Вы тут

Цёплая зіма = танныя жыроўкі?


Нягледзячы на тое, што на пачатку года тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі традыцыйна «пайшлі ўверх», у Цэнтры інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама адзначаюць, што гэта не перашкодзіла беларусам сэканоміць сродкі на ацяпленні з-за плюсавай тэмпературы.


— Як правіла, студзень — самы халодны месяц, і летась сярэдняя тэмпература складала мінус 5,1 градуса. У 2020 годзе яна паднялася ўжо да плюс 1,2. Менавіта таму разніца ў спажыванні цяпла такая істотная, — тлумачыць намеснік начальніка абаненцкага аддзела філіяла «Адзіны разлікова-даведачны цэнтр г. Мінска» Таццяна Мікуліч. — Такой розніцы паміж жыроўкамі за снежань мінулага і гэтага года вы не ўбачыце, бо сярэдняя тэмпература паветра ў гэтыя месяцы амаль ніяк не адрознівалася.

Напрыклад, на ацяпленне тыпавой двухпакаёвай кватэры, дзе ёсць зарэгістраваныя жыхары, у студзені мінулага года было затрачана 1,0592 гігакалорыі, а ў студзені 2020 года — ужо 0,7747. Гэта значыць, што летась уласнікі кватэры аддалі за цяпло 17,93 рубля, а сёлета — 14,32, нягледзячы на традыцыйнае павышэнне тарыфаў. За такую ж кватэру (пры аналагічным спажыванні цяпла), дзе няма зарэгістраваных жыхароў, у 2019 годзе налічылі 97,71 рубля, а ў 2020-м — 68,94.

Аднак спецыялісты Цэнтра інфармацыйных тэхналогій адзначаюць, што нават за студзень гэтага года менавіта такую эканомію атрымаюць не ўсе ўласнікі. Калі ў доме адсутнічае прыбор групавога ўліку цяпла, то аплату будуць лічыць па сярэдніх нарматывах. У мінулым ацяпляльным перыядзе Мінгарвыканкам устанавіў нарматыў у 0,0186 гігакалорыі за квадратны метр, у цяперашнім — 0,0184.

А вось у канцы ацяпляльнага сезона некаторых уласнікаў традыцыйна чакае пераразлік. Найбольшую выгаду атрымаюць тыя жыхары, у дамах і кватэрах якіх устаноўлены прыборы групавога і індывідуальнага ўліку цяпла і тэрмарэгулятары (пры ўмове, што яны эканомілі цяпло). Пэўную эканомію атрымаюць і ўласнікі, у дамах якіх няма нават прыбораў групавога ўліку. Як адзначылі ў Цэнтры інфармацыйных тэхналогій, звычайна ім вяртаюць грошы за фактычныя нарматывы на ацяпленне аднаго квадратнага метра, а калі ўлічваць цёплую зіму, яны будуць ніжэйшыя за леташнія.

Валерыя КІСЛАЯ


Даведка

Нягледзячы на плюсавую тэмпературу ў студзені гэтага года, трэба адзначыць, што камунальнікі нясуць тыя ж затраты на ацяпленне, што і летась. У Мінсккамунцепласетцы адзначылі, што цёплая зіма дапамагла ім істотна сэканоміць на паліве, але фактычна прадпрыемства панесла такія самыя затраты — кацельні працуюць у тым жа рэжыме. Больш за тое, сабекошт паслугі ў такіх выпадках можа нават вырасці, бо крыніцы не адпускаюць звычайны аб'ём цяпла. Цана ў рублях можа захавацца, але ў пераводзе на гігакалорыі, наадварот, стаць вышэйшай.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.