Вы тут

Як мясцовыя Саветы падтрымліваюць чысціню і прыгажосць тэрыторый


Нам, беларусам, бясконца дарагое, хвалюючае, усё, што ёсць на роднай зямлі. Бо тут — наша душа, а дзе душа, там і сапраўдная радзіма чалавека. А любоў да Бацькаўшчыны, да роднай прыроды, парадак на зямлі, клопаты пра чысціню і прыгажосць нашых паселішчаў — не проста паняцці, а пастаянная карпатлівая работа, добра арганізаваная, дзе руплівасць і культура людзей арганічна пераплятаюцца.

Пра тое, як падтрымліваецца парадак, наколькі ініцыятыўная мясцовая ўлада, што прыносяць агульныя пошукі і намаганні давялося пагаварыць са старшынёй Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, членам Савета Рэспублікі Юрыем НАРКЕВІЧАМ.


Калі ўзяцца талакой

— Каштоўны вопыт, важкія набыткі ў гэтай рабоце маюць многія сельскія Саветы вобласці, — пачаў свой аповед Юрый Іосіфавіч. — Напрыклад, Клейнікаўскі сельсавет Брэсцкага раёна прымае канкрэтныя меры для камфортнага пражывання насельніцтва на сваёй тэрыторыі. У тым ліку і праз развіццё інжынернай інфраструктуры ў населеных пунктах. Сельсавет змог прыцягнуць да рашэння гэтай праблемы саміх грамадзян. Створаны і дзейнічае спажывецкі кааператыў «Інжынерныя праекты—2017» аграгарадка Клейнікі, які распрацаваў праектна-каштарысную дакументацыю для падводу цэнтральнай каналізацыі да сямі вуліц. Работы праведзены ў другім паўгоддзі 2019 года з долевым фінансаваннем: з боку раённага бюджэту 70 % і жыхароў — 30 %.

Варта адзначыць яшчэ адзін надзвычай важны момант. Пры вырашэнні пытанняў павышэння ўзроўню жыццезабеспячэння сельскі Савет заўсёды мае дапамогу і падтрымку органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Актыўна працуе дэпутацкі корпус з 11 чалавек
і 6 старастаў.

Менавіта праз іх выканкам трымае пастаянную сувязь і інфармуе людзей па ўсіх актуальных пытаннях. Такое цеснае ўзаемадзеянне дазваляе аператыўна вырашаць многія праблемы, якія ўзнікаюць на тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі.

На тэрыторыі сельсавета створаны чатыры дамавыя камітэты і адзін жыллёва-будаўнічы кааператыў. Іх галоўны абавязак — навядзенне парадку вакол шматкватэрных дамоў. Штогод жыхары разбіваюць клумбы, высаджваюць кветкі і кусты, ствараюць малыя архітэктурныя формы. Усё робіцца з густам, прыгожа.

Па ініцыятыве сельвыканкама штогод праводзіцца конкурс на лепшую прыдамавую тэрыторыю. Лепшыя гаспадары ўзнагароджваюцца каштоўнымі падарункамі ў Дзень вёскі. Тут вельмі ініцыятыўны, энергічны кіраўнік сельвыканкама Алена Мельнік. Яна смела бярэцца за любыя праблемы, якія турбуюць жыхароў, і вырашае іх. Прыкладаў можна прыводзіць шмат. У квартале новай забудовы аграгарадка жывуць у асноўным маладыя сем'і, сярод іх ёсць шматдзетныя. Тут не было дзіцячай пляцоўкі, і да бліжэйшай мамы з каляскамі дабіраліся пешшу кіламетр, а то і больш. Алена Мельнік найперш вынесла гэтае пытанне на сельскі сход. Стварылі ініцыятыўную групу, сабралі грошы, за якія набылі неабходныя будаўнічыя матэрыялы. Сельвыканкам купіў абсталяванне. А на расчыстку пляцоўкі, добраўпарадкаванне тэрыторыі выйшла большасць жыхароў квартала. І цяпер гэтай пляцоўкай карыстаюцца ўсе.

Раней па вуліцы Пагранічнай у Клейніках вясной і восенню было цяжка і прайсці, і праехаць. Таксама на сходзе жыхары вырашылі: трэба ўжо самім дзейнічаць, а не толькі пісаць скаргі. Сабралі грошы, купілі матэрыял для падсыпкі. Потым за работу ўзяліся дарожнікі — правялі падсыпку і грэйдзіраванне вуліцы, па якой цяпер прыемна хадзіць у любое надвор'е. І што цікава: цяпер жыхары Пагранічнай вуліцы ставяцца да яе надзвычай беражліва, самі пільна сочаць, каб тут не хадзілі велікагрузы. Калі ж хто-небудзь парушае правілы — адразу інфармуюць кампетэнтныя службы.

