Вы тут

На ўроках матэматыкі асіповіцкай настаўніцы вучні вандруюць па ўсёй краіне і падлічваюць эканамічны эфект ад сваіх падарожжаў


Хоць матэматыка ніколі не была маім любімым прадметам, па-добраму зайздрошчу вучням асіповіцкай школы № 3. Нават кабінет у іх не такі, як ва ўсіх: замест плакатаў з сухімі матэматычнымі формуламі — шмат рознакаляровай інфаграфікі з беларускімі краявідамі і нават рэцэптамі, спецыяльна адведзены куточак для жартаўлівых напамінаў пра тыповыя памылкі вучняў, на паўсцяны расцягнуўся загадкавы ланцужок з «матэматычна» аформленымі сэрцайкамі, і паўсюль, дзе толькі ёсць вольнае месца, картачкі для адукацыйных квэстаў. Тут яны праводзяцца рэгулярна. Усё, што знаходзіцца ў матэматычным кабінеце, — гэта вынік творчых пошукаў і знаходак Ганны Лісіцкай. Яна ў захапленні ад свайго прадмета і робіць усё, каб на ўроку не было сумна.


Без творчасці ў рабоце не магу

Калі не лічыць двух гадоў у дэкрэтным адпачынку, працоўнага стажу ў Ганны Лісіцкай не болей за тры гады. Але гэта не перашкаджае ёй рэгулярна атрымліваць падзякі і дыпломы за прафесіяналізм і паспяховую падрыхтоўку дзяцей. У першы год сваёй работы яна атрымала перамогу ў раённым конкурсе настаўнікаў «Урок, якім я ганаруся». У дэкрэце брала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе з міжнародным ухілам і атрымала дыплом за першае месца. Летась выйшла на другое месца ў абласным конкурсе «Таленты ХХІ стагоддзя», сёлета заняла другое месца на конкурсах «Патрыёт.bу» і «ТэхнаІнтэлект» з выхадам на рэспубліку. А яшчэ ў настаўніцы і яе вучняў шмат дыпломаў за перамогі ў міжнароднай анлайн-алімпіядзе «Фоксфард».

— Я вельмі люблю тое, што ніхто не робіць, — усміхаецца маладая жанчына. — З задавальненнем удзельнічаю ў конкурсах, бо яны стымулююць вывучаць нешта новае. А мне хочацца пастаянна развівацца. Калі няма творчай работы, я сумую. У мяне шмат матэматычных гульняў, нашмат цікавейшых за тыя, якія можна знайсці ў мабільніку. Мы спаборнічаем паміж сабой, паміж класамі. Дзеці нават пасля ўрокаў застаюцца, каб дарашыць тую ці іншую задачку і перамагчы саперніка.

Задачкі для патрыётаў

У дэкрэтным водпуску Ганна Лісіцкая дарэмна час не губляла. Даведалася, што Акадэмія паслядыпломнай адукацыі праводзіць конкурс «Сучасны ўрок матэматыкі», і вырашыла зрабіць нешта арыгінальнае.

— Згадала, што некалькі гадоў таму ў краіне быў абвешчаны конкурс на вылучэнне сямі цудаў Беларусі. Яны былі выбраныя яшчэ ў 2011-м, але ніякай падрабязнай інфармацыі на гэтую тэму ў інтэрнэце няма. І я выправіла гэты прабел. Даведалася, што сем абвешчаных цудаў — гэта Белавежская пушча, Бабруйская крэпасць, Сафійскі сабор у Полацку, Брэсцкая крэпасць, касцёл у стылі барока ў Будславе, Мірскі замак і возера Нарач. Сабрала поўную інфармацыю па гэтых аб'ектах і вырашыла крыху разбавіць гісторыю матэматыкай. Правяла анкетаванне, каб даведацца, на чым і як падарожнічаюць дзеці, што бяруць з сабой, якой ежы аддаюць перавагу ў падарожжах, якія сувеніры прывозяць, і ўсе гэтыя звесткі ўвяла ў разлікі. Усе цэны, якімі мы карыстаемся, рэальныя: вучні ідуць у краму, на пошту, на аўтавакзал, каб даведацца, што колькі каштуе — так цікавей працаваць. У нас ёсць варыянт для падарожжаў на прыватным аўто, аўтобусе — падстаўляеш лічбы ў формулу і падлічваеш. Па такім жа прынцыпе высвятляеш, колькі будуць каштаваць ежа, сувеніры, якія выдаткі давядзецца несці, каб паслаць па пошце сувенір сябру.

З гэтай работай настаўніца ўвайшла ў трыццатку найлепшых распрацоўшчыкаў урокаў для Беларусі. Болей чым з 400 (!) прэтэндэнтаў.

На аснове дальтан-тэхналогій

Гэта спалучэнне кабінетнага навучання з адукацыйным працэсам, заснаваным на трох прынцыпах: свабода, самастойнасць, супрацоўніцтва. З дапамогай дальтан-заданняў вучні Ганны Лісіцкай знаёмяцца з гісторыяй роднага краю, запаўняюць таблічкі і ўводзяць адказы ў карткі.

