Вы тут

Ці патрэбны рэгіянальныя драйверы росту?


З вялікай цікавасцю пазнаёміўся з матэрыяламі, якія былі надрукаваныя ў «МС» (7 лютага 2020 года) па выніках круглага стала на тэму «11 цэнтраў прыцягнення — рэгіянальныя драйверы росту».


Сам факт абмеркавання рэгіянальнай праблематыкі выклікае адабрэнне. Перакананы, што адна з цэнтральных і слаба даследаваных праблем арганізацыі жыцця краіны (ды і свету ўвогуле) — гэта яе прасторавая арганізацыя. Звязана гэта з тым, што яе рашэнне павінна абапірацца на разуменне не толькі натуральных тэндэнцый развіцця грамадства, але і самых розных унутраных і знешніх фактараў: геапалітычных, эканамічных, сацыяльных, экалагічных і іншых.

Удзельнікамі круглага стала было выказана шмат цікавых думак. Напрыклад, з тым, што цэнтры прыцягнення фарміруюцца натуральным чынам і, як правіла, вакол буйных гарадоў, нельга не пагадзіцца. З'яўляецца аксіёмай той факт, што буйныя гарады, а пазней мегаполісы ўзнікалі самі па сабе. Сёння мы канстатуем, што адбываецца не проста рост насельніцтва ў гарадах, а яго канцэнтрацыя ў асобных буйных гарадскіх агламерацыях. Гэта датычыцца як свету ўвогуле, так і Беларусі. І такі рост будзе няўмольна працягвацца — ён непазбежны і звязаны з прынцыповымі тэхнічнымі зрухамі і структурнай перабудовай эканомікі. Пераход да новых высокатэхналагічных вытворчасцяў выклікае не проста рух насельніцтва, а міграцыю іх у буйныя гарады. Таму любыя адміністрацыйныя рашэнні, якія не ўлічваюць працэсы натуральнай самаарганізацыі, не толькі малаэфектыўныя, але і небяспечныя. Час усвядоміць, што асноўная частка насельніцтва Беларусі, як цяпер, так і ў будучыні, будзе жыць у буйных гарадах. Чаму? Таму што працэс канцэнтрацыі насельніцтва — гэта закон развіцця цывілізацыі. Людзі збіраюцца разам не таму, што ім гэта падабаецца, а таму, што гэта эканамічна мэтазгодна. Я не сцвярджаю, што гэта добра, але гэта рэальнасць і яе трэба прыняць. Таму не драйверы трэба вызначаць, а займацца паляпшэннем умоў жыцця ў сельскай мясцовасці краіны, малых гарадскіх пасяленняў, каб не засталіся пакуль яшчэ жывыя вёскі і пасёлкі без увогуле людзей. Вось і ўдзельнік круглага стала Міхаіл Русы сцвярджае, што «самае важнае — стварыць умовы, каб чалавек меў магчымасць зарабляць». Пільнай увагі патрабуюць таксама буйныя гарады краіны і найперш Мінская агламерацыя. Аднак тут асноўныя акцэнты павінны быць скіраваны на ўнутраны свет чалавека. Справа ў тым, што жыццё ва ўмовах звышвысокай канцэнтрацыі насельніцтва ў адрыве ад прыроды кардынальна змяняе яго сістэму каштоўнасцяў, духоўны свет, псіхіку, не кажучы ўжо пра фізічнае здароўе. Такой агрэсіі, якую нярэдка можна сустрэць сёння сярод жыхароў (не толькі Беларусі), раней не было. Зразумела, што без увагі не могуць заставацца і экалагічныя пытанні, асабліва праблема смецця. Паміж гэтымі часткамі я бачу цесную сувязь. Вобразна кажучы, «таксічнасць гарадскога асяроддзя робіць таксічнымі адносіны паміж людзьмі і саміх людзей».

