Вы тут

Вясна — будзе. Што можа выратаваць на краі бездані


Ужо каторы дзень не ідзе з галавы гісторыя з 36-гадовай мінчанкай, якая на пачатку тыдня выскачыла з акна сваёй кватэры на восьмым паверсе. Ну, вы, напэўна, чыталі або чулі: і пра тое, як няўдалая самагубца спачатку выкідвала праз акно рэчы, і пра тое, як пашанцавала пасля самой — звалілася проста на «куб жыцця», які паспелі разгарнуць пад акном ратавальнікі, атрымала толькі лёгкае страсенне мазгоў. Суседзі пра яе кажуць, што «спакойная, адэкватная, не п'е», жыве адна ў аднапакаёўцы, якую набыла за свае грошы ў новабудоўлі. Дапытлівыя калегі ўжо знайшлі ў сацыяльных сетках і фота жанчыны, і маці яе ў невялікі правінцыйны гарадок дазваніліся (хоць як па мне, дык гэта трэба ў сабакі вачэй пазычыць, каб падобныя званкі па гарачых слядах рабіць). Прычын адчайнага ўчынку так і не даведаліся. А сама гераіня гэтай гісторыі наўрад ці ў тым прызнаецца. Хутчэй за ўсё, дайшла да нейкага краю, на якім не змагла ўтрымацца. Гісторыя вельмі тыповая для вялікага горада, дзе так проста апынуцца ў абсалютнай адзіноце сярод людзей.


org5.livejournal.com

Сапраўды, усё тыпова, як у сцэнарыі кароткага — на чатыры серыі — знятага на нашых пляцоўках таннага кіно, што круцяць на каналах кожныя выхадныя. Сярод сюжэтных ліній там ёсць і гэта, вельмі жыццёвая. Яна — правінцыялка, якая, скончыўшы школу ў невялікім гарадку, дзе нічога не свяціла, выправілася скараць сталіцу. Яна не без здольнасцяў, паступае ва ўніверсітэт. Жыве ў інтэрнаце, падпрацоўвае кур'ерам ці афіцыянткай: маці са сваёй невялікай зарплатай дапамагчы не можа. Вяртацца дадому пасля вучобы вельмі не хочацца, таму мэтай становіцца застацца ў межах МКАД. Яна чапляецца за любую магчымасць, каб знайсці месца, дзе яе дыплом будзе патрэбны. І дзякуючы стараннасці, здольнасцям, упартасці ў дасягненні мэты ў яе гэта атрымліваецца. Яна трапляе ў офіс буйной кампаніі на самую нізкую прыступку службовай лесвіцы. Па якой, зразумела, трэба рухацца далей, бо не жыць жа ўсё жыццё ў здымным пакоі з прыдуркаватай гаспадыняй ці заклапочаным гаспадаром. І яна пракладвае свой шлях далей. Застаецца пасля работы, каб якасна выканаць усё даручанае, заўсёды гатова падмяніць таго, хто на бальнічным або ў адпачынку. Сама выбіваецца з апошніх сіл, але яно таго варта: начальства яе заўважае і робіць кіраўніком аддзела спачатку на замену дэкрэтнага, пасля на пастаяннай аснове. Павялічваецца і зарплата — можна зняць асобную кватэру ў хрушчоўцы на ўскраіне і пачынаць адкладваць на першы ўзнос на ўласнае жыллё.

За ўсімі гэтымі жыццёва важнымі клопатамі на ўсё іншае вельмі мала часу. Мужчыны? Раз-пораз здараюцца выпадковыя інтрыжкі пасля карпаратыву або на адпачынку дзе-небудзь у Турцыі (ну, канешне, Турцыю раз на два гады яна сабе можа дазволіць, шэсць дзён, сем начэй — сама тое). На больш сталыя стасункі з кожным годам усё менш застаецца часу, дый жадання не прыбаўляецца. Толькі часам, нібы з мінулага жыцця, прыгадаецца сусед з іхняга гарадка, які ў апошні школьны май кідаў ёй на падваконне ахапкі чаромхі, ды аднагрупнік, з якім жыла ў адным інтэрнаце і на першых курсах хадзіла ў кіно. Сяброўкі? Хто замужам з вывадкам дзяцей, хто гэткая самая занятая. І сустрэцца ну ніяк не атрымліваецца, хіба раз на год за келіхам віна ў якой кавярні, але размовы ўсё пустыя, бо кожная глядзіць на гадзіннік, бо гаварыць, па сутнасці, — пра што з імі гаварыць? Дзеці? Якія дзеці — жыць няма дзе, а калі крэдыт на кватэру — як і з чаго яго тады выплачваць?..

Нарэшце, мэта дасягнута: яна — намеснік намесніка па нейкіх там пытаннях, спраўляе наваселле ў аднапакаёўцы «каменных джунгляў» на ўскраіне. І — прыходзіць вусцішная цішыня і адчуванне пустэчы. А далей — «тридцать шестой день рождения — так бесприютно, // когда никто не приходит и все позади»... І змрочная бясснежная зіма з чорнымі непрагляднымі вечарамі, якая, здаецца, ніколі не скончыцца...

Вось тут — паводле тыповага сцэнарыя — павінна быць кульмінацыя, а за ёй — хэпі-энд. Напрыклад, з'явіцца хтосьці дужы і надзейны, які кахаў яе ўсё жыццё, — той жа сусед з чаромхай, які стаў удалым бізнесменам, ці аднакурснік, які вярнуўся з-за мяжы, ці зусім дагэтуль незнаёмы, але ўдалы, прыгожы, надзейны. Ці, як варыянт, — асірацелае дзіця далёкіх сваякоў, якое шкада аддаць у дзетдом, а дагледзець можа толькі яна. Ці новае месца работы — яе раптам пераводзяць у галоўны офіс, не толькі ў іншы горад, але і ў іншую краіну — і новае жыццё (у цітрах напішуць: «Працяг будзе»)...

Але ў жыцці не так, як у кіно. І ні кульмінацыі, ні хэпі-энду, ні працягу можа не быць. І як тады ўтрымацца на краі пустэчы, калі ўтрымацца няма за што?..

...Мая добрая сяброўка, якая жыве амаль што па вышэйапісаным сцэнарыі (а бачымся мы з ёй, як вы здагадаліся, не часцей чым раз на год), нядаўна расказала мне — як. «Ведаеш, прачнулася задоўга да будзільніка, у пустой кватэры вусцішна, у суседніх дамах вокны адно за адным запальваюцца, людзі за імі жывуць, адно аднаму патрэбныя... І так дрэнна стала — уголас выць была гатова. А тут раптам — сонца ў вочы. Сапраўднае ранішняе сонца, але ж у мяне вокны на захад глядзяць! Спачатку нават спалохалася, пасля даўмелася: гэта ж яно ўзыходзіць, у шыбах высоткі, што насупраць, адлюстроўваецца і некалькі хвілін проста мне ў вокны свеціць... Нібы душу падсвяціла — такое раптам імгненнае пачуццё шчасця нахлынула. І веданне, што вясна хутка, што людзі вакол цудоўныя, што ўсё добра будзе...»

Зрэшты, усім людзям — і шчаслівым, і не вельмі — гэта веданне патрэбна. Пэўна, яно адно і выратуе на краі, апынуцца на якім можа кожны.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.