— Мы выкарыстоўваем сэрвіс інтэрактыўных рабочых сшыткаў, дзеці іх запаўняюць і адразу ж правяраюць з дапамогай QR-кодаў. Тыя, хто справіўся з заданнем, у якасці бонуса атрымліваюць магчымасць здзейсніць віртуальнае падарожжа. Я адшукала іх у інтэрнэце і прымацавала да нашых заданняў. З іх дапамогай можна зазірнуць у любы куточак славутасці. Дзеці пасля такога прагляду прыходзяць на ўрок з адчуваннем, што рэальна наведалі той ці іншы аб'ект, — кажа настаўніца.

З дапамогай гугл-картаў яна аб'яднала ўсе тыя славутасці ў агульны плакат. Кожны з цудаў азначаны на ім кропкай, побач спасылкі на карысную інфармацыю.

Сама яна магістр фізіка-матэматычных навук. Прызнаецца, што заўсёды шукае нешта цікавае і новае. Пастаянна распрацоўвае спецыяльныя гульні і задачкі. Па сямі цудах, напрыклад, — у інтэрнэце ёсць яе гульня на 2 каманды, якую можна запусціць нават з тэлефона. Усе свае наватарскія распрацоўкі Ганна Лісіцкая размяшчае на ўласным сайце, які таксама стварыла сама. Бо акрамя таго, што выкладае матэматыку, яна яшчэ і настаўніца інфарматыкі ў старэйшых класах. На сайце вучні могуць знайсці адказы на заданні, паўтарыць з дапамогай дыдактычных гульняў матэрыял. А тры гады таму яна стварыла нават электронны падручнік па тэме мностваў, збірала інфармацыю з розных крыніц. Гэту тэму толькі ўвялі ў школьную праграму, і ў падручніках амаль нічога па ёй не было. «А я ж магістр па тэме мностваў — гэта якраз было прадметам даследавання ў маёй дысертацыі», — усміхаецца яна. Цяпер падручнікі новыя, але распрацоўку можна выкарыстоўваць як дадатак.

— Наогул у мяне шмат распрацовак па ўсіх тэмах, — кажа Ганна. — Праходзім дробы, я складаю задачкі на дробы, працэнты — вылічваем працэнты. Вучань атрымлівае заданне, інструкцыю і выконвае сваю работу. Падобных распрацовак я больш нідзе не бачыла, таму на ўроках выкарыстоўваю выключна свае. Усе яны зроблены на аснове матэрыялаў, рэкамендаваных для самастойнай работы, і разлічаны на дзяцей рознага ўзроўню падрыхтоўкі.

Абавязкова напішыце пра нашу настаўніцу, раяць сямікласнікі, яна ў нас вельмі класная. Не стрымліваюся, каб не спытацца, а за што ж яе тут так любяць. «Яна прыдумвае для нас цікавыя заданні. А на святы за правільны адказ можна атрымаць нават цукерку», — усміхаецца Раман Старкоў. «А мне матэматыка падабаецца за інтэрактыўныя заданні і гульні. Вельмі люблю матэматыку», — дадае Насця Бандаравец. «Ганна Аляксандраўна вучыць нас думаць і разважаць, дае цікавыя заданні на сучасныя тэмы і праводзіць квэсты», — адзначае Ульяна Грапава.

Справы сямейныя

У школе працуе таксама муж Ганны Лісіцкай Марк Аляксандравіч і маці Алена Леанідаўна Янюк. Сужэнец таксама выкладае матэматыку і інфарматыку, а вось маці — настаўніца англійскай мовы. Нядзіўна, што дачка зрабіла для профільнага класа заданні на англійскай мове. Кабінеты дачкі і маці амаль побач, і гэта вельмі добры шанц даведацца, адкуль бяруцца таленавітыя вучні.

Алена Леанідаўна прызнаецца, што спачатку яна вучыла дачку працаваць, але цяпер вучыцца ў яе. Разам яны зрабілі мабільную праграму па англійскай мове з інтэрактыўнымі заданнямі на адпрацоўку лексікі.

— У падручніках не хапае інфармацыі, і яе трэба пастаянна шукаць у інтэрнэце, — кажа настаўніца. — Вось знайшлі інфармацыю пра «Беларусьфільм», дзецям было вельмі цікава. Для нас важна, каб у дзяцей было жаданне вучыцца, а не сядзець у мабільніку. Вунь бачыце, колькі ў нас картак на розныя тэмы. Усё аўтарскае. Мы з дачкой нават карцінкі вышываем па тэме. І шмат працуем у рэжыме анлайн. Дачка дапамагла распрацаваць сайт і мне. У кожнага з дзяцей там ёсць асабісты кабінет, дзе можна прасачыць свае вынікі або проста напісаць эсэмэску. У нас жа школа з інавацыйным падыходам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Сем цудаў Беларусі ад Ганны Лісіцкай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».