуць дапоўнены ўспамінамі сучаснікаў — дзеячаў культуры і супрацоўнікаў тэлебачання, а таксама рэдкімі архіўнымі кадрамі з фондаў Белтэлерадыёкампаніі.

Так, першы выпуск выйдзе пад назвай «Вецер падарожжаў Аляксандра Чуланава» і нагадае пра вандроўніка Аляксандра Чуланава, аднайменная праграма якога была адной з самых папулярных доўгажыхарак на беларускім тэлебачанні. Пасля нас чакаюць яшчэ сем выпускаў — «Музычны салон Элеаноры Язерскай», «Крок» — крок за крокам», «Беларускія хронікі Віктара Шавялевіча», «Гаспадар» і яго «Сядзіба» (праграма прысвечана журналісту Уладзіміру Субату), «Родам з дзяцінства» (пра праграму «Вас выклікае Спартландыя!»), «Вялікае кіно малога экрана» (пра аб'яднанне «Тэлефільм»), «Мэтр тэлевізійнага тэатра» (пра рэжысёра Віктара Карпілава і тэлеспектаклі). Кожная з гэтых гісторый раскрые адметную старонку ў летапісе беларускага тэлебачання.

Праграма «Рэдакцыя» з Барысам Герстэнам» будзе выходзіць у эфір з аўторка да чацвярга.

Алена ДРАПКО

Фота дадзена Белтэлерадыёкампаніяй

Загаловак у газеце: Дачны адпачынак і час у добрай кампаніі

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Метры ўжо патаннелі? Рынак нерухомасці ўвайшоў у стан доўгачасовай спячкі

Метры ўжо патаннелі? Рынак нерухомасці ўвайшоў у стан доўгачасовай спячкі

Практычна ўсе ўдзельнікі рынку цяпер у стане нявызначанасці.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Удалае паляванне і «Трэба глядзець дэтэктывы».

Грамадства

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

З якiмi мэтамi ў «жаночую» прафесію прыходзяць маладыя хлопцы?