Яшчэ адно слушнае меркаванне ўдзельнікаў круглага стала — роля міграцыйнага руху насельніцтва ў кантэксце фарміравання рэгіянальных драйвераў. Глыбока перакананы ў тым, што ў такой кампактнай краіне, як Беларусь, з яе адносна высокай шчыльнасцю дарожнай сеткі і адносна раўнамерным размеркаваннем буйных прамысловых цэнтраў, адным з галоўных кірункаў паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыі краіны павінна стаць міграцыя насельніцтва і перамяшчэнне прадпрымальніцтва з мэтай скарачэння адлегласці да рынкаў. Менавіта на гэтую акалічнасць звярталі ўвагу аўтары даклада аб сусветным развіцці за 2009 год: «Рост гарадоў, міграцыя насельніцтва і гандаль сталі каталізатарам прагрэсу ў развітых краінах за апошнія два стагоддзі». На жаль, не ўсе ўдзельнікі круглага стала глядзяць на міграцыю «маімі вачыма» і вачыма аўтараў даклада. Аднак Аляксандр Чубрык адзначае, што «людзі гатовы кудысьці ездзіць, і для іх трэба стварыць нармальную лагістыку і транспартнае забеспячэнне». Таму заканамерным, на маю думку, было б лепш укласціся ў лагістыку, чым праектаваць рэгіянальныя драйверы. Такі падыход (маецца на ўвазе маятнікавая міграцыя) больш поўна будзе адпавядаць як інтарэсам саміх людзей (не трэба зрывацца з «наседжаных» месцаў, захаваецца больш цесная сувязь з прыродай і інш.), так і дзяржаўным інтарэсам (захоўваецца большая раўнамернасць пры размяшчэнні прадукцыйных сіл, змяншаецца вастрыня антрапагеннай нагрузкі на прыродны комплекс і гэтак далей).

Ёсць меркаванні ўдзельнікаў круглага стала, з якімі пагадзіцца нельга, і датычацца яны неабходнасці навучаць людзей на месцах. Аднак вядома, што самыя лепшыя ўніверсітэты свету размешчаны не паўсюдна, яны канцэнтруюцца, як правіла, у буйных гарадах. Высокай якасці адукацыю не дасць універсітэт, які мы створым у Салігорску, ды ён там і не патрэбны. Гэты горад «завязаны» практычна на адзін від эканамічнай дзейнасці — вытворчасць мінеральных угнаенняў. І потым, ужо сёння ў краіне працуюць, акрамя абласных і сталічнага, такія рэгіянальныя ўніверсітэцкія цэнтры, як Баранавічы, Пінск, Наваполацк, Мазыр, Горкі. Пры гэтым нельга забывацца аб тым, што навучанне ў сталіцы, буйных гарадах Беларусі, акрамя атрымання адукацыі, пашырае кругагляд чалавека, робіць яго камунікатыўна актыўным.

На жаль, удзельнікамі круглага стала зусім не закранута праблема неабходнасці змяненняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу (АТП) Беларусі, якая, на маю думку, мае самае непасрэднае дачыненне да разглядаемай тэмы. Ёсць толькі слушныя іх меркаванні аб асобных адмоўных аспектах мясцовага самакіравання. Напрыклад, Аляксандр Чубрык адзначае: «Як мы можам зразумець дух горада, тэрыторыі, калі людзі не маюць уплыву на прыняцце рашэнняў?», а Міхаіл Русы канстатуе наяўнасць «нестыковак мясцовых органаў улады і прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці». Вядома, хібаў у існуючым сёння законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» значна больш, чым тых, пра якія нагадалі ўдзельнікі круглага стала. Невыпадкова ідзе размова аб яго ўдасканаленні і ўнясенні змяненняў нават у Канстытуцыю Беларусі. На маю думку, гэтым змяненням павінна папярэднічаць аптымізацыя АТП. У якім накірунку яе праводзіць, існуюць розныя меркаванні. Гады два таму я сам выказваўся на гэты конт на старонках «Звязды» і прапанаваў нават схему новага АТП. Важна ўсвядоміць, што пісьменна праведзеная аптымізацыя зробіць непатрэбнай саму пастаноўку пытання аб выдзяленні нейкіх драйвераў. Ужо даўно стала відавочным, што абмежаванасць дэмаграфічнага, сацыяльна-эканамічнага і прыродна-экалагічнага патэнцыялу ў большасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак нізавога ўзроўню, не дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць задачы ўстойлівага іх развіцця. Невыпадкова ўзнікае жаданне нейкім чынам падцягнуць, паправіць, палепшыць сітуацыю ў прасторавым развіцці краіны. Зразумела, што толькі адно змяненне АТП не можа вырашыць усіх праблем рэгіянальнай дыферэнцыяцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, аднак, не бачыць і таго, што гэтыя працэсы звязаны паміж сабой, таксама нельга.

Думаю, што мае разважанні знойдуць водгук ва ўсіх тых, хто цікавіцца рэгіянальнай праблематыкай.

З павагай і ўдзячнасцю, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Вячаслаў Сасноўскі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».