У адной звязцы

У Ленінскім сельсавеце Жабінкаўскага раёна многа зрабілі для азелянення тэрыторыі. Восенню 2018 года пасаджана шмат дрэў уздоўж трасы М-1, а таксама каля помніка загінулым землякам, у скверы... Дубы, бярозы, яліны прыйшліся тут вельмі дарэчы. Сельсавет усяляк стараецца прыцягваць інвестыцыі, мае падтрымку Брэсцкага абласнога цэнтра садзейнічання малому бізнесу, удзельнічае ў розных міжнародных праектах. Нездарма ў канцы 2018 года абласны Савет дэпутатаў правёў на базе Ленінскага сельвыканкама вучэбны семінар са старшынямі сельсаветаў.

Мэтанакіраваная работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, захаванні прыродных комплексаў, павышэнні турыстычнай накіраванасці тэрыторый — важны накірунак дзейнасці Крывашынскага сельсавета Ляхавіцкага раёна, яго дэпутатаў, старастаў вёсак. Можна адзначыць, што тут умеюць выхоўваць любоў да роднага краю ў маладога пакалення. У 2018 годзе Крывошынская сярэдняя школа заняла першае месца ў раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі, мае адзнаку ў абласным этапе рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу «Квітней, мой лес!».

У склад Мокраўскага сельсавета Пружанскага раёна ўваходзіць 24 населеныя пункты. Падтрымліваць парадак у іх без дапамогі сельгаспрадпрыемства было б вельмі складана. Старшыня сельвыканкама Вольга Грышкевіч адзначае, што мясцовая ўлада і ААТ «Жураўлінае» працуюць у адной звязцы. Як вынік, у 2018 годзе вёска Мокрае стала пераможцам у абласным аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, а ў 2019 годзе ў такім жа аглядзе-конкурсе ўвесь Мокраўскі сельсавет заняў першае месца па раёне і трэцяе — па вобласці. Атрыманыя грошы, вядома, патрацілі на добраўпарадкаванне.

Вясковыя старасты і актывісты

Пагаварылі мы і пра вясковых старастаў, якія, паводле вызначэння старшыні аблсавета, надзейная апора мясцовай улады. На сесіях раённых Саветаў прыняты палажэнні аб старастах і аб аглядах-конкурсах іх работы. Многімі старастамі сёння ганарацца ў раёнах.

Напрыклад, Антаніна Казачэнка, стараста вёскі Кустын Лышчыцкага сельсавета Брэсцкага раёна выбіраецца на гэтую пасаду бесперапынна ўжо сем з паловай гадоў. Стараста клапоціцца пра людзей, якія маюць сацыяльныя праблемы, пастаянна наведвае адзінокіх інвалідаў і тых, хто адзінока пражывае, як можа, ім дапамагае, даводзіць іх праблемы і патрэбы да мясцовай улады. Многія вяскоўцы сардэчна ўдзячныя Антаніне Іосіфаўне за ўвагу, дабрыню і клопат.

Шмат працуе Антаніна Казачэнка з вяскоўцамі і па навядзенні парадку на асабістых падворках. Ну а яе падворак — узорны ў вёсцы, тут сапраўдны рай з кветак і зеляніны.

Дзявяты год пайшоў, як старастам аграгарадка Лінава Лінаўскага сельсавета Пружанскага раёна быў абраны Дзмітрый Каляда. Ён ужо пенсіянер, але не можа сядзець без работы, і шмат робіць для роднай вёскі і яе грамады.

Варта адзначыць, што з 2009 года Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў сярод сельскіх, пасялковых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання праводзіць конкурс па вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва. І пры падвядзенні яго вынікаў да ўвагі бярэцца найперш парадак на падведамасных тэрыторыях. Гэты конкурс — яшчэ адна наша спроба засяродзіць увагу на парадку і прыгажосці тэрыторый. Не раз адзначаўся ў конкурсах камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Надзея» з Баранавіч. Цяпер камітэт аб'ядноўвае ўжо каля пяці тысяч чалавек. Дзякуючы «Надзеі» змяніўся, папрыгажэў вонкавы выгляд пад'ездаў, дамоў, дваровых тэрыторый ды і ўсяго мікрараёна. Падобныя аб'яднанні працуюць у Пінску, Кобрыне, Брэсце.

Міхаіл ШЫМАНСКІ, заслужаны работнік культуры БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Загаловак у газеце: Каб быў парадак на зямлі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.