Вы тут

Рэсурс каштоўны, аднаўляльны


Наведваючы новы завод у Светлагорску, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра важнасць глыбокай перапрацоўкі сыравіны, атрымання з беларускай драўніны высокаліквіднай гатовай прадукцыі


Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў сімвалічны пуск вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на Светлагорскім ЦКК

Па сутнасці, гаворка ў Светлагорску ішла не толькі пра эканоміку — пра эканамічную бяспеку дзяржавы. Вядома ж, заўсёды ёсць вялікі сэнс у тым, каб, гаспадарачы, падвязваць мясцовую вытворчасць на мясцовыя віды рэсурсаў. Лагічна, скажам, маючы высокую земляробчую культуру, што складвалася вякамі, а таксама моцныя машынабудаўнічыя прадпрыемствы (набытак індустрыяльнай эпохі) мэтанакіравана павялічваць тут аб’ёмы сельскагаспадарчай вытворчасці. А наша нафтаперапрацоўка з часоў СССР завязаная была не на мясцовыя рэсурсы. І цяпер, не маючы дастатковых аб’ёмаў уласнай нафты, беларускія НПЗ апошнім часам вымушаны працаваць напаўсілы.

А вось беларускія лясы кожны год рытмічна драўніну пастаўляюць, што называецца, без высокіх узгадненняў, санкцый, мытных пошлін ды прэмій. Драўніна сасны, бярозы, елкі, альхі ды іншых парод мясцовых дрэў — каштоўны прыродны рэсурс, экалагічна чысты, да таго ж аднаўляльны. Што лясоў у Беларусі шмат — ведаюць нават замежнікі. Мы ў цэнтры Еўропы, а таму расходы на транспарціроўку лясной прадукцыі на заходнееўрапейскія рынкі мінімальныя. Аднак цяпер усім відавочна: не выгадна беларусам гандляваць лесам-кругляком. Патрэбны сучасныя вытворчасці, каб, перапрацоўваючы драўніну, атрымліваць высокаякасную прадукцыю, запатрабаваную ў свеце. Таму й вядзецца ў Беларусі мадэрнізацыя ўсёй лесаперапрацоўчай галіны. І на Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат у краіне ёсць вялікія надзеі.

Наведваючы нядаўна завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы, створаны на ЦКК, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падзякаваў яго працаўнікам за тое, што “паднялі” новую вытворчасць. Нагадаем, адкрытае акцыянернае таварыства “Светлагорскі ЦКК” — гэта, як пішацца на яго сайце ў інтэрнэце, прадпрыемства поўнага цыкла перапрацоўкі драўніны ў кардон гафраваны, скрыні з яго. На камбінаце ёсць розныя вытворчасці: цэлюлозы, паперы й кардона, гафратары. Там высокі ўзровень аўтаматызацыі, механізацыі тэхналагічных працэсаў, высокая экалагічнасць — практычна безадходная вытворчасць.

Аляксандр Лукашэнка ў часе наведвання Светлагорскага ЦКК

З канцы 2017 года ў тэставым рэжыме пачата была вытворчасць беленай сульфатнай цэлюлозы на новым заводзе, магутнасць якога — 400 тысяч тон у год. Цяпер камбінат пастаўляе прадукцыю для многіх прадпрыемстваў Беларусі, краін СНД, Прыбалтыкі, Заходняй Еўропы.

Знаёмячыся з новай вытворчасцю, Прэзідэнт адзначыў, што ў Светлагорску патрэбна больш глыбокая перапрацоўка сыравіны. Варта не толькі рабіць цэлюлозу, але й прадукцыю на яе аснове: адпаведныя ўпаковачныя матэрыялы, мяшкі. Пры тым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што цяпер у Беларусі — максімальная ўвага да як мага меншага выкарыстання поліэтылену, які шкодзіць экалогіі: “Ад гэтага сыходзіць трэба. І ўсё загортваць — булачкі, піражкі ды іншае — у паперу. У нас жа гэтага дабра хапае. І з гэтай цэлюлозы, значыць, трэба стварыць такую ўпакоўку ды іншыя матэрыялы”.

На сустрэчы з працоўным калектывам Прэзідэнт паведаміў аб прынятым рашэнні: не пазней бягучага года пабудаваць побач з заводам па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы яшчэ адзін цэх, купіць неабходнае абсталяванне. “Яно не таннае: напэўна, 80 мільёнаў еўра будзе каштаваць. Але мы пойдзем на гэтыя траты. Паставім машыну і будзем перапрацоўваць тут цэлюлозу. І такім чынам з 400 тысяч тон, якія вы тут вырабіце, 300-350 тысяч тон мы перапрацуем на месцы, паставім сваім прадпрыемствам. І на экспарт застанецца 50 тысяч тон, — расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Важным напрамкам развіцця камбіната назваў Аляксандр Лукашэнка й вытворчасць віскознай цэлюлозы, якую на гэтым прадпрыемстве можна выпускаць. Патрэбна пры тым асіна, вольха — такой драўніны ў беларускіх лясах шмат. “І таму нам трэба паскорыцца. Мы яе тут перапрацуем”, — заявіў Прэзідэнт. А віскозная цэлюлоза будзе запатрабаваная нават і на суседнім прадпрыемстве ў Светлагорску — сыравіна ж пакуль закупляецца па імпарце. “За ўсё, што вы тут вырабляеце сёння, заробіце добрыя грошы. Гэта нармальна: вам жа трэба вяртаць крэдыт, які ўзялі, разлічвацца з бюджэтам”, — заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Пры тым ён асабліва падкрэсліў важнасць глыбокай перапрацоўкі сыравіны, атрымання з беларускай драўніны высокаліквіднай гатовай прадукцыі. “Гэта будзе ўжо зусім іншы ўзровень нашай краіны”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.